За дзвесце крокаў ад рэйхстага

OLYMPUS DIGITAL CAMERAНічога ў жыцці проста так не адбываецца. Хіба ведаў я, адпраўляючыся ў рэдакцыйную камандзіроўку на сустрэчу з ветэранам Вялікай Айчыннай, што пазнаёмлюся з… сябрам і калегам свайго бацькі? Хіба думаў, што пабачу аднаго з нямногіх застаўшыхся ў жывых удзельнікаў штурму Берліна, якога ў сорак пятым спыніў асколак варожай гранаты за дзвесце крокаў ад рэйхстага. Восемдзесят восем гадоў Мікалаю Ляху.

 — Ды што ж гэта мы… — раптам Мікалай Маркавіч спыняе расповед, збянтэжана сябе дакарае.

— Што ж гэта я, сустрэў сына свайго сябра маладосці — і чаркі нам разам не выпіць?

Даводзіцца апраўдвацца і адначасова супакойваць франтавіка, маўляў, не час зараз — і праца, і справы… Пасля… як-небудзь пасля… Вось дажывем да юбілейнай, сямідзясятай гадавіны слаўнай нашай Вялікай Перамогі, тады і прыгубім тыя славутыя “сто франтавых грамаў”. А чаму б  і не дажыць,калі смерць ужо чатыры разы адступала…

Насуперак смерці ён выжыў у сорак другім, калі сямнаццацігадовага партызанскага сувязнога ворагі злавілі ля лесу і цэлы ты­дзень у турме збівалі палкамі. Выжыў і ў сорак трэцім, калі трапіў пад бомбы варожага бамбардзіроўшчыка і булыжнікам, паднятым выбуховай хваляй, гакнула ў грудзі… Выжыў і ў сорак пятым, на Одэры, выплыўшы з ледзяной вады, і ў Берліне, калі асколкам гранаты, якую фрыц з падваротні ў адчаі кінуў, “прачасала” патыліцу. Тады, заліты крывёю, перш чым адправіцца ў шпіталь, Мікалай усё ж паспеў скасіць яго з аўтамата.

 Насуперак логіцы вайны, яна, крыважэрная, не перамалола ў сваім гарніле юнака, выхадца з цягавітай сялянскай сям’і, а загартавала яго на астатняе доўгае жыццё.

 Нарадзіўся на хутары Ліскі, жыў у Гаразянках, вучыўся ў Слаба­дзе, хацеў стаць настаўнікам. Вайна перакрэсліла яго планы. Толькі залічылі ў педвучылішча выпускніка Свядскай сямігодкі, як панеслася…

 Партызаны бывалі ў Гаразянках. У сорак другім сямнаццацігадовы Коля Лях стаў сувязным. Днём яны з сябрам Генькам Клундуком швэндаліся па Слабадзе, дзе стаяў нямецкі гарнізон, выглядвалі, запаміналі, а ўвечары, затарыўшыся хлебам ды іншымі прадуктамі, што вяскоўцы для партызан падрыхтавалі, ішлі ў лес, у атрадзе дзяліліся звесткамі. Ля лесу іх аднойчы і падпільнавалі. У турме сябар згадзіўся пайсці ў палі­цыю, праўда, неўзабаве адтуль уцёк… у брыгаду Керпіча.

 Колю пашанцавала — адпусцілі, бо быў яшчэ малы. Зрэшты, у вёсцы ён болей заставацца не рызыкнуў, пайшоў у атрад. І ўжо ў сорак трэцім ён паўнавартасны партызан 13-га камсамольскага атрада. Сямёра хлопцаў былі там з іх вёскі. Падрывалі машыны ў Слабадзе, Валосавічах, пад Каменем, напрыклад, узарвалі пяць легкавушак. Папсавалі нямецкую лінію сувязі. Праўда, пры гэтым двое партызан загінулі, натрапілі на патруль. Знішчылі тры дзясяткі немцаў з рэгулярных часцей, што спыніліся ў Сукнеўшчыне.

 Кантузіла Мікалая ў сорак трэцім, калі наступалі на Лепель. Двойчы былі ў горадзе, вывезлі адтуль у атрад муку, соль, іншыя прадукты. Трэці раз да горада не дайшлі. У Свядзіцы ўбачылі каня, які пас­віўся ля могілак. Камандзір Літвінаў кажа: “Колька, бяжы!” Пабег хлопец — і па дарозе трапіў пад варожую бамбардзіроўку. Выбухам адкінула. Аглушыла, аднялася мова. Пасля цэлы месяц адлежваўся ў шпіталі ў Барсуках. Аднойчы прысніў сон, што за ім гоніцца немец. У сне ўскрыкнуў і — мова вярнулася.

