Дняпроўскі вал

ЕлугинЧарговы партрэт нашага маладога мясцовага мастака Аляксея Ляшчова прысвечаны Герою Савецкага Саюза, ураджэнцу вёскі Янова Лепельскага раёна Паўлу Уладзіміравічу Ялугіну.

Гэта не толькі яскравае адлюстраванне вобраза нашага знакамітага земляка, але і дэманстрацыя той вялікай ролі, што адыгрывалі беларусы ў лёсавырашальныя моманты Вялікай Айчыннай вайны, адным з якіх стаў “узлом” ужо восенню 1943 года так званага Дняпроўскага вала — моцнай, глыбока эшалаванай са шматлікімі фартыфікацыйнымі збудаванямі абароны на рацэ Днепр. Сваім самааданым подзвігам Павел Ялугін перашкодзіў здзяйсненню планаў гітлераўцаў, унёс вялікі асабісты ўклад у разбурэнне, ліквідацыю іх абарончых умацаванняў на Дняпры ва Украіне паблізу горада Днепрапятроўска. Таму зусім не выпадкова на заднім плане партрэта яскрава, у імклівым руху намаляваны воіны Чырвонай арміі, якія на лодках пачынаюць фарсіраванне Дняпра, каб захапіць на правым беразе гэтай шырокай і глыбокай ракі хаця б невялікі плацдарм для пераправы асноўных сіл нашых войскаў, разгортвання паспяховага наступлення ў глыбокі тыл ворага.

Дапамаглі Паўлу Уладзіміравічу паспяхова вырашыць пастаўленую перад ім вельмі складаную баявую задачу неабходныя веды і практычныя навыкі, якія ён набыў у ходзе вучобы ў ваенным пяхотным вучылішчы ў гора­дзе Арджанікідзе, а з 1942 года ўжо ў якасці афіцэра, ­удзельнічаючы ў жорсткіх баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў на Паўночна-Заходнім, Сталінградскім і 3-м Украінскім франтах.

— У той час я быў начальні­кам штаба батальёна, — успамінаў Павел Ялугін. — Цэлы дзень назіраў за праціўнікам, які замацаваўся на правым беразе магутнай ракі, вышукваючы больш зручнае месца для пераправы. А вечарам мяне выклікалі да камандзіра палка. Атрымаў загад ноччу пачаць пераправу.

Выдзелі мне 42 чалавекі, некалькі кулямётаў. Пагрузі­ліся ў дзве фанерныя лодкі і, калі добра сцямнела, пачалі перапраўляцца. Спачатку шанцавала. Да супрацьлеглага берага заставалася прыкладна метраў семдзесят, як вораг нас заўважыў. Вада вакол лодак закіпела ад выбухаў і куль. Так-сяк дабраліся да берага, стра­ціўшы лодкі, а разам з імі нямала зброі і боепрыпасаў. Схавацца ад агню было амаль немагчыма, заляглі прама ў вадзе. Над намі ў тым месцы толькі з паўметра выступаў бераг. Гэты выступ і стаў нашым прытулкам.

* * *

Што рабіць? Атакаваць — значыць загубіць байцоў. Загадаў звязацца па рацыі з камандаваннем палка, аднак аказалася, што рацыю разбіла. Нічога не заставалася, як ляжаць і чакаць.

Раніцай, калі ледзь заняўся золак, гітлераўцы спынілі страляніну, заварушыліся ў акопах. “Рус, капут!” — пачуліся іх выкрыкі. Мы маўчалі, і гэта, бачна, было адзі­ным нашым шанцам. Цікаўнасць фашыстаў пагля­дзець, што з намі здарылася, прымусіла іх пакінуць акопы. Вось яны ўжо набліжаюцца да калючага дроту, які раздзяляў нас…

Я загадаў падрыхтавацца.

“Ура! За Радзіму! Наперад!” — падаў каманду ў зручны момант.

Байцы дружна падняліся з вады і рынуліся на варожыя ўмацаванні. Спачатку гітлераўцы разгубіліся, павярнулі назад. А мы, пакідаўшы шынялі, перамахнулі па іх цераз калючую агароджу і, як кажуць, на “плячах” у ворага ўварваліся ў акопы. Бой быў кароткі, але жорсткі. Праз некалькі хвілін мы выбілі фашыстаў з першай лініі абароны.

Падлічылі свае сілы. Нас засталося 18 чалавек. Занялі абарону. У хуткім часе немцы пайшлі ў атаку. Адбілі мы яе, затым — другую… У варожых зямлянках засталіся такія-сякія прадукты, зброя. Усё згадзілася.

Ноч прайшла спакойна. Перад світаннем дабраўся да нас сувязіст з тэлефонам, але падмацавання чамусьці не далі. Днём фашысты зноў пачалі атаку. Выходзілі яны з кукурузнага поля колькасцю звыш роты, а ў нас жменька байцоў. Звязаўся з камандзірам палка, далажыў абстаноўку. Папрасіў падтрымаць “кацюшамі”.

У хуткім часе раздаўся магутны гул. Быццам ветрам здзьмула фашыстаў з поля.

Толькі на трэцюю ноч пачало паступаць папаўненне. Аказваецца, камандзір нашага батальёна звярнуў не туды, дзе мы трымалі абарону.

Не чакаючы галоўных сіл, самі перайшлі ў наступленне. Захапілі аэрадром, на ім шэсць спраўных баявых самалётаў. І сёння дзіву даюся: чаму яны не ўцяклі? Бачна, фашысцкія ваякі яшчэ верылі свайму фюрэру, што Дняпроўскі вал непрыступны…

* * *

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 19 сакавіка 1944 года за ўзорнае выкананне заданняў камандавання, праяўленыя мужнасць і гераізм у баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў гвардыі капітану Паўлу Ялугіну было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

З баямі дайшоў да Берліна, аднак у красавіку 1945 года быў цяжка паранены. Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Айчыннай вайны 1-й ступені, Чырвонай Зоркі, медалямі.

Пасля вайны Павел Уладзіміравіч працягнуў службу ў арміі. У 1954 годзе закончыў Маскоўскі будаўнічы тэхнікум. Быў камандзірам ваенна-будаўнічага атрада.

З 1969-га падпалкоўнік Павел Ялугін — у запасе. Жыў у Маскве. Памёр 22 сакавіка 1990 года. Пахаваны на малой радзіме ў вёсцы Суша Лепельскага раёна.

Мікалай ГАРБАЧОЎ.

На здымку: партрэт Героя Савецкага Саюза Паўла Уладзіміравіча Ялугіна, які намаляваў мастак Аляксей Ляшчоў (творчы псеўданім Manchado).

Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.