Дорогами памяти проходят участники лепельского автоклуба

darogaj-pamyaciКалісьці нашы дзяды і прадзеды ішлі да перамогі франтавымі дарогамі. Наша задача — прайсціся “дарогамі памяці”, каб не забыць пра гераічныя ўчынкі кожнага афіцэра, радавога і партызана з ваеннага ліхалецця. Сярод аўтаклубаў Віцебскай вобласці стартавала патрыятычная акцыя “Дарогамі памяці”, прысвечаная 75-годдзю Вялікай Перамогі.
Такое важнае мерапрыемства напярэдадні свята праводзіцца з мэтай героіка-патрыятычнага выхавання насельніцтва. Падчас яго ўдзельнікі наведваюць рэгіянальныя помнікі, якія нагадваюць пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, добраўпарадкоўваюць мемарыялы.
Актыўна падключыліся да гэтай важнай справы па зберажэнні памяці пра гераічныя подзвігі беларускага народа і работнікі дзяржаўнай установы культуры “Лепельскі раённы Дом культуры”.
Як вядома, асноўнай задачай аўтаклубаў, якія нярэдка называюць “клубамі на колах”, з’яўляецца культурнае абслугоўванне насельніцтва аддаленых і маланаселеных вёсак, дзе няма стацыянарных устаноў. Артысты праводзяць для жыхароў выязныя культурна-забаўляльныя мерапрыемствы: святы, тэматычныя канцэртныя праграмы, акцыі, ушанаванні старажылаў вёсак і іншыя.
На святах, якія праводзяцца работнікамі аўтаклуба, прысутнічае не толькі працоўнае насельніцтва, а і ветэраны, дзеці вайны. Такія мерапрыемствы заўсёды праходзяць запамінальна і цікава. Жыхары вёсак доўга потым успамінаюць сустрэчы, бо ўражанні ад іх сапраўды застаюцца незабыўныя. На такіх канцэртах-сустрэчах вяскоўцы спяваюць, танцуюць, а часам і не хаваюць слёз ад пранікнёных мелодый. Работнікі культуры для іх ужо сталі роднымі людзьмі, якіх заўсёды чакаюць у госці з нецярпеннем.
З акцыяй “Дарогамі памяці” работнікі аўтаклуба і метадысты РДК наведалі ўжо шмат вёсак, дзе пакінула свой след вайна.
Яны з самай раніцы складаюць граблі, мётлы і іншы інструмент, які можа спатрэбіцца пры навядзенні парадку каля помнікаў і магіл, сядаюць у мікрааўтобус і адпраўляюцца ў падарожжа.
Адным з першых маршрутаў выбралі накірунак Поплаўкі — Пышна — Слабодка — Стаі. Тут пра мясцовых артыстаў хочацца сказаць: “Як спяваюць, так і працуюць”. Не баяцца гэтыя спецыялісты культуры фізічнай працы, ды і прывыклі працаваць для людзей, на карысць ім.
Да патрыятычнай справы яны падышлі грунтоўна і з усёй адказнасцю. Прыбралі месцы пахаванняў не “для галачкі”, а так, каб магілы, дзе спачываюць ахвяры Вялікай Айчыннай вайны, як мага даўжэй былі ахайнымі і дагледжанымі.
Па традыцыі адбыліся і сустрэчы з мясцовымі жыхарамі, ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны.
Наступны маршрут нашых артыстаў — вёскі Кісцялёва, Губіна, Камень, а таксама Паддуб’е, Новыя Валосавічы і Грыгаравічы. Пабывалі ля многіх помнікаў і яшчэ нямала — наперадзе. Прыемна ўсведамляць, што мясцовыя артысты робяць гэта натхнёна і ад усёй душы.
Дружная праца на месцах памяці і смутку — гэта ў першую чаргу спосаб, пры дапамозе якога мы ў сучасным свеце можам выказаць бязмерную падзяку людзям, якія коштам сваіх жыццяў падарылі нам Перамогу і мірны свет. Гэтую пачэсную місію і выконваюць зараз культработнікі.
Падчас правядзення акцыі ў Віцебскай вобласці супрацоўнікі і калектывы мастацкай творчасці аўтаклубаў перадаюць яшчэ і эстафету памяці з аднаго раёна ў другі. Яна складаецца з агню Памяці, кнігі “Памяць” і карты з указаннем помнікаў, дзе адбываліся сустрэчы. Хутка ў вёсцы Саўскі Бор Лепельскага раёна гэта важная эстафета будзе перададзена Докшыцкаму раёну.
Завершыцца ж яна пятага ліпеня бягучага года ў Верхнядзвінску ля мемарыяла “Курган Дружбы”.
Н. МІЦЬКІНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.