Десятки лет в одном коллективе

img_9266У чалавеку можна памыліцца, асабліва калі яго мала ведаеш. Так, чалавека цяжка распазнаць адразу, з першага погляду, і мы, журналісты, таксама не застрахаваны ад памылкі. Аднак ёсць, на мой погляд, адзін беспамылковы крытэрый. Калі просты працаўнік у адным і тым жа калектыве працуе дзясяткі гадоў, гэта сведчыць пра яго адданасць справе, стабільнасць характару і павагу да яго калектыву. Тут ужо памыліцца цяжка.

Ніна Лымарава належыць да кагорты тых самых працоўных доўгажыхароў, пра якіх і вядзецца размова.
Цікава, што асноўная прафесія ў Ніны Іванаўны — швачка. Менавіта гэтую прафесію атрымала тады яшчэ юная дзяўчына пасля заканчэння Старалядненскай сярэдняй школы. Было гэта шмат гадоў таму. Прыблізна паўгода працавала ў Лепелі на камбінаце бытавога абслугоўвання. Затым дабіралася на работу са сваёй роднай Слабодкі ў Камень. Ездзіла на аўтобусе, на той час сельскія КБА працавалі ў многіх населеных пунктах. Ды і грамадскім транспартам дабірацца было проста. Пазней Ніна перабралася ў горад.
І ўсё ж такі Ніна Іванаўна — болей вясковы, чым гарадскі чалавек. Колькі памятае сябе ў дзяцінстве, увесь час працавала. Выконвалі нялёгкую работу, а ўсё роўна жылі галодна. Здавалася, заб’юць вепручка і сала з мясам адвечара — поўныя начоўкі. А раніцай — пустыя. Карову трымалі. Налье маці кожнаму з дзяцей па гранёнай шклянцы малака — да рубчыка, і ўсё, не болей. А ўжо што бацькі елі самі, ніхто не ведае. Куды што знікала? Малыя не ведалі ў той час, што ўсё трэба было здаваць дзяржаве. Ніна Іванаўна зараз расказвае маладым — тыя не вераць. А было ж менавіта так. Бацькі працавалі “за палачку”. Прывязуць крыху гароху, жыта і вікі. З гароху кашу смачную рабілі. А яшчэ бацька быў заўзятым рыбаком, лавіў рыбы поўныя начоўкі, а потым прадаваў яе ў Бароўцы. Развозілі і дзялілі па сем’ях хлеб, на сям’ю давалі паўбулкі.
Іван Крывель, бацька Ніны, з вайны вярнуўся інвалідам. Ды толькі не з фронту, а з палону, дзе пад час бамбёжкі адарвала яму нагу. Паважалі Івана вяскоўцы за працавітасць. Касіў на адной назе, на мыліцах, што і малады не дагнаў бы. Адно, што толькі ўжо за плугам не мог хадзіць. І вартаўніком у калгасе, і кім ён толькі ні рабіў. Людзі паважалі, хадзілі раіцца, чаго не скажаш пра тагачасную ўладу. Ветэранам быў гонар і пашана, а ён, інвалід вайны і яе ахвяра, заставаўся ў цяні, саромеўся сваёй біяграфіі. І толькі ў 80-я гады стаўленне да яго змянілася. Далі машыну, хату дапамаглі дабудаваць.
Замуж выйшла Ніна ў дваццаць два гады за расіяніна. Віктар (а па пашпарце Віталь) Лымараў працаваў у райсельгастэхніцы, а пасля — у будаўнічай арганізацыі, якой кіраваў Леанід Хацкевіч. Зараз ужо на заслужаным адпачынку.
З Каменя Ніна пайшла ў дэкрэтны водпуск, нарадзіла Таню. Дзяўчынка была хваравітая, не для дзіцячага сада, так што давялося ў водпуску па доглядзе дзіцяці прабыць усе тры гады. Знайшлі кватэру ў Лепелі, але ў КБА ўжо месца не аказалася. Выпадкова апынулася Ніна Іванаўна ў яслях-садзе “Праменьчык”. І не думала нават, што затрымаецца там на дзесяцігоддзі. Спачатку была загадчыкам гаспадаркі і заадно на падпрацоўках. Так дапрацавала да пенсіі і пасля яшчэ два гады шчыравала ў гэтай установе. А затым стала поварам. Праўда, для гэтага трэба было падвучыцца на курсах у ліцэі. І вось ужо тры гады гэтая працавітая жанчына з чарпаком больш як трыццаці лыжкам працу дае. Гатаваць няпроста па сучасных рэкамендацыях, але спраўляецца.
Цікава, што прыйдзе дадому — і зноў кухарыць хочацца. Любіць яна гатаваць, асабліва мясныя стравы — катлеты, розныя рулеты, клёцкі… Праўда, мужу-расіяніну, не звыкламу да нашай кухні, трэба іншыя клёцкі, падсмажаныя. Знайшлі свае жыццёвыя дарогі дочкі, асобнымі сем’ямі жывуць. Таццяна працуе завучам у СШ №1, Наталля — выхавальніцай у дзіцячым садзе “Сонейка”. Так што стараецца бабуля болей для ўнукаў — дванаццацігадовага Мішы і Паліны, старэйшай за яго на год.
А яшчэ Ніна Лымарава па-ранейшаму шые для ўсёй сям’і і кветкі разводзіць. Шмат у яе палісадніку прыгожых вяргіняў, астраў. Якая ж бы яна была гаспадыня, калі б не любіла кветак!
В. ЛЯШЧЫНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.