Адпачынак лепяльчан

Год заканчваецца, яшчэ раней закончыўся сезон масавых адпачынкаў. Час падвесці вынікі. Гутарым з галоўным спецыялістам прадстаўніцтва Віцебскага абласнога ўпраўлення па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні Лепельскага раёна Надзеяй Шыкшнян.

— Надзея Уладзіміраўна, ці быў сёлетні сезон адпачынкаў чымсьці адметным?

— Бадай што не. Практычна на ўзроўні мінулага года сёлета было выдзелена пуцёвак на аздараўленне для грамадзян, якія працуюць, і іх дзяцей за кошт сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання. Адпачылі 177 чалавек, з іх 36 дарослых.

— Назавіце сапраўдны кошт пуцёўкі. І колькі за яе плацілі адпачывальнікі?

 — У сярэднім пуцёўка каштавала 3 мільёны 700 тысяч рублёў. Дзецям пуцёўкі выдаваліся бясплатна, аплата для дарослых залежала ад іх даходаў. Сёлета  складала прыкладна 30 — 40 працэнтаў ад кошту пуцёўкі. Гэта прыкладна ад 1100 тысяч да 1500 тысяч рублёў.

— Якія санаторыі прынялі адпачывальнікаў?

 — Дзіцячы санаторый “Расінка” ў Мёрах, санаторый “Баравічок” для людзей з праблемамі зроку, а таксама санаторый “Беларусь” у літоўскім горадзе Друскінінкай. Дарослыя наведалі беларускія санаторыі “Брэстаграздраўніца”, “Журавушка”, Лепельскі ваенны санаторый, “Парэчча”, “Сасновы бор”, “Машынабудаўнік”, а таксама санаторый “Беларусь”, размешчаны ў Сочы. Акрамя гэтага, у санаторыі г. Месхор (Украіна), г. Друскінінкай (Літва) і г. Туапсе (Краснадарскі край) было выдадзена восем пуцёвак, у нашы беларускія санаторыі “Парэчча”, “Світанак”, “Алеся”, “Расінка”— дзевяць пуцёвак для бацькоў з дзецьмі. Тут пуцёўка для дзяцей бясплатная, а бацькі плацілі пятнаццаць працэнтаў ад кошту пуцёўкі.

З якіх яшчэ фондаў фінансаваліся пуцёўкі?

— За кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту было выдадзена 49 пуцёвак пенсіянерам Міністэрства працы. Кошт пуцёўкі для іх склаў у сярэднім ад 15 у зімні да 20 працэнтаў у летні перыяд, гэта ад 550 да 900 тысяч рублёў. Пенсіянеры сілавых структур атрымалі адзінаццаць пуцёвак. Аздаравіліся таксама восем дзяцей-інвалідаў у санаторыях па Беларусі і ў Друскінінкаі.

— Дзе, акрамя санаторыяў, адпачывалі сёлета дзеці?

 — У летні перыяд у аздараўленчых летніках адпачылі і паправілі здароўе 1916 чалавек, у тым ліку ў дзённых — 620, у кругласутачных — 516 чалавек. Былі створаны таксама лагеры працы і адпачынку, у якіх былі заняты сорак пяць дзяцей.

Якім чынам можна атрымаць пуцёўку ў санаторый?

 — Пуцёўкі прадастаўляюцца па месцы працы згодна з пададзенай заявай і ў адпаведнасці з медыцынскай даведкай аб патрэбе ў санаторна-курортным лячэнні.

 Гутарыў Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.