Экспарт тавараў і паслуг

Адным з галоўных паказчыкаў эфектыўнасці эканомікі з’яўляецца гандлёвы баланс — суадносіны экспарту і імпарту. Пра гэта гутарым з намеснікам старшыні райвыканкама па эканоміцы Аляксандрам Аксяновічам. 

— Аляксандр Уладзіміравіч, якімі паказчыкамі характарызуецца знешнегандлёвы баланс Лепельшчыны за апошнюю пяцігодку?

— Калі рэгіён ці прадпрыемства закупляе сыравіны ці тавараў на большую суму, чым прадае, то гэта азначае банкруцтва. Калі ж суб’ект гаспадарання ці рэгіён прадаюць на большыя сумы —  атрымлівае прыбытак, можа павышаць жыццёвы ўзровень лю­дзей, выконваць сацыяльныя гарантыі і абавязацельствы. За апошнія пяць гадоў прадпрыемствы Лепельшчыны знаходзяцца ў стабільным “плюсе” гандлёвага сальда як па гандлі таварамі, так і паслугамі. За 2011 — 2014 гады дадатнае сальда перавысіла 150 мільёнаў долараў ЗША. За чатыры гады пяцігодкі экспарт тавараў з Лепельшчыны вырас на 50 працэнтаў, а экспарт паслуг — на 180 працэнтаў.

— Аднак нельга не ўлічваць трывожных тэндэнцый апошняга часу…

— Так, гэта выклікае пэўную трывогу і занепакоенасць. У студзені — лютым прырост экспарту тавараў істотна знізіўся ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года. Прадукцыя прадпрыемстваў прадаецца ў меншых аб’ёмах, скарачаецца валютная выручка, ад чаго церпяць страты ўсе: ад дзяржавы да кожнага работніка.

— Асноўны экспарцёр рэгіёна — ААТ “Лепельскі малочнакансервавы камбінат”, яго прадукцыя на працягу шэрага апошніх гадоў карысталася сталым попытам на міжнародным рынку ад Расіі да Венесуэлы…

— Так, доля прадукцыі МКК у экспарце тавараў Лепельшчыны сёлета складае 94 працэнты, у іншыя гады вагалася ад 92 да 98. Апошнім часам прадпрыемства перажывае цяжкія часіны. Напрыклад, за студзень — май бягучага года на экспарт адгружана тавараў на 8629,5 тысячы долараў ЗША, што складае 54 працэнты да адпаведнага перыяду мінулага года. Тут сышліся некалькі неспрыяльных фактараў. Па-першае, на сусветных рынках істотна знізіся цэны на сухое малако — асноўную прадукцыю ААТ “Лепельскі МКК”. Калі ў пачатку пяцігодкі кошт кілаграма сухога цэльнага малака даходзіў да 5,5 долара ЗША, то сёлета ён часам апускаўся да 2,4 долара. За сту­дзень — май сярэдняя цана рэалізацыі сухога малака склала 3,61 долара ЗША.

Другі фактар — скарачэнне рынкаў збыту. Сёлета, напрыклад, прыпыніла закупкі малака Венесуэла.

 — Але ж не адной Венесуэлай мы жывыя, наш галоўны гандлёвы партнёр — на ўсходзе.

— Так, доля Расійскай Федэрацыі ў экспарце Лепельшчыны складае каля 95 працэнтаў. Такая цесная прывязка аказала нашым прадпрыемствам-экспарцёрам “мядзведжую” паслугу. За апошні год Расія істотна скараціла імпарт розных тавараў. Акрамя гэтага, дэвальвацыя расійскага рубля значна зменшыла нашу выручку. За кілаграм, тону, кубаметр экспартаванай у Расію прадукцыі прадавец атрымаў меншую выручку. Калі ў пачатку года расійскі рубель каштаваў 280 беларускіх, то ў пачатку лета — толькі 225.

 — Якімі вам бачацца далейшыя шляхі?

— Найперш — дыверсіфікацыя напрамкаў экспарту. Расійскі рынак, вядома, вялікі, ёмісты, аднак нельга завязвацца толькі на ім. Кіраўніцтва ААТ “Лепельскі МКК” праводзіць планамерную работу ў гэтым напрамку. За апошнія месяцы праведзены перамовы з патэнцыйнымі пакупнікамі з Кітая, Узбекістана, Казахстана. Пры гэтым усё ж такі не забываюцца і ранейшыя гандлёвыя партнёры, дамаўляліся з дзелавымі прадстаўнікамі з Якуціі. У некаторых выпадках закупленыя і адгружаныя заказчыкам пробныя партыі прадукцыі, да 20 тон.

Па-другое, дыверсіфікацыя наменклатуры тавараў. Малочная прадукцыя складае 95 працэнтаў усіх экспартных паставак Лепельшчыны. Аднак варта і іншым прадпрыемствам падключацца, павялічваць сваю долю. Напрыклад, бліжэйшы “канкурэнт” МКК — ДЛГУ “Лепельскі лясгас” — у экспарце Лепельшчыны мае толькі адзін працэнт. Некаторым прадпрыемствам цяжка працаваць на экспарт. Напрыклад, Лепельскі электрамеханічны завод па кааперацыі цесна завязаны са сваім галаўным прадпрыемствам — Мінскім заводам шасцерань, туды амаль цалкам адпраўляе сваю прадукцыю. Вось у гэтай сітуацыі ёсць дзе папрацаваць прыватнікам. І некаторыя актыўна падстаўляюць плячо. Напрыклад, таварыства з абмежаванай адказнасцю “БелХімас” першапачаткова арыентавалася на пакупнікоў унутры Беларусі, аднак на працягу апошняга года стала ўсё больш прадаваць на экспарт. Нарошчвае экспартныя пастаўкі СТАА “МіконікТэкноладжыс”. Упершыню сёлета на экспарт сваю прадукцыю прадалі ТАА “Майстар-Шык”, сялянская фермерская гаспадарка Славецкага. Патэнцыял для развіцця ёсць, дзяржава ў сваю чаргу таксама зацікаўлена ў нарошчванні экспарту тавараў.

