Думали, что будут выпускаться мальки, небольшие рыбешки, а здесь — полноценные экземпляры

img_4615У рэдакцыі зазваніў тэлефон. Начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Максім Тарасаў паведаміў:
— Заўтра апоўдні будзем праводзіць зарыбленне Святога возера, запрашаем і вас…

Зарыбленне вадаёмаў — заўсёды цікавая і важная падзея, таму адклаў іншыя справы, спланаваў час. На наступны дзень, калі машына з рыбай была на пад’ездзе, зноў сазваніліся і ў абумоўленую пару на беразе Святога возера сабраліся пяць легкавых машын. Неўзабаве пад’ехалі і дзве грузавыя — з рыбай у кантэйнерах.
За апошнія гады папаўненню рыбных запасаў Лепельшчыны ўдзяляецца ўсё большая ўвага. Так, у Шчыбат запускаліся белыя амуры, таўсталобікі, у Лепельскае — карпы, карасі і шчупакі. На зарыбленых вадаёмах у далейшым, як правіла, устанаўлівалася частковая або поўная забарона на рыбную лоўлю. Гэта было патрэбна, каб выпушчаная рыба адаптавалася да новых умоваў жыцця, да новай кармавой базы.
З цягам часу, пасля зняцця забароны рыбаловы-аматары адзначалі павелічэнне папуляцыі рыб, трафеі на вуды трапляцца сталі часцей, ды і велічыня асобных экзэмпляраў істотна ўзрасла. Таму ўсе — і рыбаловы-аматары, якія гатовы суткамі не адыходзіць ад вады, і мясцовыя жыхары, якія выбіраюцца на возера нячаста, — у адзін голас ухваляюць зарыбленне. А жыхары Бароўкі ў свой час нават падтрымалі добрую справу рублём — сабралі грошай і на іх закупілі пасадачны матэрыял — белага амура.
Грамадска-дзяржаўнае аб’яднанне “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў” (БТПР) са сваіх прыбыткаў, якія фарміруюцца з членскіх узносаў, даходаў ад продажу пуцёвак для паляўнічых і рыбаловаў, аплачвае падрыхтоўку рыбна-біялагічных экспертных абгрунтаванняў для рэк і азёр, пакупку ў рыбгасах пасадачнага матэрыялу і дастаўку яго непасрэдна на месцы зарыблення.
БТПР на мерапрыемстве прадстаўляла вядучы спецыяліст па кіналагічнай рабоце Віцебскай абласной структуры грамадскай арганізацыі Таццяна Лабкова. Яна прывезла суправаджальныя дакументы: таварна-транспартныя накладныя, ветэрынарныя пашпарты і г.д.
— Пасадачны матэрыял закуплены ў рыбгасе “Волма” Чэрвенскага раёна Мінскай вобласці, — сказала Таццяна Уладзіміраўна. — На сёння нашым галоўным пунктам прызначэння з’яўляецца возера Чарнова ў Гарадоцкім раёне, будзем туды выпускаць больш за тры тоны рознай рыбы. На Лепельшчыну мы заехалі, так бы мовіць, спадарожна. Рыбу на Чэрвеншчыне закупляем рэгулярна, пасадачным матэрыялам задаволены, як правіла, працэнт гібелі ў дарозе і ў першыя месяцы жыцця на новым месцы — мізэрны, лічаныя адзінкі. Бачу, зарыбленне Святога выклікала цікавасць у лепяльчан.
-2-
Сапраўды, хоць з мяркуемага мерапрыемства таямніцы не рабілі, але і не афішыравалі, усё ішло ў рабочым парадку. Аднак на бераг прыйшлі некалькі жыхароў бліжэйшых дамоў, а крыху пазней — і школьны аўтобус прывёз каля 20 вучняў сярэдняй школы №3. Настаўнікам стала вядома аб плануемым мерапрыемстве, і яны арганізавалі выезд дзяцей, каб тыя на свае вочы пабачылі, што такое зарыбленне.
На фоне задач па зарыбленні гарадоцкага возера доля лепельскага Святога выглядае вельмі сціплай — прывезлі 100 кілаграмаў карпаў і 41 кілаграм шчупакоў. Сярэднештучная маса першых — каля 400 грамаў, другіх — 200 грамаў. Аднак варта прыняць да ўвагі такі факт, што вадаём зарыбляўся больш за 20 гадоў таму назад. З таго часу, па словах мясцовых рыбаловаў-аматараў, у Святым яшчэ жывуць некалькі карпаў, але яны вельмі ўжо вялікія, выцягнуць іх вудай амаль немагчыма. Такія экзэмпляры, масай па дзесяць і больш кілаграмаў, рвуць лёскі, ламаюць вуды. Астатнюю рыбу ўжо або даўно вылавілі, або яна з’едзена драпежнікамі, або загінула па натуральных прычынах. Паколькі возера злучаецца пратокамі з іншымі вадаёмамі, значная частка азёрных насельнікаў можа мігрыраваць.
