Чужое дабро бокам выходзіць

Сямейны чалавек Віталь Кітаеў з Новых Валосавічаў. Двое маленькіх дзетак на яго ўтрыманні. Ну што тут сказаць — жыві ды радуйся. Працуй сумленна, нашчадкаў гадуй. Будзе каму ў старасці шклянку вады падаць. Так у добрых людзей, хто шчыра дбае пра заўтрашні дзень. Думаў і Віталь Віктаравіч. Толькі думкі яго былі скіраваны не ў той бок. Дакладней — на злачынную сцежку вырашыў ступіць мужчына. І ступіў…

Паклаў вока на сядзібу М. Жыгалавай. Кабета жыве ў Барысаве. Улетку наведвала родныя мясціны разам з мужам. Жылі ў вясковым дамку як на дачы. Не параўнаць жа гарадскія ўмовы з вясковым пейзажам. Паветра чыстае, дыхай — не надыхаешся. Пры жаданні на градках можна вырасціць экалагічна чыстую гародніну. Аднойчы прыязджала яна без мужа. В. Кітаеў купіў у жанчыны газавую пліту і пральную машыну. Пасля гэтага аднавяскоўка падалася ў горад, муж хварэў.
Неяк, паводле паказанняў на судзе, пачуў Віталь Віктаравіч брэх сабакі і нейкую валтузню ля дачы М. Жыгалавай. Зацікавіўся, пайшоў на шум. Вочы вяскоўца зачапіліся за такую красамоўную дэталь: дзверы не былі зачынены на замок. Па яго словах. Абышоў вакол пабудовы, прыкмеціў, што і з лазней непарадак — дзверы нехта зняў з петляў.
У галаве нейкім падбухторваючым стрыжнем засела карціна ўбачанага — дзверы адчынены, а дабра там гэтулькі! Аднак дабро ж чужое. Ну і што. Вырашыў зрабіць сваім. Іншы можа хто апярэдзіць. Такога дапусціць нельга. Задумана — зроблена. Спачатку агледзеў веранду. Прыбраў да рук газавы балон, рэдуктар, зняў канфоркі з газавай пліты. Заадно прыхапіў два вядры эмаляваныя, тры — пластмасавыя, два тазікі, металічную каністру, пыласос… Усё пералічваць не будзем. Спіс украдзенага значны.
Грамадзянскі іск М. Жыгалавай суд задаволіў поўнасцю — амаль паўтара мільёна рублёў.
Па заслугах атрымаў злодзей. В.В. Кітаеў прызнаны вінаватым у таемным кра­дзяжы маёмасці і пакараны папраўчымі работамі тэрмінам на паўтара года з утрыманнем у даход дзяржавы 15 працэнтаў заробку штомесячна, але не менш за базавую велічыню.
Чужое дабро заўжды бокам выходзіць. На чужым горы ўласны дабрабыт не створыш.
А. ДЗЕМІДАВЕЦ,
старшы памочнік
пракурора раёна.

_______________________________________

Маральны
дыягназ
Ірыне Бубновай урачы паставілі дыягназ: хранічны алкагалізм. Дапілася, як кажуць, да ручкі. І папярэджвалі работнікі міліцыі: бярыся за розум, інакш у лячэбна-працоўны прафілакторый трапіш. Не прыслухалася да парады і патрабавання. Працягвала ўжываць спіртныя напоі. Не задумвалася ў п’яным тлуме ні пра ўласны лёс, ні пра лёс сына…
Участковы інспектар І.М. Азаронак засведчыў на су­дзе, што І. Бубнова прыкладна з 2007 года злоўжывала спіртнымі напоямі. Карацей кажучы, да пары збан ваду носіць. Грамадскасць і праваахоўныя органы не маглі раўнадушна назіраць за па­дзеннем чалавека. Да таго ж падала не ў адзіночку, сына мела. Гора-маці пазбавілі бацькоўскіх правоў.
Не адумалася і ў такой крызіснай сітуацыі. Атрымала статус абавязанай асобы, якая павінна кампенсаваць выдаткі дзяржавы на ўтрыманне дзіцяці. Тым не менш працаваць не жадала. Летась сем разоў не выйшла на работу. Чым жа так занята была кабета? Вядома чым — выпівала. Алкагольны дурман засланіў усе лепшыя чалавечыя якасці і мацярынскі інстынкт.
Між тым ёй спачувалі, не пакінулі сам-насам з праблемай. Гутаркі прафілактычныя праводзілі. Рэагавала своеасаблівым чынам. Работу далі тынкоўшчыцай у ЛКУВП ЖКГ “Лепель”. Не адумалася, працягвала каціцца па нахільнай. Парушала працоўную дысцыпліну, да выканання ўскладзеных абавязкаў адносілася нядобрасумленна, грэбавала ўнутраным працоўным распарадкам прадпрыемства. Прыцягвалася жанчына і да адміністрацыйнай адказнасці за распіццё спіртных напояў у грамадскім месцы. Такім чынам, на судзе ўсплыў цалюткі “букет” парушэнняў.
Па сукупнасці доказаў меліся ўсе падставы для прымусовай ізаляцыі І.М. Бубновай у лячэбна-працоўны прафілакторый для лячэння ад алкагалізму і медыка-сацыяльнай рэадаптацыі.
Яўна не жадала Ірына Бубнова мяняць заганны лад жыцця. Чарка са спіртным стала найлепшым сябрам. Таму па рашэнні суда была накіравана ў лячэбна-працоўны прафілакторый на цэлы год. Тэрмін дастатковы, каб спыніцца, азірнуцца, ацаніць належным чынам усе “за і супраць”. Што пераважыць і наколькі глыбокім будзе пераасэнсаванне паводзін і жыццёвых каштоўнасцей, пакажа час.
Вольга ЛЯМНЁВА,
стажор на пасадзе старшага памочніка пракурора раёна.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.