Скупыя радкі ўспамінаў

На Прывакзальнай плошчы ў Лепелі знаходзіцца брацкая магіла салдатаў Чырвонай арміі і партызанаў, якія загінулі ў 1944 годзе пры вызваленні горада і раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Тут пахавана 600 чалавек, у 1961 годзе на месцы апошняга спачыну патрыётаў Айчыны быў пастаўлены помнік — скульптура воіна. За дзесяцігоддзі, якія прайшлі пасля тых страшэнных, крывавых падзей Другой сусветнай вайны, была праведзена значная работа па пошуку родных і блізкіх загінулых герояў. Ад іх прыйшлі пісьмы з успамінамі. Вось радкі з пісьма сына старшага сяржанта 1192 стралковага палка 357 стралковай дывізіі Паўла Ціханавіча Кіргізава (ураджэнца вёскі Старыя Выслі Камсамольскага раёна Чувашыі), якога напаткала варожная куля 28 чэрвеня 1944 года ў ваколіцах горада: “Мой бацька быў адным з першых камсамольцаў у вёсцы. Вёў вялікую грамадскую работу. Навучыўся чытаць і пісаць у лікбезе.
Я цьмяна памятаю твар бацькі. Было гэта ў час вайны. Бацька прыехаў у вёску пасля шпіталя. Падняў мяне высока-высока да столі і пацалаваў. Памятаю, у пятліцах былі, здаецца, два ромбікі.
Ніколі не забуду слёзы маці пасля атрымання пахавальнай. Я таксама плакаў”.
Прыйшоў паштовы ліст у краязнаўчы музей і ад дачкі радавога 759 супрацьтанкавага артылерыйскага палка Сяргея Сяргеевіча Трацко (ураджэнца вёскі Украінка Ісількульскага раёна Омскай вобласці), які загінуў 13 ліпеня 1944 года каля вёскі Зялёнка. Дачка героя адзначыла: “Ваша пісьмо вельмі ўсхвалявала і ў той жа час абрадавала. Што бацька загінуў дзесьці пад Віцебскам, маці нам расказвала.
Бацьку ўзялі на вайну на другі дзень пасля яе пачатку. Нас у маці засталося двое, я і брат. Праз два тыдні маці нарадзіла яшчэ аднаго сына, якога бацьку так і не давялося пабачыць.
У пісьмах з фронту бацька пісаў, каб маці пастаралася зберагчы нас. Маці было вельмі цяжка выхоўваць нас, таму што мы жылі на здымнай кватэры. І ўсё ж усе мы выжылі, а бацьку выжыць было не наканавана”.
У брацкай магіле на Прывакзальнай плошчы знайшоў свой апошні прытулак і наш зямляк, яфрэйтар, зараджаючы 923 артылерыйскага палка 357 стралковай дывізіі Ілья Іванавіч Шугалей (ураджэнец вёскі Жарчэнічы Селішчанскага сельсавета Ушацкага раёна Віцебскай вобласці). Пляменнік франтавіка прыслаў свае ўспаміны: “Нялёгка жылося сям’і Ільі Іванавіча Шугалея, якая складалася з сямі чалавек. Мой бацька з 12 гадоў батрачыў, а яго старэйшы брат дапамагаў апрацоўваць зямлю. Напярэдадні вайны Ілья працаваў у калгасе трактарыстам. Ілья і бацька былі прызваны ў армію адначасова. З гэтых першых дзён трагічнага 1941 года сувязь з імі абарвалася назаўсёды. Сям’я ў вайну згубіла траіх, або палову сваіх членаў”.
Мікалай ГАРБАЧОЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.