Бараки, нары двухъярусные. Ни воды, ни туалета

img_0772— Ці малявалі вы вайну? — пытаюся ў мастака Анатоля Ільінова.
Магчыма, у каго іншага я запытаўся б крыху іначай: ці лёгка маляваць вайну? У Анатоля Уладзіміравіча — не адважыўся. Зрэшты, гэта было б, напэўна, рытарычнае пытанне. І кашчуннае…
— Так, маляваў, — прызнаўся мастак, — у мяне ёсць прыкладна пятнаццаць работ на ваенную тэматыку, але ўсе яны напісаныя для музеяў, па замове.
Зразумела, што маляваць вайну для душы ён проста не мог… Было б кашчунна таксама ўдакладняць і тое, што менавіта ён маляваў з вайны. Думаю, што не тое ўрочышча пад Оршаю, дзе яго павінны былі маленькага расстраляць, але не расстралялі…
-1-
Маленькі Толік напярэдадні нашага вызвалення мусіў памерці, аднак застаўся жывы, каб стаць вядомым мастаком і радаваць нас спакойнымі і яркімі, як сам, пейзажамі ды каларытнымі, сакаўнымі нацюрмортамі. У кожнага чалавека — сваё назначэнне. І аб гэтым, напэўна, здагадваецца сама смерць. Бо яна часам робіць выключэнні са сваіх кашчунных правілаў і дорыць жыццё людзям, місія якіх выключна высакародная.
Так здарылася з пісьменнікам Васілём Быкавым, які выжыў на вайне, каб расказаць пра яе праўду. Так здарылася з мастаком Міхаілам Савіцкім. Праўда, той, у адрозненне ад героя нашага аповеду, прысвяціў вайне значную частку сваёй творчасці. І проста жахліва бачыць вайну вачыма вялікага майстра пэндзля. Што да Анатоля Ільінова, то яго ваенных карцін я не бачыў, таму нічога пра іх сказаць не магу. Але тое, што ён пра вайну распавядаў, таксама вельмі ўражвае.
А пачыналася ўсё так добра. Яны жывуць сваёй мнагадзетнай сям’ёю пад Віцебскам, у прыгараднай Царкоўшчыне. У іх куры, карова… Толя з дзяцінства быў вельмі ўражлівым. Хлопчыку падабаліся лес і поле, блакітнае неба з лёгкімі белымі, як вата, хмаркамі. Ён ужо тады ўсё гэта заўважаў, у душы саспяваў мастак…
Калі раптам з блакітнага неба пасыпаліся бомбы — і загарэлася ўсё на зямлі. А потым у пасёлак прыйшлі фашысты і з’елі іх карову і курэй. І саміх іх неўзабаве выгналі з хат. Маўляў, тут побач партызаны брыгады Шмырова, і няма чаго ў прыгарадным пасёлку рабіць мясцоваму насельніцтву. Сёстры хварэлі на адзёр (корь). Толік помніць, як злы немец раз’ятрана махаў у іх перад носам пісталетам, каб хутчэй сыходзілі з хаты. Пасяліліся ў суседзяў, ды неўзабаве выгналі і адтуль. Пагрузілі ў машыну і адправілі ў канцлагер, які называўся “Пяты полк”.
-2-
Баракі, нары двух’ярусныя. Ні вады, ні прыбіральні. Баланда, у якой штосьці намешана, ды не разабраць, што. Нейкі час заставаліся тут, а затым зноў пагрузілі, ужо на эшалоны, і ў “цялятніках” павезлі, каго ў Германію (туды адпраўлялі пераважна маласямейных), а каго пад Оршу. Іх мнагадзетная сям’я трапіла ў другі эшалон. Аднак да Оршы не давезлі, а спыніліся за сорак кіламетраў, ля Замасточча, у балоцістай лагчыне. Загадалі выходзіць. Людзі ўбачылі па краях лагчыны вартавых з аўтаматамі і ўсё зразумелі. Загаласілі жанчыны, пранізліва запішчалі-заенчылі дзеці. Выратаваў шчаслівы выпадак. Раптам пад’ехалі немцы на матацыклах, штосьці загергечылі, і ўся ахова тут жа знялася ды хуценька знікла. Напэўна, дзесьці зусім побач аказаліся нашы войскі, і ворагі проста не паспелі ўчыніць расправу. Людзі засталіся адны ў злашчаснай (а можа, выратавальнай) лагчыне.
Апынуліся на самай лініі фронту. Пачалі выбірацца, але ні хто куды, а зладжана ішлі, калонай, хоць ніхто імі не камандаваў. Трапілі на міннае поле. Параніла бацьку, сястрычцы перабіла нагу. Нарэшце сустрэўся на шляху першы наш разведчык, які паказаў бяспечнае месца. Кіламетраў пяць яшчэ дабіраліся, пакуль не апынуліся на вызваленай тэрыторыі. Холад, голад і страх нарэшце засталіся па той бок лініі фронту — у мінулай ужо вайне. Як тады здавалася, з імі ўжо скончана назаўжды.
