Действительно ли ваш отец был курсантом Лепельского военного училища?

img_3164Дом №31 па вуліцы Карла Маркса знаёмы мне з самага дзяцінства. Калісьці бацькі, толькі пажаніўшыся, здымалі ў ім пакойчык. Домам валодаў стары чалавек, з братам звалі яго дзядулька Васіль.
Не так даўно ў адной з прыватных размоў пачуў, што нібыта дзядуля Васіль калісьці, яшчэ да вайны, быў курсантам Лепельскага ваеннага вучылішча. Інфармацыя зацікавіла. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў раёне дзейнічалі два ваенныя вучылішчы: артылерыйска-мінамётнае і пяхотнае, абодва з пачаткам баявых дзеянняў і набліжэннем фронту былі эвакуіраваны.
Дзядулька Васіль памёр даўно, яшчэ ў пачатку 1980-х. Дом некалькі гадоў стаяў замкнуты, будынкі і двор у належным стане падтрымлівае і даглядае сусед, аднак ён не мог распавесці больш-менш дакладна пра мінулае. Якое ж было здзіўленне, калі аднойчы ўбачыў, што дзверы дома адчыненыя, а па двары ходзіць немалады ўжо мужчына. Падышоў, павітаўся, суразмоўца прадставіўся:
— Уладзімір Васільевіч Коранеў, сын Васіля Іосіфавіча. Жыву ў горадзе Чарапавец, зрэдку прыязджаю на Бацькаўшчыну.
Дамовіліся сустрэцца праз некалькі дзён і пагутарыць грунтоўна.

Курсант ваеннага вучылішча
У прызначаны час сядзім за сталом у вялікім пакоі.
— У першую чаргу прашу распавесці, ці сапраўды ваш бацька быў курсантам Лепельскага ваеннага вучылішча? А калі быў, то якога — артылерыйска-мінамётнага ці пяхотнага?
— Бацька мой сапраўды быў вайскоўцам, але, павінен вас расчараваць, вучыўся ён у Ленінградскім ваенным пяхотным вучылішчы імя С.М. Кірава. Паспеў прыхапіць дзве вайны: савецка-фінляндскую і Вялікую Айчынную, і ў абедзвюх атрымаць цяжкія раненні.
Васіль Коранеў нарадзіўся 13 студзеня 1915 года ў сяле Чырвонае Гарадзішча цяперашніх Валаконаўскага раёна Белгародскай вобласці. Сям’я, дзе ўжо былі трое сыноў, рана засталася без маці. Бацька Іосіф ажаніўся з жанчынай з двума дзецьмі, пазней нарадзіліся яшчэ двое. Хоць жылося небагата, аднак дзецям давалі адукацыю. Васіль скончыў сямігадовую школу — высокі ўзровень на той час. Пасля гэтага падаўся на Данбас на шахты. А праз два гады яго прызвалі на службу ў войска.
У Чырвонай арміі Васіля Коранева заўважылі. Самым галоўным яго плюсам стаў высокі на той час адукацыйны ўзровень — сямігодка. Таму яму прапанавалі паступаць у вайсковае вучылішча. Так быў зроблены чарговы выбар.
— Аднак Ленінград, Карэльскі перашыек, дзе адбываліся асноўныя баі — гэта дужа далёка ад Лепеля. Як ваш бацька апынуўся тут? — пытаюся ва Уладзіміра Васільевіча.
— Пасля баёў, ранення і лячэння ў шпіталі бацьку накіравалі на службу ў Заходнюю вайсковую акругу, так і апынуўся. У якой часці тут служыў, не ведаю, тата асабліва пра вайну не любіў распавядаць. Ведаю толькі, што ў канцы 1941 года трапіў у палон, адседзеў у лагеры даволі працяглы час, гады са тры. У канцы 1944-га яго вызвалілі, праверылі па лініі СМЕРШ і накіравалі зноў на фронт. Выпадкова перабіраў старыя дакументы, знайшоў даведкі, дзе паведамляецца, што “чырвонаармеец 17-й танкавай брыгады Коранеў Васіль Іосіфавіч у баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў 22 красавіка 1945 года быў паранены, асколкамі пасечаны левая палова грудной клеткі і мяккія ткані правага пляча. З 1 па 27 мая знаходзіўся на лячэнні ў 1108 шпіталі”. Слова “чырвонаармеец” азначае, што адразу пасля вызвалення і праверкі бацьку накіравалі ў дзеючую армію радавым, а пасля ранення вярнулі афіцэрскае званне. Пасля дэмабілізацыі ён вярнуўся ў Лепель у званні старшага лейтэнанта і з баявымі ўзнагародамі — ордэнам Чырвонай Зоркі і медалём “За адвагу”. Іх захоўваю як сямейныя рэліквіі.

