Бабулька націснула кнопку на пульце і на экране тэлевізара замільгалі маляўнічыя эпізоды «мыльнага серыяла»

У пачатку красавіка ў нашай мясцовасці спыніцца трансляцыя перадач аналагавага эфірнага тэлебачання. У сувязі з гэтым тэлегледачы павінны тэрмінова, на працягу менш чым двух месяцаў, вызначыцца — перайсці на прагляд тэлеканалаў эфірнага лічбавага тэлебачання Zala або падключыцца пры наяўнасці належных тэхнічных магчымасцей да праваднога інтэрактыўнага лічбавага тэлебачання Zala.
— На мінулым тыдні па ўсіх сельсаветах раёна прайшлі сходы старэйшын, на якіх абмяркоўваліся важнейшыя праблемы мясцовага жыцця, — адзначыў начальнік раённага вузла электрычнай сувязі Анатоль Купрэвіч. — Прысутнічаў на такім сходзе ў Стайскім сельсавеце, дзе ў сваім выступленні спыніўся і на гэтым пытанні. Параіў як мага хутчэй стаць абанентамі эфірнага лічбавага тэлебачання Zala з прадастаўленнем спецыяльнага цюнера, карты доступу і магчымасці глядзець 26 тэлеканалаў за 34 тысячы рублёў у месяц. Новым абанентам, якія пажадаюць да 1 красавіка 2015 года падключыцца да паслуг правадной Zala, прадастаўляецца лічбавае інтэрактыўнае тэлебачанне без спагнання ўстановачнай платы.
— Некаторыя людзі самастойна набываюць цюнеры ў спецыялізаваных гандлёвых кропках і глядзяць лічбавае эфірнае тэлебачанне…
— Сапраўды, неяк бачыў у продажы такі цюнер ва ўнівермагу, які каштаваў каля 400 тысяч рублёў, аднак ён дазваляе глядзець толькі восем тэлеканалаў сацыяльнага пакета. Мы ж прадастаўляем цюнер і карту доступу ў арэнду бясплатна з падключэннем дадаткова яшчэ 18 тэлеканалаў (усяго, як я ўжо адзначаў, атрымліваецца 26 каналаў), праводзім тэхнічнае абслугоўванне апаратуры, акрамя таго, за асобную плату можам падключыць яшчэ дадаткова дзясяткі каналаў па навукова-пазнавальнай, прыродазнаўчай, дзіцячай і іншай тэматыцы, улічваючы асабістыя пажаданні кожнага канкрэтнага кліента. Зразумела, усё гэта можна будзе зрабіць толькі пасля набыцця і мантажа якаснай прымаючай дэцыметровай антэны. Дарэчы, такія антэны маюцца ў наяўнасці, любы жадаючы можа іх купіць у РВЭС і ўстанавіць па месцы жыхарства.
— Праз якія тэлевышкі забяспечваецца перадача эфірнага лічбавага тэлебачання Zala ў нашай мясцовасці?
— Устаноўлены ва Ушачах і Бягомлі, радыус упэўненага прыёму сігнала з якіх дасягае адлегласці адпаведна 50 і 25 кіламетраў. Нядаўна падключалі чарговага абанента эфірнага лічбавага тэлебачання ў вёсцы Свядзіца Слабадскога сельсавета і пераканаліся, што ў гэтым населеным пункце больш моцны і якасны тэлевізійны сігнал ідзе з Бягомльскага рэтранслятара.
— У сувязі з заменай правадных ліній сувязі на оптыка-валаконныя што робіце па захаванні стацыянарных тэлефонных апаратаў у аддаленых вёсках раёна і прадастаўленні паслуг жыхарам гэтых населеных пунктаў па карыстанні інтэрнэтам?
— Замяняем гэтыя тэлефонныя апараты на стацыянарную сотавую сувязь з мантажом пры неабходнасці кожнаму абаненту асобнай вынасной прыёмнай антэны ў вёсках, дзе сустракаюцца пэўныя “мёртвыя зоны”, адсутнічае надзейная сотавая сувязь. Такім чынам забяспечым і якасную стацыянарную тэлефонную сувязь, напрыклад, той жа жыхарцы вёскі Аношкі Тамары Яшчанка, якая паставіла аб гэтым пытанне ў пісьме ў раённую газету. Пры жаданні гэты абанент атрымае магчымасць і падключыцца да інтэрнэту, для гэтага ўстановім спецыяльны бесправадны тэрмінал з вынасной антэнай.
— На мінулым тыдні давялося зусім выпадкова размаўляць па тэлефоне з жыхарамі вёсак раёна. Некаторыя з іх паскар­дзіліся, што ёсць праблемы з якасцю тэлефоннай сувязі ў абанентаў Яўгеніі Сільванівіч з Чэрцаў (6-36-07), Ніны Садоўскай (6-31-24), Ніны Цюрынай (6-31-22) і г. д.?
— Разбяромся па кожным канкрэтным выпадку індывідуальна, вывучым праблемы, ухілім недахопы.
— На сайт нашай газеты звярнуўся адзін з лепяльчан з папрокам, што яго сябар з Варонежа не змог скарыстацца пунктам доступу ў інтэрнэт у раённым вузле электрычнай сувязі?
— У памяшканні на першым паверсе цяпер праводзіцца рамонт. Таму наш сэрвісны цэнтр часова размешчаны на трэцім паверсе, аб чым вывешаны на будынку РВЭС адпаведныя пісьмовыя аб’явы і канкрэтныя ўказальнікі, куды трэба ісці, каб трапіць у пункт доступу ў інтэрнэт.
Мікалай ГАРБАЧОЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.