Дом с лифтовым оборудованием в Лепеле

Да наступлення новага года павінна быць завершана будаўніцтва новага 40-кватэрнага дома ў г. Лепелі па вуліцы Калініна, непадалёк ад крамы “Ганна”. Асаблівасць гэтага дома ў тым, што ён аснашчаецца ліфтамі. Калі гэтая інфармацыя была змешчана ў сацыяльных сетках, меркаванні людзей раздзяліліся. Адным падабаецца новаўвядзенне за павышэнне зручнасці для жыхароў, асабліва старэйшага ўзросту і фізічна аслабленых асоб. Другія ж наракалі, што з-за  ліфтаў значна ўзрасце кошт будаўніцтва дома, а ў далейшым у квітанцыях на аплату камунальных паслуг з’явіцца дадатковы радок.

Для таго, каб атрымаць кампетэнтныя адказы на гэтыя пытанні, мы сустрэліся з намеснікам старшыні райвыканкама Сяргеем Быстрыцкім.

— Сяргей Міхайлавіч, вядома, што яшчэ ў савецкі час дзейнічаў будаўнічы стандарт: узводзіліся дамы ў асноўным на 5 і 10 паверхаў. Дамы павышанай высотнасці будаваліся ў абласных цэнтрах, буйных гарадах і сталіцы нашай краіны. Ліфтамі аснашчаліся дамы ў 9 паверхаў і вышэй. 5-павярховікі, у прыватнасці, у г. Лепелі будаваліся без ліфтаў…

— Гэта сапраўды так. Аднак у 2019 годзе былі прыняты новыя будаўнічыя нормы БН 3.02.01-2019 “Жылыя будынкі” і БН 3.02.12-2019 “Асяроддзе пражывання фізічна аслабленых асоб”. У 2020 годзе яны ўступілі ў сілу. Згодна з імі, будаўніцтва жылля ажыццяўляецца па новых будаўнічых правілах. Сярод іншага там указана, што дамы ад 2 да 4 паверхаў, якія будуюцца, могуць быць аснашчаны ліфтамі па жаданні заказчыка, а дамы ад 5 паверхаў і вышэй аснашчаюцца ліфтамі ў абавязковым парадку. Гэты стандарт будзе выконвацца і далей. Многія грамадзяне заўважылі, што ў апошнія гады вялікая ўвага ўдзяляецца стварэнню безбар’ернага асяроддзя, камфортных умоў для пражывання і сацыялізацыі фізічна аслабленых людзей. Пры ранейшых стандартах для пражывання такім асобам павінны былі выдзяляцца кватэры на 1-м паверсе. Зараз жа, пры наяўнасці ліфтаў, такая праблема страчвае актуальнасць, даступным робіцца жыллё на любым паверсе.

— Аднак дамы, здадзеныя ў эксплуатацыю ў апошнія гады, не аснашчаны ліфтамі…

— Іх праектаванне і будаўніцтва было распачата ў 2019 годзе, калі новыя будаўнічыя нормы яшчэ не ўступілі ў сілу. Праектныя і будаўнічыя работы па доме на вуліцы Калініна пачаліся ўжо ў 2020 годзе. Адпаведна, яны праводзіліся з улікам новых будаўнічых стандартаў.

— У каментарыях у сетцы інтэрнэт некаторыя грамадзяне выказвалі занепакоенасць, што з уключэннем ліфтаў істотна павысіцца кошт будаўніцтва дома. У той жа час многія будучыя навасёлы для будаўніцтва афармлялі крэдыты льготныя і на агульных умовах, па даволі высокіх працэнтных стаўках.

— Мяркую, што ў гэтай сітуацыі лепш будзе аперыраваць дакладнымі лічбамі, каб у чытачоў склалася больш поўная карціна. Дом па вуліцы Калініна будзе мець агульную плошчу ў 2218 квадратных метраў. У ім будуецца 40 кватэр, раздзеленых на 2 пад’езды. Адпаведна, там прадугледжана манціраванне 2 ліфтаў. Кошт ліфтавага абсталявання з устаноўкай складае 127055 рублёў. Такім чынам, з-за ліфтаў кошт квадратнага метра павінен узрасці на 57 рублёў 28 капеек. Квадратны метр кватэры без аддзелкі ў доме каштуе 1543 рублі 66 капеек, а з аддзелкай — 1704 рублі 77 капеек – у гэтыя сумы ўжо ўключана ліфтавае абсталяванне. На мой погляд, пры цане квадратнага метра жылля ў 1500-1700 рублёў ліфт за 57 рублёў не павінен здавацца такім ужо дарагім. Да таго ж магчымасць падымацца не па прыступках, а на ліфце абавязкова ацэняць не толькі фізічна аслабленыя асобы, а і людзі пажылога ўзросту, маладыя маці, якія змогуць без перашкод дабірацца да дзвярэй сваіх кватэр з дзіцячымі каляскамі.

— У якой арганізацыі вядзецца мантаж ліфтаў?

— Генеральным падрадчыкам на будаўніцтве дома выступае будаўнічы трэст №9 з Віцебска. Гэта вялікая арганізацыя мае больш, чым паўвекавую гісторыю. Майстры трэста ўзводзілі многія высотныя будынкі ў Віцебску і не толькі, маюць адпаведны вопыт і ў мантажы ліфтавага абсталявання. У крайнім выпадку на ўмовах субпадраду можна наняць работнікаў прадпрыемства, якое спецыялізуецца на мантажы і наладцы ліфтаў. У любым выпадку гэта ніякім чынам не паўплывае на канчатковы кошт квадратнага метра новага дома.

— У сацыяльных сетках грамадзяне таксама выказвалі занепакоенасць коштам і арганізацыяй абслугоўвання ліфтавага абсталявання падчас далейшай эксплуатацыі.

— Адразу скажу, што абслугоўванне ліфтаў у Лепелі не павінна быць даражэйшым, чым у любым іншым горадзе Беларусі. Мяркуецца арганізаваць працэс наступным чынам. У КУВП “Бароўка” будуць адкрыты штатныя адзінкі майстроў па экстраным абслугоўванні ліфтаў. Спецыялісты змогуць разблакіраваць ліфт, які раптоўна спыніўся, раскрыць кабіну і г.д. Для рэгулярнага, планавага абслугоўвання і рамонту ліфтавага абсталявання плануецца заключыць дагавор са спецыялізаванай арганізацыяй з г. Полацка, дзе працуюць вопытныя спецыялісты адпаведнай кваліфікацыі.

*  *  *

Прагрэс не стаіць на месцы. З’яўляюцца новыя метады, тэхналогіі і ў тэхнічным, і ў сацыяльным накірунках. Пытанне змянення будаўнічых нормаў з улікам патрэб фізічна аслабленых асоб ужо даўно разглядалася адпаведнымі службамі, таму навацыі ў нарматыўнай базе былі актуальнымі. Усе 5-павярховыя дамы, якія плануюцца да праектавання і пабудовы ў г. Лепелі, у абавязковым парадку будуць аснашчацца ліфтавым абсталяваннем.

Гутарыў Васіль МАТЫРКА

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.