 З акружэння ў сорак чацвёртым выйшлі без бою. Выходзіла некалькі чалавек на чале з Анатолем Ханяком. Затым іх сцежкі разышліся. Коля вярнуўся ў родную вёску, але ўжо праз некалькі дзён трапіў на фронт, у 240 пяхотны полк 62 арміі, якой камандаваў Чуйкоў.

 На захад пасоўваліся марудна, але няў­хільна, накірункам на Брэст, лявей Варшавы, на Познань, Штэцын. Фарсіравалі Одэр… Снарад разарваўся пад лодкаю, на якой з баявымі паплечнікамі пераплываў Коля Лях раку. Лодка кульнулася. З ледзяной вады — быў сакавік — выплыў адзін. Запаленне лёгкіх — самае бяскрыўднае, чым можна адкупіцца ад смерці на вайне…

 Да Віслы дайшоў радавым. Затым прысвоілі званне старшыны, быў намес­нікам камандзіра ўзвода… Дайшоў да Берліна, дзе ішла вайна за кожны дом. І, напэўна, браў бы рэйхстаг, каб не тая злашчасная граната, кінутая з падваротні, асколак якой шаснаццатага красавіка лёгка параніў Мікалая, а, можа, і выратаваў яго. Калі пятага мая 1945 года баец вярнуўся ў свой полк, там засталося, акрамя камандзіра Шышкіна, усяго дваццаць сем чалавек.

 Перамогу святкавалі, шчодра накрыўшы сталы, якія ламіліся ад трафейных прадуктаў.

 Да адзінаццатага мая стаялі ля рэйхстага. Полк папоўнілі “старымі” — з вызваленых вязняў… А затым іх кінулі на заставу, на мяжы з амерыканцамі, і Лях стаў начальнікам заставы. Прабылі там, можа, месяцаў восем, пакуль не паступіў загад адысці з пазіцый. Мікалай трапіў у зенітна-кулямётны полк, на склады, дзе знішчаюць нямецкія боепрыпасы. Дадому вярнуўся толькі ў пяцідзясятым годзе…

 Сядзіць баец, шчаслівы і стомлены, у роднай вёсцы, ля роднай хаты. Колькі ж гадоў не браў ён у рукі любімага акардэона? Сышлася сустракаць Мікалая Ляха ледзьве не ўся вёска. А тут едзе тагачасны дырэктар Весялоўскага дзіцячага дома. Разгаварыліся. Запрасіў на працу.

 Вось там і сустрэліся два франтавікі — Мікалай Лях і Фёдар Міхно. Абодва мелі па “баявой узнагародзе” — медалі “За баявыя заслугі” — і неслі за плячыма цяжар вялікай вайны, з якой вярнуліся параненымі, але жывымі. Аднак жа маладыя, амаль пагодкі. На тры гады старэйшы Фёдар быў у той час яшчэ таксама не жанаты. Пасябравалі. І нават у адну і тую ж дзяўчыну былі закаханыя… Неўзабаве Наталля стане жонкай Мікалая, але на ўзаемаадносіны двух франтавікоў гэта не паўплывае. Фёдар хутка сустрэне сваю Паліну з Малога Поўсвіжа. Лёс раскідае хлопцаў у розныя бакі, ды і дзіцячы дом у Весялове нядоўга праіснуе…

 Мікалай Маркавіч жыве ў Мінску ў дачкі Ірыны, але кожную вясну, напярэдадні Дня Перамогі, вяртаецца ў Новыя Валосавічы, тут яго сын Аляксандр. Вяртаецца ветэран у родную хату, якую сваімі рукамі пабудаваў. Тут прайшла большая частка яго жыцця, нарадзіліся, выраслі дзеці — акрамя Ірыны ды Сашы, яшчэ Галя і Каця. Гадоў пятнаццаць, як памерла жонка. У дзядулі Мікалая —  шэсць унукаў, праўнучцы ўжо чатырнаццаць гадоў. Жыццё склалася, бо Мікалай Лях — чалавек моцнага духу — сам церабіў па жыцці сваю цярністую сцежку.

 Міхась ВАЛОХА.

 На здымку: ветэран Вялікай Айчыннай вайны Мікалай Лях зноў на Радзіме.

 Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.