Слава рукам лепельскіх хлебаробаў!

IMG_2401На свята віншавання перадавікоў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу ў раённым Доме культуры а чатырнаццатай гадзіне сабралася шмат народу. Паркоўка перад РДК была ўстаўлена легкавымі машынамі, а ў фае было вельмі шматлюдна. Словы прывітанняў, віншаванняў са святам чуліся з усіх бакоў.


Сабраліся гонар і слава сельскагаспадарчай Лепельшчыны. Пра кожнага чалавека можна пісаць шмат. У некаторых сюжэт быў бы просты і немудрагелісты: нарадзіўся, вучыўся, асвоіў прафесію. У іншых біяграфія будзе пакручастай: шмат пакідала па свеце, перажыў цяжкія выпрабаванні. Аднак у кожнага праз усё жыццё чырвонай стужкай праходзіць праца на зямлі, у раслінаводстве ці жывёлагадоўлі. Іх рукі шурпатыя, напрацаваныя, але вочы гараць зыркім агнём працоўнага энтузіязму.
На пачатку дзеі каравай са збожжа новага ўраджаю ўручылі старшыні райвыканкама Барысу Яфрэмаву. А пасля кожны мог паспытаць свежага хлеба.
Водар свежага хлеба ў народнай культуры заўсёды атаясамліваўся з дабрабытам, упэўненасцю ў заўтрашнім дні. Нездарма ж у народзе кажуць: “Будзе хлеб — будзе і да хлеба”, “Будзе хлеб — будзе і песня”.
Песні ў другой частцы свята ліліся ракою, артысты падрыхтавалі багатую канцэртную праграму. Ударні¬каў палёў і фермаў віншавалі выхаванцы фальклорнага калектыву “Сунічкі”, юныя ўдзельнікі ансамбляў танца і эстрадныя выканаўцы, дарослыя спевакі і танцоры.
Самай прыемнай часткай урачыстасці, безумоўна, стала ўзнагароджанне перадавікоў, пераможцаў раённага спаборніцтва па агульных выніках гаспадарання і асобных відах работ. Павіншавалі перадаві¬коў жніва, якія ў складаных умовах надвор’я аператыўна ўбралі збожжавыя з палеткаў, корманарыхтоўшчыкаў, што ўнеслі важкі ўклад у забеспячэнне дойнага статка якаснымі кармамі, сейбітаў, якія закладваюць аснову будучага ўраджаю. Асаблівая ўвага — жывёлаводам, бо менавіта жывёлагадоўля выбрана прыярытэтным накірункам развіцця сельскай гаспадаркі Лепельшчыны. Лепшыя даяркі, аператары па адкорме бычкоў, свіней, курэй-бройлераў таксама атрымалі заслужаныя ўзнагароды. Не абмінулі ўклад спецыялістаў, кіраўнікоў сельгасарганізацый, прадпрыемстваў.
У прамове Барыс Яфрэмаў коратка падвёў вынікі гаспадарання аграпрамысловага комплексу раёна ў бягучым годзе, акрэсліў шляхі перспектыўнага развіцця ў наступным.
Разыходзіліся ўдзельнікі ўрачыстага сходу ў вясёлым, святочным настроі.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: Барыс Яфрэмаў віншуе дырэктара ААТ “Лядна” Івана Бабовіча.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.