Солнышко утром улыбалось любителям традиционной белорусской культуры, которые собрались рядом с Перуновой горой

11540006Вясна ў гэтым годзе не надта спяшаецца. А калі так, трэба яе крыху падбадзёрыць. А дапаможа нам старажытны абрад “Гуканне вясны”.

Сонейка зранку ўсміхалася аматарам традыцыйнай беларускай культуры, якія сабраліся побач з Перуновай гарой. “Чаму побач”, — спытаеце вы? Вось сонейка ў тым і вінаватае. Не дачакалася, калі яго пазавуць на неба. Растапіла глебу, і на Перуновай гары стала гразка, не ўскараскаешся. Вырашылі вясну гукаць побач, на ўзвышшы.
У Беларусі свята адбывалася звычайна ў розны час, залежала гэта ад кліматычных умоваў і ўплываў хрысціянскага календара. Безумоўна, гэта абрадавае магічнае дзеянне мела свой асаблівы і сакральны сэнс у старажытнасці. Павінен быў земляроб глядзець на змену надвор’я, позняя вясна — голад у хаце.
Каб сустрэць вясну, трэба развітацца са сцюдзёнай зімой і спаліць яе пудзіла. Трэба адзначыць, што пудзіла “зімы” атрымалася прыгожае, нават шкада было яго аддаваць пражэрлівым язычкам полымя. Бярэмя саломы прыбіраем у прыгожую сукенку. Дзяўчаты нават для паўнаты вобразу губы памадай намалявалі, калі мужчыны выправіліся па дровы.
“Жавароначкі, прыляціце, вы нам лецейка прынясіце”, — пад традыцыйную веснавую песню настаўніца Слабадской школы Наталля Мірановіч упрыгожыла папяровымі “жавароначкамі” дрэва.
Чырк запальнічкай — і зімовая Лёля знікае на вачах. А разам з ёй — хваробы, смутак і адчай. Час вадзіць карагод. “Дзе карагод ходзіць — там жыта родзіць”, — кажуць у народзе.
Аднак мала сустрэць вясну, трэба яшчэ патанчыць. Па гукі жалейкі і скрыпкі патанчылі “Падэспань”, “Анёла”, “Польку” і іншыя танцы.
Беларуская народная гульня “Явар” таксама мела месца на свяце. Сутнасць яе ў наступным. Два чалавекі бяруцца за рукі, падымаюць іх над галавой і ўтвараюць своеасаблівы “масток”, ловяць тых, хто бяжыць з карагода. Тыя, у сваю чаргу, спрабуюць выслізнуць. Астатнія ўдзельнікі ствараюць карагод, прабягаючы пад гэтым “мастком”. Калі песня заканчваецца, трэба злавіць гульцоў, якія уцякаюць з карагода. Злоўленыя таксама становяцца “мастком” і становяцца побач. Перамагае той, каму ўдаецца ўцячы ад “мастка”.
Нехта з навукоўцаў лічыць, што само свята гукання вясны звязана з асаблівасцямі паэтыкі сакральна-магічных песень-заклічак, альбо загуканняў. Над іржышчам таксама раздавалася гулкае “гу”. Гэта клікала вясну дзесяцігадовая лепяльчанка Ліза Каравач. Прызнаюся, не кожны дарослы валодае такім чыстым вакалам. Таму нічога дзіўнага, што гучны голас Лізы абудзіў зямлю і наваколле.
— Другі раз на падобным свяце, — прызналася дзяўчынка. — Спяваю з пяці гадоў. Лічу, што нават у час інтэрнэту, сацыяльных сетак і іншых спакусаў моладзь не павінна забываць свае спадчынныя карані.
Безумоўна, на імпрэзе не абышлося і без печаных “жаваранкаў”. Звычай падкідаць птушак, імітаваць рух паскарае прылёт “сарака выраяў”, а з імі — і цёплай пары. Кубачак духмянай гарбаты, кавалак пірага — сустракаем вясну на парозе!
Яўген МУДРЫ.
На здымках: абрад “Гуканне вясны”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.