Аист на крыше, мир на земле

«Бусел на даху гняздо для каханай звіў па вясне», — спявае Сафія Ратару. Ніколі не бачыла гнёздаў буслоў на даху. Напэўна, гэта і добра, даведаўшыся, колькі яны могуць важыць…

Але буслы ў асноўным будуюць сваё жыллё каля чалавека з даўніх часоў, і гэта лічыцца добрай прыметай. Кажуць, такім чынам птушка прыносіць шчасце ў дом, засцерагае яго ад бед.

Асабліва гэтая высакародная птушка любіць сяліцца на лініях электраперадач, што часта назіраюць і жыхары нашага раёна.

Ад некалькіх вяскоўцаў пачула, нібыта работнікі Лепельскага раёна электрасетак філіяла Полацкіх электрычных сетак РУП Віцебскэнерга скідваюць гнёзды. Ці так гэта?

Па каментарый звярнуліся да начальніка філіяла Віктара Ярмошкіна.

— Магу з упэўненасцю сказаць, што электрыкі дзейнічаюць у адпаведнасці з нормамі, якія тычацца правілаў абслугоўвання электрычных сетак.

Мінпрыроды сумесна з Мінэнерга і іншыя зацікаўленыя службы на працягу некалькіх гадоў шукалі шляхі вырашэння гэтай праблемы, — кажа Віктар Міхайлавіч. — Як вядома, гняздуючыся на ЛЭП, буслы могуць пашкоджваць уласна лінію электраперадач. Да нядаўняга часу электрыкі здымалі гнёзды, каб на лініях не было разрываў або замыканняў. У адпаведнасці з артыкулам 19 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб жывёльным свеце», гэта дазвалялася рабіць з 15 жніўня па 15 лютага.

У канцы жніўня 2020 года Мінпрыроды арганізавала нараду, на якой прадстаўнікі Мінэнерга, ДВА «Белэнерга», ААТ «Белсельэлектрасеткабуд», Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па біярэсурсах і АПБ абмяркоўвалі гэтае пытанне і распрацавалі адпаведныя мерапрыемствы.

— Як вядома, шмат’ярусныя гняздоўі вельмі цяжкія: трохгадовае гняздо можа важыць больш за 200 кілаграмаў, а вельмі старое — 500 і больш. Часам птушак б’е токам, здараліся выпадкі, калі гняздо загаралася з-за кароткага замыкання. Якім чынам вырашаеце гэтую праблему цяпер?

— Цяпер, у адпаведнасці з СТП 33240.20.119-20, гнёзды буслоў павінны пераносіцца на асобна ўстаноўленыя апоры з платформай для гнездавання. Так, напрыклад, такія ўжо маюцца ў Баранавіцкім раёне. Дадаткова на апорах ЛЭП пры рамонце мяняем голы провад на ізаляваны і ўсталёўваем антыпрысадачныя прылады. Цяпер гнёзды здымаюцца толькі ў тым выпадку, калі яны пагражаюць аварыяй.

— Ці плануецца ў нашым раёне ўсталёўваць апоры ліній электраперадач з платформамі для гнёздаў буслоў?

— Сучасныя апоры з платформамі будуць усталёўвацца пры планаванні новых ліній і пры рэканструкцыі ЛЭП.

Гутарыла Наталля Храпавіцкая.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.