Узводзіцца пяціпавярховік

406У Лепелі па вуліцы Калініна побач з “Кулінарным камбінатам” раённага спажывецкага таварыства ўзводзіцца 80-кватэрны жылы дом. Працуюць аўтатранспартная тэхніка, некалькі брыгад ДКУБП “Лепельская ПМК-75”.

— Будаўніцтва аб’екта пачалося ў маі, аднак ужо забіты палі, укладзены жалезабетонныя блокі, зладкаваны перамычкі, заліты фундамент пад большай часткай шматпавярховіка, а таксама падведзены водаправод, каналізацыя, цеплавыя сеткі, — адзначыў прараб Дзмітрый Мазго. — У гэты ж час муляры двух брыгад, якімі кіруюць брыгадзі­ры Аляксандр Аношка і Вячаслаў Карбоўскі, вядуць цагельную кладку сцен першага паверха дома, дзе ўжо зладкаваны фундамент.

Вадзіцелі Валерый Тухта і Аляксандр Шкіранда на аўтамашынах МАЗ аператыўна падвозяць будаўнічыя матэрыялы. Тры аўтакраны забяспечваюць іх своечасовую разгрузку. Машыніст аўтакрана Васіль Гнасёнак у спецыяльнай ёмістасці падае бетонны раствор цеслярам Аляксандру Кожыну і Сяргею Пачэпка, якія заліваюць яго ў апалубку жалезабетонных блокаў фундамента.

— Як ацэньваеце сумесную працу ветэранаў-будаўнікоў і маладых рабочых?

— Надзейны сплаў шматгадовага вопыту ветэранаў памножаны на маладую няўрымслівасць і стараннасць прыносіць станоўчыя вынікі. Прынамсі, зладжана рупяцца вопытныя цесляры Сяргей Краўцоў, Аляксандр Кожын, Сяргей Правада, Іван Фурс і іншыя, але ніколькі ад іх не адстае малады рабочы Сяргей Пачэпка, хаця і працуе цесляром у аргані­зацыі ўсяго толькі дзесяць месяцаў.

— Што яшчэ трэба зрабіць у бліжэйшы час?

— Зманціраваць высокі вежавы кран. З дапамогай яго будуць падавацца будаўнічыя матэрыялы на другі і іншыя паверхі дома. А ўсяго ў гэтым доме будзе пяць паверхаў, якія стромка падымуцца ўверх, нават сваім знешнім выглядам упрыгожаць гэты мікрараён нашага горада.

— Калі плануецца завяршыць будаўніцтва?

— У канцы студзеня 2016 года.

Мікалай ГАРБАЧОЎ.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.