— А што з экспартам паслуг?

— Гэты від дзейнасці для лепельскіх прадпрыемстваў не новы, шмат гадоў у нашых курортных установах папраўляюць здароўе госці з іншых краін, лепельскія працаўнікі выконваюць заказы па-за межамі рэспублікі. На працягу чатырох гадоў пяцігодкі экспартам паслуг на Лепельшчыне займаліся каля 20 суб’ектаў гаспадарання, з іх палова — недзяржаўнай формы ўласнасці. Пры прагнозным паказчыку росту на 135 працэнтаў рост склаў 181,7 працэнта. Напрыклад, у мінулым годзе прадпрыемствы Лепельшчыны аказалі паслуг больш як на пяць мільёнаў долараў ЗША. Экспарт паслуг — вельмі перспектыўны від дзейнасці, які забяспечвае валютную выручку пры мінімальных укладаннях валютных сродкаў.

— Якія прадпрыемствы, галіны лідзіруюць?

— У агульным аб’ёме экспарту паслуг галоўнае месца займаюць турыстычныя паслугі — 45,3 працэнта. Сярод лідараў у гэтай сферы — дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр “Жамчужына”, дзяржаўная ўстанова “Лепельскі ваенны санаторый УС РБ” і дзяржаўная прыродаахоўчая ўстанова “Бярэзінскі біясферны запаведнік”, ТАА “Пансіянат ЛОДЭ”. Кожны месяц яны прымаюць турыстаў з розных куткоў, паказваюць непаўторную прыгажосць нашага краю, знаёмяць гасцей з багаццем прыроды, гасціннасцю лепяльчан. Пра кожную з гэтых устаноў можна расказваць шмат, кожная мае свае асаблівасці, якія і дапамагаюць прывабліваць турыстаў.

Аднак у апошні год турыстычная плынь істотна знізілася.  “Жамчужына” зменшыла сваю валютную выручку сёлета амаль на 30 працэнтаў, а пансіянат ЛОДЭ — амаль напалову. Прычына гэтаму — арыентацыя ў асноўным на расійскіх кліентаў. У Расіі сёлета вельмі складаная эканамічная сітуацыя, многія турысты памянялі свае планы на лета, вырашылі адпачываць унутры сваёй краіны, дзе танней. Нашым установам варта было б больш актыўна выходзіць на турыстычны рынак далёкага замежжа, больш актыўна прапаноўваць там свае паслугі.

— Другая галіна…

— Экспарт будаўнічых паслуг. Нашы арганізацыі выконваюць заказы, будуюць аб’екты ў Расіі. Будаўнічыя паслугі складаюць 29,5 працэнта ад усяго экспарту паслуг. У гэтым відзе дзейнасці сярод лепельскіх прадпрыемстваў лідарам з’яўляецца камунальнае ўнітарнае прадпрыемства “Лепельскае ПМС”. Хаця яны і называюцца меліяратарамі, аднак за апошнія гады доля будаўніцтва і абслугоўвання меліярацыйных сістэм у агульным балансе прадпрыемства паступова зняншаецца за кошт росту долі іншых паслуг, у першую чаргу будаўнічых. Працаўнікі бяруцца за любыя выгадныя заказы: пракладванне інжынерных камунікацый, будаўніцтва дарог і пад’ездаў, добраўпарадкаванне і г.д. За першую палову бягучага года ме­ліяратары аказалі паслуг на экспарт амаль у два з паловай разы больш, чым за аналагічны леташні перыяд. На жаль, іншыя будаўнічыя прадпрыемствы не могуць пахваліцца такімі ж паказчыкамі. Яны ў пераважнай большасці працуюць на аб’ектах унутры рэспублікі.

— Трэцяя…

— Аказанне транспартных паслуг. Выгаднае геаграфічнае становішча Беларусі, Лепельшчыны стымулюе актыўна займацца груза- і пасажыраперавозкамі. Напрыклад, выручка перавозчыкаў у мінулым годзе перавысіла 700 тысяч долараў ЗША. У плане экспарту транспартных паслуг лепей за ўсіх працуюць суб’екты гаспадарання недзяржаўнай формы ўласнасці: ТАА “Алекс-Т”, ПТУП “Мазай плюс”, ТАА “Унікартранс”, ПТУП “Графаўта” і іншыя. Шмат у гэтай сферы працуе і індывідуальных прадпрымальнікаў. Значны імпульс развіццю транспартных паслуг даў Дэкрэт №6, згодна з якім у вялікай меры быў абноўлены аўтапарк грузаперавозчыкаў, спрасцілася вядзенне бухгалтарскай і справаздачнай дакументацыі. Вядома, узрасла і канкурэнцыя ў гэтым асяроддзі. Аднак рост добрасумленнай канкурэнцыі заўсёды вядзе да выгады канчатковаму спажыўцу праз павышэнне якасці тавараў, паляпшэнне сэрвісу, змяншэнне цэн.

Васіль МАТЫРКА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.