Две базовые величины понадобились бы в семье…

dsc_0084Прайшло чарговае пасяджэнне савета грамадскага пункта аховы правапарадку. Гэта адна з дзейсных мер уздзеяння
на свядомасць чалавека.На пасяджэнне было запрошана 20 грамадзян, прысутнічала восем. Астатнія па ўважлівых прычынах не змаглі прыйсці. У асноўным гэта асобы, якія злоўжываюць спіртным альбо тыя, хто ўчыніў правапарушэнні рознага характару. Аднак часцей за ўсё — гэта людзі, якія ў стане алкагольнага ап’яненні ўчынілі правапарушэнні. Так, некаторыя грамадзяне нападпітку пачынаюць высвятляць адносіны кулакамі альбо з дапамогай падручных прадметаў.
П’янства з’яўляецца адной з самых заганных з’яў у грамадстве, у большасці сваёй вядзе да недабрабыту ў сем’ях, наносіць непапраўную шкоду ў выхаванні непаўналетніх дзяцей, а таксама негатыўна ўплывае на крымінагенную абстаноўку ў раёне, а часам вядзе да непапраўных наступстваў.
Прафілактычная работа з гэтай катэгорыяй людзей на пасяджэнні заўжды вядзецца ў форме прынцыповай размовы. Тым больш, што ў гэты перыяд часу на тэрыторыі раёна праводзілася спецыяльнае комплекснае мерапрыемства “Быт”. У ходзе яго супрацоўнікі РАУС наведалі асоб, якія раней учынілі правапарушэнні і злачынствы ў сферы сямейна-бытавых зносін і якія знаходзяцца на прафілактычным уліку у раённым аддзеле ўнутраных спраў дзеля недапушчэння здзяйснення імі правапарушэнняў і гвалту ў сям’і.
Так, напрыклад, грамадзянін М., жыхар горада Лепеля, у стане алкагольнага ап’янення ўчыніў скандал у адносінах да сваёй жонкі.
— Па якой прычыне ў вас атрымаўся канфлікт? — пытаюцца члены савета.
— Прыйшоў дадому. Слова за слова — і пасварыліся, — адказвае мужчына. — Зараз у нас адносіны наладзіліся.
Дзве базавыя велічыні, выплачаныя ў выглядзе штрафу, спатрэбіліся б у сямейным бюджэце. Цяпер гэта мужчына разумее, а вось у час канфлікту не думаў пра наступствы.
Наступны лепяльчанін нідзе не працуе, прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці па артыкуле 17.3 частка 3 КоАП Рэспублікі Беларусь за тое, што паўторна на працягу года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за такія ж парушэнні знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення ў грамадскім месцы, меў неахайны знешні выгляд, віхляўся з боку ў бок.
— Разумею сітуацыю. Больш такога не паўторыцца, — запэўніваў мужчына.
Маладзенькая дзяўчына Т. учыніла скандал у адносінах да свайго айчыма:
— Калі я прыйшла дадому, ён быў нападпітку і сам першы пачаў са мной сварыцца. Я ж яго не біла…
Прычыну канфлікту грамадзянка нават не здолела растлумачыць, бо не ведала. Давялося заплаціць дзве базавыя велічыні штрафу, якія, як і ў іншых гісторыях, маглі пайсці на карысць сям’і.
Наступны грамадзянін у стане алкагольнага ап’янення лаяўся нецэнзурнымі словамі ў адрас сваёй маці, замахваўся рукамі, выганяў з дому.
— Яна першая ў мяне кінула тапкам, я кінуў адказ, — кажа малады чалавек.
— А як вы лічыце, па якой прычыне яна гэта зрабіла? Не проста ж так…
— Пакуль маці была на рабоце, я з прыяцелем выпіў піва напярэдадні Новага года. Маці не спадабалася, што я не дачакаўся свята і ўжыў спіртное. Маё цярпенне таксама не гумавае…
Прыкра не тое, што такім чынам сын сапсаваў святочны настрой і сабе, і маці. Страшна, што часам дзеці не разумеюць такога паняцця, як павага да сваіх бацькоў.
Яшчэ адзін малады лепяльчанін учыніў скандал у адносінах да сваёй сужыцелькі з-за рэўнасці. Пазней у сітуацыі разабраліся і зараз жывуць разам.
Зразумела, у кожнай сям’і ёсць рознагалоссі і спрэчкі. Але некаторыя людзі не адчуваюць, дзе трэба спыніцца і прамаўчаць, магчыма, нават выйсці на вуліцу і пабыць аднаму. І ўжо потым, на халодную галаву вырашыць сямейную праблему.
Разглядалі і яшчэ адну сямейную спрэчку маладых мужа і жонкі. Маці жанчыны заўсёды настройвала дачку супраць зяця. Калі мужчына вярнуўся з працы нападпітку, дома адбыўся канфлікт. У сям’і выхоўваюцца двое непаўналетніх дзяцей, якія ў выніку прызнаны ў сацыяльна небяспечным становішчы.
Як кажуць бацькі, зразумелі недапушчальнасць такіх паводзінаў і зараз робяць усё магчымае для камфорту дзяцей.
Ахова правапарадку, прафілактыка правапарушэнняў з’яўляецца найважнейшай умовай захавання стабільнасці, грамадскай бяспекі і спакою на вуліцах горада.
Перад прысутнымі таксама выступіў Анатоль Бурмістраў, начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх міліцыі грамадскай бяспекі Лепельскага РАУС, які паведаміў пра стан індывідуальнай прафілактычнай работы з непаўналетнімі.
Анатоль Міхайлавіч адзначыў, што з мэтай правядзення выхаваўча-прафілактычнай работы з непаўналетнімі і высвятлення прычын здзяйснення падлеткамі правапарушэнняў супрацоўнікамі ІСН Лепельскага РАУС праводзіцца шэраг мерапрыемстваў. Так, напрыклад, вывучаецца кола сувязяў непаўналетніх, якія ўчынілі злачынства ці правапарушэнне, і прымаюцца меры па раз’яднанні такіх груп. Непаўналетнія, схільныя да здзяйснення правапарушэнняў і злачынстваў, правяраюцца па месцы жыхарства супрацоўнікамі, дзе з імі праводзяцца індывідуальна-прафілактычныя гутаркі.
Калі супрацоўнікі РАУС выязджаюць на сямейныя скандалы і ў выпадку выяўлення фактаў недабрабыту ў сям’і, інфармацыя накіроўваецца ў аддзел па адукацыі райвыканкама для правядзення з гэтай сям’ёй прафілактычнай работы.
На сістэмнай аснове ажыццяўляецца маніторынг сацыяльных сетак, у якіх знаходзяцца падлеткі з мэтай выяўлення груп дэструктыўнай накіраванасці альбо якія прапагандуюць гвалтоўныя паводзіны. А таксама праводзіцца іншая індывідуальна-прафілактычная работа з непаўналетнімі.
Па стане на першае студзеня бягучага года інспекцыяй па справах непаўналетніх Лепельскага РАУС праводзілася індывідуальна-прафілактычная работа з 43 падлеткамі, на цяперашні час — з 41 непаўналетнім.
Наталля ХРАПАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.