Лепельскі перыяд
— Васіль Іосіфавіч нарадзіўся і вырас на Белгародчыне, працаваў у шахтах Данбаса, служыў некалькі гадоў у Ленінградзе і толькі некалькі месяцаў паміж савецка-фінляндскай і Вялікай Айчыннай войнамі — у Лепелі. Чаму ў рэшце рэшт вырашыў пасля дэмабілізацыі вярнуцца і асесці менавіта ў нас?
— Бацькі распавядалі, што яшчэ да вайны (Вялікай Айчыннай) яны пазнаёміліся і прыкмецілі адзін аднаго. Падумвалі пра жаніцьбу, і тата ўсю вайну збіраўся вярнуцца менавіта ў Лепель да Олі. Маці — Вольга Львоўна, да замужжа — Бурцава. Тут жыло шмат людзей з такім жа прозвішчам, нашай радні. Нават роў унізе, за вуліцай Валадарскага, называўся Бурцаў. Пасля вайны тата вярнуўся, яны ажаніліся і жылі тут, па Карла Маркса, 31.
Дом — адзін з самых старых у горадзе. Захавалася некалькі фотаздымкаў з краявідамі Лепеля перыяду канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя, некаторыя ў рамках азнаямлення ў вялікім фармаце вывешаны цяпер на сцяне пабудовы пры касцёле святога Казіміра. На адным адлюстравана вуліца Дваранская, цяперашняя Карла Маркса. Уладзімір Васільевіч кажа:
— Пазнаю ўсе гэтыя будынкі! Гэта ж наша вуліца!
Дом Бурцавых-Кораневых быў зладжаны напрыканцы ХІХ стагоддзя, аднак дрэва ў вянцах настолькі прапітана смалой, што і цяпер мае выдатны, трывалы стан. Па крайняй меры цяперашні гаспадар, агледзеўшы будынак, прыйшоў да высновы, што капітальны рамонт не патрэбны ні цяпер, ні ў бліжэйшай перспектыве.
— У 1960-х гадах тата захацеў расшырыць вокны, — успамінае ён, — наняў цесляроў. Дык цесляры казалі, што ў трох пілах зубы высыпаліся, пакуль вокны рабілі — настолькі трывалае і смалістае дрэва!
— Раскажыце пра сямейныя карані.
— Уся татава радня жыве ў Белгародскай вобласці, яшчэ пры Савецкім Саюзе мы не раз туды ў госці ездзілі. Уся радня маці — з Лепеля. Дзядуля Леў Паўлавіч, расказвалі, быў рамізнікам, на кані вазіў грузы па заказах. Нарадзіўся ў 1875 годзе, а памёр у 1934-м. Бабуля Малання Ільінічна была ажно на 14 гадоў маладзейшая за дзядулю, я яе добра памятаю. Я нарадзўся ў 1946 годзе, а бабуля памерла ў 1964-м. Яна працавала прыбіральшчыцай, а дома ўпраўлялася па гаспадарцы, даглядала агарод. Маці нарадзілася ў 1921 годзе, памерла ў 1972-м. Брат маці Фёдар Львовіч Бурцаў быў адметным чалавекам: равеснік Кастрычніцкай рэвалюцыі, усю вайну праслужыў камандзірам танка, гарэў, атрымаў раненне і кантузію, кавалер баявых ордэнаў і медалёў. Пасля вайны скончыў мастацкае вучылішча, працаваў у мастацкіх майстэрнях. Памятаю, мы, падлеткі, збіраемся на рыбалку, бяром вуды і іншыя прылады — і Фёдар Львовіч за намі. Толькі браў з сабой не вуду, а кіёк, бо кульгаў, і эцюднік. Пакуль мы наловім рыбы, ён намалюе карціну, ці хаця б зробіць накід.
У маці з бацькам было трое дзяцей: я нарадзіўся ў 1946-м, Вера — у 1949-м і Федзя — у 1953-м. Федзі ўжо няма на свеце, а Вера жыве зараз са сваёй сям’ёй у Падмаскоўі.
Я ў 1972 годзе пасля смерці маці паехаў у Чарапавец. Да гэтага вучыўся ў сярэдняй школе №1 Лепеля, у выпускных класах мы асвойвалі рабочыя прафесіі. Я, напрыклад, стаў слесарам, практыку праходзіў на экскаватарарамонтным заводзе. У 1965-68 гадах служыў у арміі. Спачатку працаваў у брыгадзе слесараў на Чарапавецкім металургічным камбінаце, а потым перайшоў на сталезавод, бо там была перспектыва атрымаць кватэру, якая ў хуткім часе і рэалізавалася.

У пасляваенным Лепелі
— А ваш тата?
— У апошнія гады да пенсіі працаваў кладаўшчыком у псіхбальніцы, праз дарогу ад дома.
