Дзе ў Лепелі можна здаць адпрацаваны акумулятар, каб не парушыць экалагічныя нормы і правілы

Gara_206058 Як правільна ўтылізаваць стары, адпрацаваны аўтамабільны акумулятар? У савецкія часы акумулятарныя батарэі, як і большасць аўтазапчастак і камплектуючых, былі ў вялікім дэфіцыце, набыць новы было праблемнай справай, таму аўтааматары стараліся рознымі спосабамі працягнуць жыццё сваім акумулятарам: мянялі электраліт, препакоўвалі элементы.

Зараз спажывецкі рынак, у тым ліку і рынак аўтазапчастак і камплектуючых, багаты. Цяпер набыць новую акумулятанрую батарэю не праблема, абы грошы былі. Аднак пры гэтым узнікае новая – праз чатыры – пяць гадоў эксплуатацыі акумулятар выходзіць са строю, патрабуецца правільна яго ўтылізаваць, бо ў ім утрымліваецца кіслата, свінец і іншыя шкодныя для прыроды рэчывы. Гэтым і займаюцца спецыялізаваныя арганізацыі.

Прыём адпрацаваных акумулятараў, акрамя іншага, — даходны бізнэс. Ітак, атрымаўшы заданне, захацеў выпрабаваць усё на сабе. Паколькі з’яўляюся аўтамабілістам з больш як дзесяцігадовым стажам, меў ужо чатыры адпрацаваныя акумулятары, якія і паспрабаваў здаць.

Па першым часе варыянт з нарыхтоўчым пунктам раённага спажывецкага таварыства адкінуў, бо памятаў, якія там былі два-тры гады таму чэргі на здачу металалому. Здатчыкі ледзьве не за суткі займалі чаргу, імкнуліся апярэдзіць адзін аднаго, не было наладжана папярэдняга запісу.

Успомнілася, як увесну прыязджалі прыватныя нарыхтоўшчыкі каляровых металаў, у тым ліку прымалі і акумулятары. Нарыхтоўшчыкі загадзя далі аб’яву ў газету, таму яшчэ з раніцы на вызначаным месцы – пляцоўцы ля кафэ 555, што размешчана на трасе Мінск – Віцебск, сабраўся значны натоўп. Прывозілі лом медзі, алюмінію, не менш 15 чалавек прывезлі старыя акумулятары. Дарэчы, у той раз таксама паспрабаваў здаць свае. Выкраіўшы час у абедзены перапынак, прыехаў, але здаць так і не паспеў – занадта вялікая была чарга.

Гэтыя ж нарыхтоўшчыкі прыехалі праз месяц, сітуацыя паўтарылася, так адпрацаваныя акумулятары засталіся нездадзенымі.

Незадоўга да Новага года зноў убачыў у газеце аб’яву аб тым, што ў выхадныя на парковачнай пляцоўцы перад універмагам, насупраць міні-кафэ “Аліса”, прадстаўнікі акумулятарнай кампаніі будуць прымаць адпрацаваныя аўтамабільныя акумулятары. На гэты раз, каб быць больш інфармаваным, загадзя патэлефанаваў у прыёмны пункт райспажыўтаварыства, даведаўся пра ўмовы прыёму і расцэнкі. Спецыяліст Рымлана Балаева адказала:

— Афіцыйная цана прыёму акумулятарных батарэй у нашым пункце 14900 рублёў за кілаграм. Прымаем акумулятары ў розным стане, электраліт зліваць не абавязкова. Пры гэтым трэба ўлічваць, што пры прыёме будуць разлічвацца паніжаючыя каэфіцыенты.

— Што гэта значыць?

— Самае каштоўнае ў акумулятарах – каляровыя металы, у прыватнасці – свінец, на яго прыпадае крыху больш за палову масы. Астатняе – пластыкавы корпус, электраліт, крышкі – спадарожнае смецце, якое пры гэтым не выкінеш.

— На якую ж канчатковую цану можа разлічваць здатчык?

— 8700 рублёў за кілаграм.

Задаволіўшыся гэтым адказам, рушыў на базарную плошчу. У базарны дзень на паркоўцы знаходзіўся пікап, ля яго стаялі мужчына і жанчына, побач былі падлогавыя вагі, у фургончыку – каля пятнаццаці ўжо здадзеных акумулятараў. Чаргі не было, можна было спакойна пад’ехаць. Аднак спачатку падыйшоў, пацікавіўся цэнамі. Мужчына адказаў:

— Мы плацім па 7200 рублёў за кілаграм. Вось гэты вялікі акумулятар, напрыклад, пацягнуў на 163 тысячы. Грошы выплочваем на месцы.

З аднаго боку, умовы падаліся прывабнымі: здача без чаргі, грошы на месцы. Аднак мінус 1500 рублёў з кожнага кілаграма – не вельмі прыемная рэч. Можна было б пагадзіцца, калі б здаваў адзін дзесяцікілаграмовы акумулятар, але калі яны важаць пад сто кг? Паразважаўшы, вырашыў не спяшацца і паспрабаваць ў бліжэйшыя дні здаць акумулятары ў нарыхтоўчы пункт РСТ.

Не адкладаючы справу ў доўгую скрыню, назаўтра ў абедзены перапынак прыехаў на вуліцу Савецкую. Вельмі здзівіўся, што не ўбачыў чаргі, стаяла побач з заездам толькі адна грузавая машына. Зайшоў у прыёмны пункт, у кабінеце прыёмшцыка былі толькі двое чалавек. Першы ўжо адгрузіў металалом, другі – макулатуру, заставалася толькі аформіць накладныя і выдаць на рукі грошы. Праз пяць хвілін Рымлана Балаева вызвалілася, мы падыйшлі да памяшкання прыёму адпрацаваных акумулятараў. Усклалі прывезеныя на вагі – атрымалася 94 кілаграмы. Перанеслі ў кладоўку. Потым у кабінеце запоўнілі дакументы і, гэтак жа як і ранейшым здатчыкам, грошы былі выдадзены на месцы.

— Памятаю пару гадоў назад сюды было не прабіцца з-за чэргаў, — кажу Рымлане Ахметаўне.

— Той ажыятаж даўно мінуў, ужо больш, як паўтара года працуем у спакойным, штатным, можна сказаць, рэжыме. Людзі прывозяць другасную сыравіну – металалом, лом каляровых металаў, макулатуру, анучы, а мы іх прымаем. Праблем з выплатай грошай таксама няма.

Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.