Спасибо, дорогая, за подарок

img_9156Напэўна, няма нічога больш дарагога і светлага ў жыцці, чым адчуваць блізкасць родных людзей, іх надзейную апору і падтрымку. Ні з чым немагчыма параўнаць тыя цудоўныя імгненні, калі ўпершыню чуеш голас свайго дзіцяці, бачыш яго родны тварык і мілую ўсмешку, дакранаешся да маленькіх пальчыкаў… Бацькоўскае шчасце нас акрыляе, упрыгожвае і працягвае наша жыццё.
Невыказнае шчасце ў чарговы раз напаткала і сям’ю Падабед, у якой з’явілася на свет другая дачушка.
…Да корпуса акушэрскага аддзялення ўстановы аховы здароўя “Лепельская цэнтральная раённая бальніца” пад’язджаюць аўтамабілі, упрыгожаныя рознакаляровымі шарамі. Для таго, каб сустрэць маладую матулю з нованароджанай дачушкай, сюды прыехалі шчаслівы муж, старэйшая дачушка Кіра, а таксама бацькі жонкі — бабуля і дзядуля Валянціна Сцяпанаўна і Вячаслаў Юр’евіч.
— Зараз вы ўпершыню ўбачыце сваю маленькую дачушку, сястрычку і ўнучку. Падзяліцеся, калі ласка, сваімі ўражаннямі.
— Вядома, гэты момант запомніцца на ўсё жыццё, — адзначае муж. — Калі я даведаўся, што ў нашай сям’і нарадзілася другая дачушка, стрымаць эмоцыі было немагчыма. Захацелася хутчэй убачыць дарагіх жонку, дачушку і прытуліць іх да сябе. Адчуваю сябе ў акружэнні кветак.
— Зараз чакаем, што выйдзе дачка Анастасія з дзіцяці на руках, і раптам успомніла, як мы ў свой час радаваліся з’яўленню на свет першай, а затым і другой дачушак. Час пралятае непрыкметна. Нават не верыцца, што з таго моманту ўжо прайшоў не адзін дзясятак год. Вядома, немагчыма перадаць словамі вялікую радасць — у нас ужо ёсць другая ўнучка! Для таго, каб убачыць яе, мы прыехалі з Віцебска, — кажа Валянціна Сцяпанаўна.
Павел і Анастасія Падабед — ваеннаслужачыя, разам працуюць у ваеннай часці №22313. Муж і жонка маюць званне прапаршчыка. Маладая сям’я жыве ў добраўпарадкаванай кватэры ў вёсцы Бароўка. Старэйшай дачушцы Кіры споўнілася чатыры гады. Другая ж дачушка з’явілася на свет 26 мая вагой тры кілаграмы 830 грамаў і ростам 56 сантыметраў. Бацькі вырашылі назваць яе Маргарытай.
Адчыняюцца дзверы — і насустрач мужу, дачушцы і бацькам з маленькім анёльчыкам на руках выходзіць Анастасія. Муж пяшчотна бярэ на рукі дзіця, прытуляе дачушку да сябе, абдымае любімую жонку.
— Вялікі дзякуй, дарагая, за такі падарунак! — ад душы кажа Павел.
Маленькая Кіра з цікавасцю ўглядаецца ў тварык сястрычкі, з замілаванасцю глядзяць на дзіцяці бабуля і дзядуля. У гэтыя цудоўныя хвіліны немагчыма было стрымаць слёз…
— Няхай вашы дзеткі растуць здаровенькія, вясёлыя і шчаслівыя, а ў вашай сям’і будзе яшчэ шмат радасных і незабыўных падзей! — ад душы жадаю на развітанне маладым бацькам.
Святлана ВАЗНЯК.
На здымку: шчаслівыя муж і жонка Павел і Анастасія Падабед з дачушкамі Кірай, Маргарытай.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.