— Аднак афіцэраў, якія вярталіся пасля дэмабілізацыі, стараліся прыцягнуць на высокія пасады…
— Васілю Іосіфавічу таксама прапаноўвалі высокія пасады: быць кіраўніком на прадпрыемстве, стаць старшынёй калгаса. Аднак ён адмаўляўся. Ды і на здароўі вайна, раненні, гады палону адбіліся не самым лепшым чынам. Расказваў, што ў лагеры іх звычайнай ежай было варыва з нямытай бручкі, ад чаго моцна падсадзіў страўнік. Магчыма, таму, што пасля вайны жыў спакойным, размераным жыццём, здолеў дажыць ажно да 1982 года.
— Раскажыце пра жыццё ў пасляваенным Лепелі.
— Успаміны дзяцінства — самыя яркія і светлыя. Памятаю, што скура на мне гарэла, лез усюды, дзе толькі можна і куды нельга. Напрыклад, пашылі мне маці з бабуляй штаны з грубай і трывалай тканіны, якая ў народзе называлася чартакож. Спадзяваліся, відаць, што не парвуцца. Але я здолеў іх разадраць у першы ж дзень: палез на грушыну, што расла на мяжы з суседзямі, і зваліўся з яе, а ўнізе агароджа з калючым дротам. Нагам нічога, а чартакож — у ласкуты.
У нас быў веласіпед, не ездзіў на ім, а лётаў. Вуліца Карла Маркса на той час была земляной. Трохі далей, у раёне сучаснага прымыкання завулка Пушкінскага, стаяла здаровая лужына, праз якую нам, дзецям, было цікава праязджаць. Першы ў горадзе асфальт паклалі на вуліцы ў мікрараёне малаказавода, дык мы па вечарах спецыяльна ездзілі туды, праз увесь горад, каб пакатацца.
На прыкладзе сваёй сям’і скажу, што жылі небагата, у сярэднім дастатку. У бацькоў быў вялікі ўчастак, каля 60 сотак, ён спускаўся ад вуліцы Карла Маркса да вуліцы Валадарскага. У сярэдзіне яго, дзесьці на цяперашнім завулку імя Карла Маркса, у нас стаяла студня, выкапаная на крыніцы. Уявіце сабе: навокал пясок, сухмень, а ў студні пастаянна поўна вады. Тры сям’і са студні ваду бралі — мы, Бурцавы і Занько. Кожны год, а то і двойчы на год, талакой студню чысцілі.
Тата расказваў, што, як толькі тут пасяліўся, пасярэдзіне ўчастка расла толькі адна старая грушына. Плады з яе доўга ляжалі, грушамі мы частаваліся ажно да Новага года і пазней. Памятаю, як наш родзіч Мікалай Стэфанавіч Бурцаў уверсе той грушыны зрабіў прывой, прышчапіў некалькі парасткаў грушы-сапежанкі. А на бакавых галінах прышчапіў бэру зімовую Мічурына. Так і было — на адным дрэве тры сарты. У далейшыя гады бацька высадзіў неблагі сад, пастаянна былі яблыкі і грушы. Аднойчы з былой панскай сядзібы прывёз і пасадзіў дзве чарэшні, яны растуць і дагэтуль. Рос і пладаносіў грэцкі арэх. Зараз участак мае каля дзесяці сотак. Дзякуй суседзям, даглядаюць яго, падкошваюць, не даюць разрастацца пустазеллю.
Васіль Іосіфавіч вельмі любіў чытаць. Дагэтуль у доме захоўваецца некалькі кніг, набытых ім у розныя гады. Найгалоўнейшай яго кніжнай крыніцай стала бібліятэка. Праўда, пра вайну чытаць не любіў, казаў, што вайны яму і так па жыцці хапіла. Яшчэ быў вялікім аматарам рыбнай лоўлі і ціхага палявання.
— Калісьці, напрыканцы 1970-х, мае бацькі здымалі ў вашага бацькі пакойчык.
— Так, гэта пакой, як заходзіш у хату, адразу направа, з вокнамі ў сад. У той час і цяпер маладым сем’ям, якія толькі пачынаюць ладзіць сваё жыццё, трэба дзесьці жыць, пажадана асобна ад бацькоў. Вось і шукаюць здымныя кватэры, дамы, пакоі. А пасля смерці маці, як мы, дзеці, раз’ехаліся, тата, каб не жыць зусім аднаму, здаваў гэты пакой. І людзям зручна, і яму весялей. Такім чынам, памятаю, каля дзесяці сем’яў прайшло праз той пакой.
* * *
Пабываўшы на малой радзіме некалькі дзён, Уладзімір Коранеў паехаў дадому, у Чарапавец. За гэтыя дні ён паспеў агледзець дом, участак, падрамантаваць сёе-тое, прыкінуць планы на наступны год. І наведаць магілы бацькоў, Васіля Іосіфавіча і Вольгі Львоўны на Пятроўскіх могілках.
Васіль МАТЫРКА.
На здымках: Уладзімір Коранеў на ганку свайго дома; Васіль Іосіфавіч (фота другой паловы 1970-х гадоў).
Фота аўтара і са старых сямейных архіваў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.