141 кілаграм пасадачнага матэрыялу — гэта толькі на першы погляд няшмат. Цалкам верагодна, што ў далейшым папаўненне рыбных запасаў Святога працягнецца.
— Зарыбленне, як і любое іншае мерапрыемства, — гэта перш за ўсё грошы, — кажа намеснік старшыні райвыканкама Віктар Азаронак. — За 141 кілаграм рыбы трэба заплаціць 821 рубель, або каля пяці рублёў 80 капеек за кілаграм. У раённым бюджэце сродкі на гэтыя мерапрыемствы выкраіць пакуль што надзвычай складана, таму мы вельмі ўдзячныя Беларускаму таварыству паляўнічых і рыбаловаў за іх вялікую, самаадданую працу па аднаўленні рыбных запасаў Лепельшчыны.
-3-
Між тым машыны пад’ехалі бліжэй да ўрэзку вады. Паколькі матэрыялу выпускалася няшмат, вырашылі скарыстацца самымі простымі і разам з тым эфектыўнымі прыладамі. Вадзіцель сачком лавіў рыбу з кантэйнера і насыпаў яе ў вядро. Потым яго ўзважвалі, запісвалі даныя і далей рыбу выпускалі ў возера.
— З пачаткам восені для нас пачынаецца самая гарачая пара, — кажа вадзіцель рыбгаса “Волма” Аляксандр Крывіцкі, — трэба развозіць пасадачны матэрыял. Асноўныя маршруты пралягаюць у Брэсцкую і Віцебскую вобласці, астатнія рэгіёны часцей бяруць у іншых рыбгасах. Рэйс — поўны дзень. Зараз выпусцім рыбу ў вас, а потым рушым на Гарадоччыну.
Вучні СШ №3 спачатку акружылі машыну. Хлопчыкі і дзяўчынкі са здзіўленнем адзначылі, што экзэмпляры рыбін даволі вялікія.
— Думалі, што будуць выпускацца малькі, невялікія рыбінкі, а тут — паўнавартасныя экзэмпляры. Я вудай лавіў плотак, ратаноў, але яны былі нашмат меншыя за гэтых карпаў, — прызнаваўся хлопец.
Амаль усе дасталі мабільнікі, смартфоны і адразу ж на камеры пачалі здымаць фота і відэа, каб потым падзяліцца ўражаннямі з сябрамі, пахваліцца ў сацыяльных сетках. Асабліва ім спадабалася здымаць моманты выпускання рыбы ў ваду, як карпы спачатку стаялі ля берага, не адважваючыся расплывацца і асвойваць наваколле. Некаторыя дарослыя мужчыны, а потым і хлопцы-школьнікі нават бралі іх рукамі і адкідвалі ў ваду, далей ад берага. Спадабалася ім і шчупачкоў адкідваць такім чынам.
— Ну што, дзеці, сёння ў вас быў самы лепшы, самы цікавы ўрок біялогіі! — падвяла вынік настаўніца.
— Та-а-ак! Ого! — адказалі школьнікі. — А калі зноў паедзем рыбу запускаць?
— Дакладна не ведаю, але, як толькі будзе нешта падобнае запланавана, мы абавязкова пастараемся папрысутнічаць.
-4-
Дарослыя выказвалі занепакоенасць захаванасцю пасадачнага матэрыялу, маўляў, не паспеем азірнуцца, за некалькі дзён рыбаловы вылавяць карпаў і шчупакоў. Калі пачнецца клёў, то на адной-дзвюх рыбінах рыбалоў не спыніцца, будзе зноў і зноў закідваць снасць, пакуль паплавок не замрэ на воднай гладзі, паказваючы пустату ў воднай тоўшчы. Некаторыя выказвалі прапановы аб поўнай забароне на пэўны час, на цэлы год, на ўсялякую рыбную лоўлю.
— Трэба ж рыбе даць час на адаптацыю, на тое, каб яна асвоілася, разышлася па ўсім возеры. Карп, вядома, у нашых умовах размнажацца не будзе, вада для гэтага надта халодная, затое шчупаку — самае яно. А можа будзе настолькі спякотнае лета, што і карпы выпусцяць ікру, — разважаў жыхар аднаго з бліжэйшых дамоў, які выпадкова завітаў на мерапрыемства.
— У любым выпадку зарыбленне — вельмі добрая, богаўгодная справа, — выказаўся святар Сергій Ляшкевіч, які таксама прыехаў, каб пабачыць усё на свае вочы. — Усялякія добрыя справы, якія ідуць ад шчырага сэрца, угодныя Богу.

[metaslider id=20821]
Васіль МАТЫРКА.
На здымках: моманты зарыблення.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.