Да ліку заслужаных, паважаных людзей Лепельшчыны адносіцца і Герой Сацыялістычнай Працы Аляксандра Фёдараўна Занько, партрэт якой намаляваў лепельскі мастак Аляксей Ляшчоў

Занько 0Яшчэ ў глыбокай старажытнасці ўзнікла вядомае крылатае выказванне: “Гісторыя — настаўніца жыцця”. Не можа не ўражваць плённая праца настаўніцы школы, якая дзясяткі гадоў сеяла разумнае, добрае і вечнае, займалася навучаннем і выхаваннем дзяцей, падрыхтоўкай іх да дарослага жыцця. Да ліку такіх заслужаных, паважаных людзей адносіцца і Герой Сацыялістычнай Працы Аляксандра Фёдараўна Занько, партрэт якой намаляваў лепельскі мастак Аляксей Ляшчоў.
Нарадзілася Аляксандра Фёдараўна 11 лістапада 1927 года ў вёсцы Велеўшчына Лепельскага раёна. Закончыла Лепельскае педагагічнае вучылішча і Мінскі педагагічны інстытут імя Максіма Горкага.
У 1945 годзе Аляксандра Занько ўладкавалася на працу выхавальніцай Лепельскага дзіцячага дома. Гэтая ўстанова адукацыі была створана ў ліпені 1944 года адразу пасля вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў для дзяцей, якія засталіся без бацькоў. Спачатку тут знаходзілася 70 дзяцей, аднак колькасць іх хутка павялічвалася і ў выніку склала больш за 200.
Аляксандра Фёдараўна ўмела знаходзіць агульную мову з дзецьмі, арганізоўвала цікавыя, змястоўныя мерапрыемствы. Усю цеплыню свайго шчырага сэрца яна перадавала дзецям, якія аддзячвалі ёй сваёй любоўю, стараннай вучобай, актыўным удзелам у грамадскім жыцці. Дарэчы, у 1960 годзе дзіцячы дом быў ліквідаваны, паколькі выканаў сваю ролю як адукацыйная ўстанова пасляваеннага часу. Выхаванцы пераведзены ў мясцовую школу-інтэрнат, іншыя падобныя ўстановы адукацыі, якія знаходзіліся за межамі раёна.
З 1951 года Аляксандра Фёдараўна працавала настаўніцай матэматыкі сярэдняй школы №2 імя І. М. Ерашова (цяпер гімназія імя І. М. Ерашова). Свой вучэбны прадмет, які далёка не кожнаму нават стараннаму вучню бывае па “зубах”, яна выкладала так цікава і займальна, што нават зацятыя, непапраўныя “двоечнікі” па некаторых іншых, на першы погляд, больш лёгкіх вучэбных дысцыплінах атрымлівалі на ўроках матэматыкі цвёрдую, заслужаную “тройку”. А пераважная большасць вучняў Аляксандры Занько, наогул, набывалі такія глыбокія і трывалыя веды па матэматыцы, што паспяхова ўдзельнічалі ў алімпіядах самага высокага ўзроўню, удала пераадольвалі вялікія конкурсы пры паступленні ў вышэйшыя навучальныя ўстановы.
Аляксандра Фёдараўна неаднаразова заахвочвалася за сваю старанную, добрасумленную працу. Ёй было прысвоена ганаровае званне “Заслужаны настаўнік БССР”.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 27 чэрвеня 1978 года за вялікія заслугі ў справе навучання і выхавання вучняў Аляксандры Фёдараўне Занько было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля “Серп і молат”.
Памёрла Аляксандра Фёдараўна 29 жніўня 1990 года. Пахавана на гарадскіх могілках у Лепелі.
Мікалай ГАРБАЧОЎ.
На здымку: партрэт Героя Сацыялістычнай Працы Аляксандры Фёдараўны Занько, які намаляваў мастак Аляксей Ляшчоў (творчы псеўданім Manchado).
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.