Адпачынак лепяльчан
Год заканчваецца, яшчэ раней закончыўся сезон масавых адпачынкаў. Час падвесці вынікі. Гутарым з галоўным спецыялістам прадстаўніцтва Віцебскага абласнога ўпраўлення па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні Лепельскага раёна Надзеяй Шыкшнян.
— Надзея Уладзіміраўна, ці быў сёлетні сезон адпачынкаў чымсьці адметным?
— Бадай што не. Практычна на ўзроўні мінулага года сёлета было выдзелена пуцёвак на аздараўленне для грамадзян, якія працуюць, і іх дзяцей за кошт сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання. Адпачылі 177 чалавек, з іх 36 дарослых.
— Назавіце сапраўдны кошт пуцёўкі. І колькі за яе плацілі адпачывальнікі?
— У сярэднім пуцёўка каштавала 3 мільёны 700 тысяч рублёў. Дзецям пуцёўкі выдаваліся бясплатна, аплата для дарослых залежала ад іх даходаў. Сёлета складала прыкладна 30 — 40 працэнтаў ад кошту пуцёўкі. Гэта прыкладна ад 1100 тысяч да 1500 тысяч рублёў.
— Якія санаторыі прынялі адпачывальнікаў?
— Дзіцячы санаторый “Расінка” ў Мёрах, санаторый “Баравічок” для людзей з праблемамі зроку, а таксама санаторый “Беларусь” у літоўскім горадзе Друскінінкай. Дарослыя наведалі беларускія санаторыі “Брэстаграздраўніца”, “Журавушка”, Лепельскі ваенны санаторый, “Парэчча”, “Сасновы бор”, “Машынабудаўнік”, а таксама санаторый “Беларусь”, размешчаны ў Сочы. Акрамя гэтага, у санаторыі г. Месхор (Украіна), г. Друскінінкай (Літва) і г. Туапсе (Краснадарскі край) было выдадзена восем пуцёвак, у нашы беларускія санаторыі “Парэчча”, “Світанак”, “Алеся”, “Расінка”— дзевяць пуцёвак для бацькоў з дзецьмі. Тут пуцёўка для дзяцей бясплатная, а бацькі плацілі пятнаццаць працэнтаў ад кошту пуцёўкі.
— З якіх яшчэ фондаў фінансаваліся пуцёўкі?
— За кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту было выдадзена 49 пуцёвак пенсіянерам Міністэрства працы. Кошт пуцёўкі для іх склаў у сярэднім ад 15 у зімні да 20 працэнтаў у летні перыяд, гэта ад 550 да 900 тысяч рублёў. Пенсіянеры сілавых структур атрымалі адзінаццаць пуцёвак. Аздаравіліся таксама восем дзяцей-інвалідаў у санаторыях па Беларусі і ў Друскінінкаі.
— Дзе, акрамя санаторыяў, адпачывалі сёлета дзеці?
— У летні перыяд у аздараўленчых летніках адпачылі і паправілі здароўе 1916 чалавек, у тым ліку ў дзённых — 620, у кругласутачных — 516 чалавек. Былі створаны таксама лагеры працы і адпачынку, у якіх былі заняты сорак пяць дзяцей.
— Якім чынам можна атрымаць пуцёўку ў санаторый?
— Пуцёўкі прадастаўляюцца па месцы працы згодна з пададзенай заявай і ў адпаведнасці з медыцынскай даведкай аб патрэбе ў санаторна-курортным лячэнні.
Гутарыў Уладзімір МІХНО.