Фестиваль правовых знаний прошёл на Лепельщине


Канвенцыя, дэкларацыя, Канстытуцыя — веданне гэтых і іншых тэрмінаў, а таксама юрыдычную пісьменнасць прадэманстравалі вучні ўстаноў адукацыі Лепельскага раёна.

Ці павінны школьнікі валодаць прававымі ведамі ў свае бесклапотныя гады? Магчыма, зараз яны ім і не спатрэбяцца, аднак у будучыні гэта будзе вельмі каштоўны багаж. У жыцці здараюцца розныя сітуацыі, пра якія мы нават і ўяўляць сабе не можам. Ніхто не ведае, што чакае чалавека нават у хуткім часе, таму быць падкаваным юрыдычна не зашкодзіць.

Па традыцыі ў раённым Доме культуры прайшоў раённы этап абласнога фестывалю прававых ведаў, арганізатарамі якога выступілі аддзел па адукацыі райвыканкама сумесна з пракуратурай раёна і інспекцыяй па справах непаўналетніх Лепельскага РАУС, а таксама раённы Дом культуры.

Спаборнічалі на сцэне каманды з 7 школ раёна ў розных узроставых катэгорыях. Акрамя таго, што ўдзельнікі — сапраўдныя юныя артысты, дык яны яшчэ і казалі сур’ёзныя рэчы.

Пры выступленні агітбрыгад больш за ўсё спадабалася тое, што ў даступнай і ў той жа час незвычайнай форме падлеткі здолелі распавесці пра Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь, прадэманстравалі веданне Закона Рэспублікі Беларусь «Аб правах дзіцяці», Канвенцыі аб правах дзіцяці, а таксама нагадалі прысутным, што супрацьпраўныя ўчынкі да дабра не даводзяць. У кожнай каманды праграма была розная, аднак усе ўдзельнікі фестывалю заклікалі сваіх аднагодкаў заўсёды прытрымлівацца законаў і ні ў якім разе не парушаць іх.

Перакладзеныя сучасныя песні западалі ў памяць прысутным, лёгка ўспрымаліся на слых і дапамагалі ўсвядоміць простыя, але вельмі важныя ісціны.

“Без законаў нам нельга, яны лепшыя сябры”, “Жыві па законе, не тапі свае мары”, “Забавы бываюць розныя: карысныя, цікавыя і шкодныя” – са сцэны шмат гучала прызываў да моладзі, і ўсе яны былі з вялікім сэнсам. Не прамінулі і тэму наркотыкаў – не толькі ўжывання, але і распаўсюджання, за што пагражае немалы тэрмін абмежавання волі. Лічу, што на такія мерапрыемствы трэба збіраць як мага больш навучэнцаў.

Пакуль на сцэне ліліся песні, паказваліся сцэнкі, танцы, прадстаўнікі каманд, у каго раней былі праблемы з законам, удзельнічалі ў алімпіядзе прававых ведаў. Падлеткам трэба было адказаць на 30 пытанняў аб правах і абавязках грамадзян Рэспублікі Беларусь, аб юрыдычнай дапамозе, прававой адказнасці і шмат іншым.

«Што з’яўляецца дысцыплінарным спагнаннем: папярэджанне, штраф, дыскваліфікацыя ці заўвага?”, “Якія межы дзейнасці закона аб правах дзіцяці: з моманту нараджэння да 10 год, на ўсё жыццё, з моманту нараджэння і да 16 год ці з моманту нараджэння і да 18 год?”, “Што з’яўляецца асноўным Законам нашай дзяржавы: Канвенцыя, Дэкларацыя, Статут ці Канстытуцыя?” – на гэтыя і іншыя пытанні адказвалі хлопцы і дзяўчаты.

Некаторыя пытанні нават у мяне, дарослага чалавека, выклікалі пэўную складанасць, а юныя лепяльчане на іх адказвалі не задумваючыся. У асноўным было зроблена толькі 3-4 памылак у тэстах.

На працягу ўсяго мерапрыемства адчуваўся здаровы дух саперніцтва і нават сяброўства. Кожная каманда годна праходзіла выпрабаванні, паказваючы свае веды і таленты, а калі выступалі іх сапернікі – апладзіравалі, не шкадуючы далоняў.

Пасля непрацяглага абмеркавання члены журы аб’явілі вынікі. У прававой алімпіядзе першае месца атрымаў прадстаўнік сярэдняй школы №1. Каманда гэтай жа ўстановы адукацыі стала лідарам у старэйшай узроставай катэгорыі (8-11 класы) сярод агітбрыгад. На другой прыступцы аказаліся вучні Поўсвіжскай базавай школы.

Ва ўзроставай катэгорыі 5-7 класаў перамогу атрымала каманда сярэдняй школы №3 г. Лепеля, другое месца занялі навучэнцы Бароўскай СШ і на трэцюю прыступку п’едэстала ўзнялася каманда гімназіі імя І. М. Ерашова. Ва ўзроставай катэгорыі 1-4 класаў другое месца ў Заслонаўскай сярэдняй школы, трэцяе – у Слабадской яслі-сад – сярэдняй школе.

На абласным узроўні наш раён будзе прадстаўляць каманда сярэдняй школы №1. Жадаем ім поспехаў!

— Кожны грамадзянін абавязаны ведаць законы сваёй краіны, каб не парушаць іх самому і ўмець абараніцца ад супрацьпраўных дзеянняў. Лепш за ўсё вывучэнне правілаў, па якіх жыве наша грамадства, пачынаць са школьнага ўзросту. Алімпіяда прававых ведаў дазваляе школьнікам раёна паглыблена вывучыць іх правы і абавязкі, каб потым прымяняць у жыцці.

Прыемна, што моладзь на годным узроўні паказвае свае веды. Вучні і іх настаўнікі зрабілі шмат, каб падрыхтавацца да алімпіяды і выступленняў агітбрыгад, — адзначыла ўчастковы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх Лепельскага РАУС Яўгенія Свідзінская.

Мне ж асаблівыя словы падзякі хочацца сказаць Алене Дзмітрыеўне Макаранка, культарганізатару раённага цэнтра дзяцей і моладзі, якая не толькі была вядучай мерапрыемства, але і падтрымлівала школьнікаў за кулісамі і ўзнімала настрой прысутным у зале.

Наталля Храпавіцкая.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.