Каб жа! Страх і сапраўды мінуў, а вось холад і асабліва голад… На павозках дабіраліся начамі да роднай Царкоўшчыны. Хата была амаль разбурана, не было падлогі, акон, дзвярэй. Аднак быў ужо над галавою дах, а ў роднай хаце і дзіркі грэюць. Першы пасля вызвалення год быў надзвычай цяжкі. А потым засеяліся, стала крыху лягчэй. Толік пайшоў у школу, пасля паступіў у мастацкае вучылішча. Пачынаўся яго доўгі і плённы творчы шлях…
Мастацтва цікавіла хлопчыка з дзяцінства. Нават цяжка сказаць, адкуль гэтае яго захапленне. Бацькі — звычайныя працоўныя людзі, далёкія ад мастацтва. Школьны настаўнік малявання таксама нічым асаблівым не вылучаўся і не мог паўплываць на выбар Анатоля. Проста сам па сабе спеў у ім мастак. Хлопчык яшчэ ў школе любаваўся карцінамі Рэпіна, Васняцова, Шышкіна. Пачаў і сам маляваць: спачатку акварэллю, алоўкам, а затым і алеем.
Пасля мастацкага вучылішча размеркавалі ў Лепельскую школу-інтэрнат мастаком-выхавальнікам. Гэта было ў шасцідзясятыя гады. А ў шэсцьдзясят пятым ён яшчэ закончыў і Маскоўскі графічны інстытут па спецыяльнасці “мастак-графік”. Натхнялі пейзажы, балазе на Лепельшчыне было шмат натуры, прырода тут проста непаўторная. Праўда, Анатоль Ільіноў ніколі не “фатаграфаваў” пейзажы з дапамогай пэндзля і палотнішча. У сваіх работах мастак уключае фантазію. Ці не таму яго пейзажы заўсёды непазнавальныя, нечаканыя і тым самым непаўторныя. Здаецца, і намацваеш абрысы родных вобразаў, аднак не пазнаеш мясцін…
У шэсцьдзясят сёмым на Лепельшчыне прайшла яго першая персанальная мастацкая выстава. А ў семдзесят пятым ён арганізаваў тут мастацкую майстэрню, якую і ўзначаліў. Акрамя яго былі Фёдар Бурцаў, Рыгор Колчын, Барыс Пашкевіч. Існавала майстэрня да дзевяностых гадоў. Малявалі плакаты, рабілі афармленне горада. Памятаю на вуліцах горада, на дамах плакаты тых часоў, якія ўвасаблялі сабою веліч і грандыёзнасць эпохі, у якой яны былі створаны.
-3-
Аднак мастацтва прапаганды ніколі ў яго жыцці не было ні асноўчым, ні хаця б нават пераважным. Пераважала заўсёды спакойная, талерантная, ціхая і ўраўнаважаная, як і сам мастак, творчасць. Зірнеш на Ільінова, пагутарыш з ім — і ўсплывае ва ўяўленні творчы спакой і ўраўнаважанасць пейзажаў Шышкіна, яго пацешныя мядзведзікі ў сасновым бары… Мы прыносім сябе ў ахвяру мастацтва, бо яно патрабуе ахвяр. Акунаемся з галавою ў творчасць, бо хто ж, калі не мы. Чалавек, якому дадзены талент, павінен умець сабою ахвяраваць…
Нейкі час Анатоль Уладзіміравіч жыў і працаваў у Віцебску, які таксама для яго не чужы, аднак на пенсіі канчаткова пераехаў у Лепель. Тут жыве яго творчая душа, тут зацішней, спакайней пішацца, больш плённа працуецца. Зараз на рахунку ў мастака недзе каля двухсот работ — акварэль, графіка. Акрамя традыцыйных, з-пад пэндзля, Ільіноў “высякае” карціны на лінолеуме. Гэта вельмі працаёмкі і цяжкі працэс, патрабуе пэўных прафесійных навыкаў. Ды і рука ў яго ўжо добра набітая. Паўстагоддзя ў Саюзе мастакоў, уступаў у які яшчэ ў часіны росквіту СССР. Да кожнага жыццёвага юбілею прымяркоўваў творчую выставу, якія мелі ў Лепелі вялікі поспех. Ды і карціны разыходзіліся, хоць мастак заўсёды ведаў цану сваім творам.
Зараз, праўда, амаль што на заказ не працуе. Стварае для душы. Трэба ж калісьці і душу парадаваць, якую спаліў на алтары мастацтва — дзеля людзей.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: мастак Анатоль Ільіноў.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.