Диплом от президентского спортивного клуба

1-vanya-golubev У Поўсвіжскай школе шчыра парадаваліся поспеху свайго вучня. Чацвёртакласнік Іван Голубеў атрымаў Дыплом пераможцы раённага этапу адкрытага публічнага рэспубліканскага конкурсу дзіцячага малюнка “Пасябруй са спортам” за подпісам Старшыні цэнтральнага Савета рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання “Прэзідэнцкі спартыўны клуб” Дзмітрыя Лукашэнкі.

Такім чынам, Ваня аказаўся сярод дзевяці шчасліўцаў, якія сталі пераможцамі конкурсу ў намінацыі “малюнак”.
Сядзіць хлопчык, вачаняты шчаслівыя. Зразумела, радуецца. Не кожны дзень атрымліваюць такія дыпломы. Дзеля гэтага Ваню разам з класным кіраўніком Таццянай Вайцяховіч спецыяльна выклікалі ў Цэнтр дзяцей і моладзі, дзе ва ўрачыстай абстаноўцы ўшанавалі пераможцаў. Разам з дыпломам хлопчык атрымаў мяккую цацку — прыгожае сімпатычнае зайчаня з даўжэзнымі вушамі.
Мабыць, і сам не чакаў Ванечка гэткага поспеху. Малюе, праўда, ён ужо параўнаўча даўно. Яшчэ з пяці гадоў наведваў “Школу ранняга развіцця” пры Цэнтры дзяцей і моладзі. Ды там не толькі малявалі, але і танцавалі, рабілі розныя вырабы. Хлопчыку гэта было вельмі цікава, цягнулася рука да творчай справы ўжо з самага ранняга маленства.
У школе, на ўроках выяўленчага мастацтва, таксама робяць маленькія цуды — ствараюць свята для душы: і малююць, і лепяць, і выразаюць. Вось да Дня абаронцаў Айчыны майстравалі караблі ў падарунак татам. На Восьмага сакавіка падарылі мамам герберы. Кветкі зрабілі сваімі рукамі. І самім прыемна, і бацькам.
Таксама Ванечка змайстраваў бусла. Гэта самая любімая яго работа. Цяпер буслік стаіць у яго дома, на пачэсным месцы — на працоўным стале.
— А ці бачыў ты сапраўднага бусла? — пытаюся ў Ванечкі.
— Вядома! — адказвае той. — Бачыў, амаль што ў нашым двары. У нас па суседству воданапорная вежа стаіць, і там птушкі пасяліліся. Сёлета зноў іх чакаем.
— Любіш буслоў?
— А як жа! Хто ж іх не любіць!
А вось жа ёсць дарослыя, якія гэтых грацыёзных і гордых птушак яўна недалюбліваюць, з асцярогаю ставяцца, калі тыя будуюць гнёзды побач з іх жытлом, скардзяцца, што птушкі нібыта засмечваюць двор ці вуліцу. Дзіўна, як можа бусел не падабацца чалавеку! Запытайцеся хоць сабе ў маленькага Ванечкі, які шчыра не разумее, як можна не любіць буслоў. Кажуць, «устами ребёнка глаголит истина».
Павучыцца б іншым дарослым у гэтага хлопчыка дабрыні, спагадзе, тактоўнасці. Расказваюць, што для свайго маленькага браціка Дзімкі Ванечка не проста старэйшы брат, а маленькі выхавальнік. Хлопчыкі гуляюць разам. Ваня клапоціцца пра браціка, часам нязлосна яго ўшчувае, калі той сваволіць. А насамрэч шчыра любіць маленькага Дзімона.
Улетку бягуць да бабулі. У яе на градках чаго толькі не расце, і ў парніках таксама. Асабліва падабаюцца хлопчыкам кавуны. Ванечка любіць стаўляць розныя доследы, эксперыментуе з гэтымі ягадамі і спадзяецца атрымаць багаты ўраджай.
Любіць хлопчык летнюю пару, калі можна пабегаць па вуліцы, палюбавацца прыродаю, пагуляць. Ходзяць з лепшым сябруком Мішам Алесенкам на рыбу, купаюцца, загараюць.
— А пра што ты, Ванечка, марыш?
— Хачу, каб усе людзі жылі дружна, каб не было вайны, а быў заўсёды мір.
Ведаеце, што ён намаляваў у той сваёй рабоце, якая стала пераможцай і трапіла на абласны этап конкурсу? Намаляваў хлопчыка з гантэлямі, які стаіць на зямным шары, алімпійскі агонь, неба зорнае, бязвоблачнае і галубоў у небе… Такім бачыць свет гэты здольны хлопчык з Вялікага Поўсвіжа.
У школе, дарэчы, шмат здольных, творчых дзяцей — Лёша Казіцкі, Міша Алесенка, Іра Шайтар, Віця Крыцкі і іншыя. Да кожнага свята тут рыхтуюць рухомую выставу творчых работ вучняў. Запрасілі на сустрэчу былога выпускніка, доктара мастацтвазнаўства, прафесара Рыгора Фёдаравіча Шауру. Пра тую сустрэчу, якая мае адбыцца, мы абавязкова яшчэ распавядзем. А пакуль можна казаць, што ў невялікай сельскай школе клапатліва спеляць юныя таленты — не горш, чым кавуны на бабуліным агародзе.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: Ваня Голубеў.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.