Барометр шчасця шматдзетнай лепельскай сям’і

OLYMPUS DIGITAL CAMERAЯе не кожны зразумее і не кожны зразумеў. Адны іранічна хмыкалі, маўляў, узяла дзяцей з-за грошай. Іншыя здзіўляліся шчыра: навошта ёй, маці двух ужо, лічы, дарослых сыноў, раптам браць у сям’ю дзвюх маленькіх дзяўчынак. Навошта? А хіба ўсё ў жыцці можна растлумачыць згодна з правіламі логікі? Ну, што Таццяна Трубека стала прыёмнай маці не з карысці — адназначна. Гэта вам і ў школе скажуць, дзе па абавязку павінны кантраляваць падобныя сем’і.

Настаўнікі сцвярджаюць, што Таццяна Аляксееўна ніколі не лічыцца з грашыма і траціць на дзяўчынак значна болей, чым атрымлівае. Ды і колькі тых грошай…
Ці растлумачыла Таццяна хоць сабе, навошта ёй клопаты з чужымі дзецьмі бліжэй да старасці… Вось! Бліжэй да старасці, якой часта спадарожнічае адзіноцтва. Гэтае адзіноцтва, бадай, ужо кранула чорным крылом Таццянін лёс. Мужа яна страціла яшчэ ў дзевяноста дзявятым годзе. Сыны заводзяць сваё жыццё. Саша ў Віцебску. Скончыў фізіка-матэматычны факультэт Магілёўскага педагагічнага ўніверсітэта імя А. Куляшова. Праўда, папрацаваў настаўнікам гады чатыры, а потым у бізнэс пайшоў. Мікалай у Мінску вучыцца на інжынера-праграміста. Дзеці ў свеце, а ёй адной што рабіць? Сіл, адчувае, яшчэ хопіць падняць на ногі дзяўчат — вось і рызыкнула.
А ўзяўшыся за гуж, не кажы, што не дуж. Тым болей, калі справу маеш з дзецьмі. Таццяна нават у думках не дапускае, што пасля заканчэння кантракту можна расстацца з прыёмнымі дочкамі. Тэарэтычна — можна. Аднак жа за пяць з лішкам гадоў Анжэла і Насця сталі зусім не чужымі — сваімі яны сталі ў сям’і. І хлопцы да іх прывыклі, і сама яна, Таццяна, прывязалася душою да дзяўчатак. Калі брала, маленькія яшчэ зусім былі, зараз Насця ўжо ў пятым, Анжэла ў шостым вучыцца. За іх стараннем у вучобе маці сочыць пільна, нават раўніва, не робячы ніякіх паслабак. У школе дзеці, лічыць Таццяна, павінны добра вучыцца, каб затым у поўнай меры скарыстаць магчымасці шырокага выбару прафесіі.
А настаўнікі тым часам не нарадуюцца на дзяўчат, бо ў школе яны і на сцэне асноўныя, і рукамі шмат рабіць умеюць. Дзяўчаты спяваюць, выступаюць у інсцэніроўках. Анжэла любіць майстраваць адзенне, добра вяжа, малюе, вучылася іграць на баяне, праўда, неўзабаве надакучыла, закінула…
У Трубекаў свой дом. Гаспадаркі яны вялікай не трымаюць. Аднак жа ў вёсцы жывуць, а вясковаму чалавеку і каля вуглоў справа знойдзецца. Аптымальны агародзік, які іх корміць, патрабуе немалых намаганняў. Дзяўчаты на агародзе яшчэ слабыя памочніцы, ну ды ўсё ж… Дзеці змалку павінны прывыкаць да працы, каб ведаць кошт заробленай капейкі, інакш не вырасці ім дастойнымі людзьмі. Такія ў самой Таццяны перакананні. Нарадзілася яна ў шматдзетнай сям’і, вырасла ў вёсцы. Рана выйшла замуж, разам з будучым мужам набывала веды ў Лепельскім прафтэхвучылішчы. Сям’ёю абзавялася, яшчэ не скончыўшы ПТВ. А потым паехалі з мужам шукаць шчасця ў Чашнікі. Вучылася на швачку, а працавала поварам. Калі ў Горках пачалі будаваць домікі, вярнуліся на радзіму, дзе ім паабяцалі жыллё.
Так і засталася Таццяна ў Горках, амаль што на Бацькаўшчыне. Да яе маленькай радзімы — вёскі Юндзілаўка — рукой падаць. Праўда, там ужо нікога не засталося са сваіх, бацькі памерлі.
Не сказаць, каб раскашуе сям’я. Зарплата прыбіральшчыцы, якой працуе Таццяна, невысокая. Аднак сям’я не бядуе. Зрэшты, грошай ніколі лішніх не бывае, і ці яны ўрэшце з’яўляюцца барометрам шчасця?
Усё ёсць у хаце Трубекаў, а галоўнае — ёсць шчасце, якое Таццяна стварыла сваімі рукамі.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: Таццяна Трубека з прыёмнымі дочкамі Анжэлай і Насцяй.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.