Чем обеспокоены работники коммунальной службы?

Упэўнена, пагодзіцеся са мной, што заўсёды радуе нашы вочы сакавітая зеляніна дрэў і кустоў каля шматкватэрных дамоў, а таксама пахучыя клумбы. Асабліва прыемна схавацца ад сонца ў цені высокай арабіны альбо ліпы, якая расце ў двары. Акрамя гэтага, зялёныя насаджэнні паглынаюць аўтамабільныя выхлапы і не даюць ім пранікаць у кватэры праз адчыненыя вокны.
Аднак з цягам часу вялізныя дрэвы пачынаюць апускаць свае галіны вельмі нізка, і тады прахожым даводзіцца згінацца, каб прайсці пад магутнай кронай.
У такім разе на дапамогу прыходзяць работнікі КУВП “Бароўка”, якія хутка і прафесійна сваімі доўгімі піламі ўкарочваюць галіны, каб нам зручна было хадзіць.
У адным з двароў па вуліцы Калініна заўважыла маладога мужчыну, які якраз займаўся гэтай справай. Спрытна выканаўшы абрэзку, хлопец складваў галіны ў невялікі прычэп.
Знаёмімся. Яўген Бусаў працуе ў КУВП “Бароўка” па лініі добраўпарадкавання. Спраў у гэтай сферы заўсёды хапае: і летам, і зімой. Каля 4 гадоў хлопец рупіцца на прадпрыемстве і зарэкамендаваў сябе добрым работнікам, аб чым мы даведаліся ў кіраўніцтва.
Родам мой суразмоўца з вёскі Грыгаравічы, дзе прайшло яго дзяцінства і юнацтва. Трэба сказаць, мясціны там вельмі прыгожыя – з вялікімі палямі і лугамі, лесам уздоўж дарог.
Яшчэ пару дзясяткаў гадоў таму гэтая вёска лічылася буйным населеным пунктам, дзе сярод прыватных дамоў чуўся гоман жыхароў і ў двухпавярховіках. Школа, у якой было каля 100 вучняў, магазін, у якім можна было купіць што заўгодна, свой фельчарска-акушэрскі пункт… А клуб, у які прыязджала на танцы з усіх суседніх вёсак моладзь… Усе гэта бачыла на ўласныя вочы. На жаль, многага з названага ўжо не існуе. З жалем у голасе канстатуе гэты факт і мой суразмоўца.
Пасля заканчэння Грыгаравіцкай базавай школы Яўген паступіў у Лепельскі дзяржаўны прафесійны ліцэй, дзе атрымаў спецыяльнасць слесара па рамонце сельгасмашын. Пасля гэтага год па размеркаванні адпрацаваў у родным калгасе, потым быў памочнікам вальшчыка ў лесе ў Валосавіцкім лясніцтве.
Жонка Ірына таксама родам з Грыгаравічаў. Вучыліся ў адной школе, хадзілі разам на танцы – паступова сяброўства перарасло ў вялікае пачуццё. У 2013 годзе маладыя згулялі вяселле. Зараз дзяўчына працуе на Лепельскім МКК.
8 гадоў разам Яўген і Ірына – і ні дня не пашкадавалі аб сваім выбары. Пра гэта сведчаць і трое іх дзетак, якія выхоўваюцца ў шчаслівай атмасферы.
Некалькі гадоў маладая сям’я жыла ў бацькоўскім доме. І вось ужо 4 гады – у новай кватэры па вуліцы Калініна, якую пабудавалі па лініі льготнага крэдытавання.
Дзевяцігадовы Ілья і васьмігадовы Мікіта наведваюць гімназію імя І. М. Ерашова, а маленькая Віка – яслі-сад №8.
У добраўпарадкаванай кватэры зроблена ўсё па гусце Ірыны, якому поўнасцю давярае Яўген. А вось калі трэба прыбіць цвік ці выканаць іншую мужчынскую працу, пра гэта не трэба нагадваць мужу. Ён і так усё бачыць і адразу выконвае. Напэўна, такі гаспадарскі погляд у хлопца дзякуючы вясковым караням.
На пытанне, ці хацеў бы жыць у вялікім горадзе, мой суразмоўца катэгарычна паведаміў: “Не!”.
Пра якія мегаполісы можна размаўляць, калі гэтая сям’я любіць бавіць час на ўлонні прыроды і пры магчымасці едзе ў родную вёску. Хоць там амаль нікога не засталося, але ўсё роўна цягне на малую радзіму, блізкую іх сэрцам і душы.
У сям’і Бусавых ёсць тое, пра што мараць многія, і толькі некаторыя знаходзяць. Гэта каханне. Менавіта яно аб’яднала пяць сэрцаў — двое дарослых і трое яшчэ зусім юных. Яўген і Ірына ў юнацтве марылі пра шчаслівую сям’ю і дзеля гэтага авалодалі навукай жыць, каб дарыць радасць родным. Нават калі стомленыя, яны ўсё роўна імкнуцца правесці час з дзецьмі.
У добраўпарадкаванай кватэры пануюць каханне, мір, павага адзін да аднаго і заўсёды чуецца дзіцячы смех.
— У Лепелі асабліва прыгожа летам. Імкнёмся болш часу праводзіць разам, усёй сям’ёй. Навошта ехаць у вялікі горад, лепш наведаць наш пляж – маляўнічае месца, якое вельмі падабаецца гасцям Лепельшчыны, — кажа Яўген.
— Што больш за ўсё абурае цябе як работніка камунальнай службы?
— Напэўна, недакуркі пад вокнамі шматкватэрнікаў. Людзі не задумваюцца, што кожную раніцу за імі смецце прыбіраюць камунальнікі. А мы ж павінны маладому пакаленню паказваць добры прыклад, у тым ліку і што паперку трэба выкідваць толькі ў сметніцу.

***
Раней не задумвалася, як, напэўна, і вы, колькі рознай працы выконваюць камунальнікі. Здавалася, ну зімой снег убіраюць, а летам траву абкошваюць. Ну крыху і іншай.
А на самой справе гэта абслугоўванне і рамонт жылля, вада і цяпло, добраўпарадкаванне і азеляненне, дарогі і тратуары, асвятленне, вываз і сартаванне бытавых адходаў, аказанне паслуг і яшчэ шмат чаго.
Напэўна, і нам з вамі трэба паклапаціцца, каб наш горад выглядаў прывабна і быў камфортным для пражывання. Звярніце ўвагу на зялёнае покрыва ля балконаў. Нават трава не можа захінуць сваім дываном недакуркі і іншае смецце.
Часам мы наракаем, што работнікі жыллёва-камунальнай службы не прыбралі ў двары ці парку… Упэўнена, каб ім не даводзілася прыбіраць ля нашых акон і балконаў, яны б накіравалі сілы на гэтыя ўчасткі?!
Наталля Храпавіцкая.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.