Бытовая техника передана в Лепельскую центральную районную больницу

img-340e71b8333ba78c38f99f31c1d1836e-vАд імя Віцебскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў установе аховы здароўя “Лепельская цэнтральная раённая бальніца” была перададзена бытавая тэхніка для абсталявання пакоя адпачынку. Больш падрабязна пра дабрачынную дапамогу я папрасіў расказаць старшыню Лепельскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Юрыя Мілага:
— Юрый Уладзіміравіч, з якіх крыніц ажыццяўляецца гэта дапамога.
— Раённыя арганізацыі адлічваюць у бюджэт абласных аб’яднанняў прафсаюзаў пэўную частку грошай, атрыманых у якасці членскіх прафсаюзных узносаў. Два працэнты ад іх паступілі ў спецыяльны фонд расходаў на мэтавыя мерапрыемствы. Так, два працэнты — гэта невялікая сума, але ж вось так, пакрыху, малымі долямі ажыццяўляецца добрая справа. На сённяшні дзень адна з найбольш важных задач для грамадства — барацьба супраць каранавіруса COVID-19, і прафсаюзы не могуць застацца ўбаку ад правядзення гэтай работы.
— Якім чынам вызначаўся напрамак расходавання назапашаных сродкаў?
— Прафсаюзы вырашылі патраціць назапашаныя грошы на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы цэнтральнай раённай бальніцы, паколькі медыцынскія работнікі непасрэдна занятыя лячэннем хворых на COVID-19. Спачатку мы пацікавіліся ў медыкаў, у чым найперш яны адчуваюць патрэбу. Яны ж растлумачылі сітуацыю. Медыцынскія работнікі, якія непасрэдна лечаць хворых на COVID-19, кругласутачна знаходзяцца ў бальніцы, каб не дапусціць рызыкі заражэння каранавіруснай інфекцыяй уласных сем’яў, ды і ўвогуле распаўсюджвання яе за межамі лячэбнай установы. Для медработнікаў спецыяльна быў выдзелены пакой, які трэба было аснасціць патрэбнай бытавой тэхнікай. Таму па просьбе медыкаў мы набылі халадзільнік, электрачайнік і прас.
— Юрый Уладзіміравіч, праблема распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі не абяжоўваецца толькі сферай аховы здароўя. На ўсіх узроўнях прызнана, што інфекцыя наносіць моцны ўдар па розных галінах эканомікі. У выніку мноства прадпрыемстваў прыватнай і дзяржаўнай формы ўласнасці працуюць у цяжкіх умовах, вымушаны скарачаць работнікаў, адпраўляць іх у водпуск за ўласны кошт. Як прафсаюзы могуць у такой сітуацыі дапамагчы працаўнікам?
— Магчымасці прафсаюзнай арганізацыі, вядома, абмежаваныя, але і ў адпаведных рамках мы стараемся дапамагаць людзям. Спачатку звярну ўвагу на тое, якім чынам фарміруюцца магчымасці, якія маюць прафсаюзы. Пярвічныя арганізацыі прадпрыемстваў вядуць збор членскіх узносаў. Распараджэннямі кіраўніцкіх органаў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі прынята рашэнне аб тым, што каля паловы сабраных сродкаў можа быць накіравана на непасрэдную падтрымку работнікаў, які патрапілі ў цяжкае становішча па прычыне распаўсюджвання COVID-19.
— Якім чынам ажыццяўляецца падтрымка і хто на яе можа прэтэндаваць?
— Для атрымання матэрыяльнай дапамогі работніку трэба найперш напісаць заяву на імя кіраўніка пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі свайго прадпрыемства. Дапамога можа быць аказана не толькі работнікам, адпраўленым у водпуск, які не аплачваецца, а і іншым катэгорыям. Да разгляду кожнай сітуацыі кіраўнікі “пярвічак” будуць падыходзіць, па-першае, індывідуальна і, па-другое, зыходзячы з уласных фінансавых магчымасцяў. Прасцей кажучы, калі на рахунку пярвічнай арганізацыі будуць грошы, дапамога будзе аказана, а калі грошай не будзе, то не будзе і магчымасці дапамагчы. — Падагульняючы скажу, як вядома, прафсаюзы з моманту заснавання сваёй галоўнай задачай у першую чаргу ставілі абарону правоў працоўных, іх законных інтарэсаў. Зроблена нямала, але яшчэ шмат работы нам трэба ажыццявіць у бліжэйшай будучыні. Мы разам шмат чаго перажылі: будавалі прадпрыемствы, нарошчвалі вытворчасць сельгаспрадукцыі, выводзілі эканоміку на сучасны ўзровень. Упэўнены, разам, аб’яднаўшы свае намаганні, мы зможам перамагчы і цяжкасці, выкліканыя сусветным эканамічным крызісам і распаўсюджваннем інфекцыі. Усім жадаю здароўя і дабрабыту ў сем’ях!
Гутарыў
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.