Галоўныя прыярытэты лепельскіх будаўнікоў

Галоўнай мэтай сацыяльна-эканамічнага развіцця з’яўляецца рост дабрабыту і паляпшэнне ўмоў жыцця насельніцтва.
— Адным з прыярытэтных накірункаў дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі з’яўляецца будаўніцтва якаснага і даступнага жылля, — адзначыла дырэктар інвестыцыйна-будаўнічага камунальнага ўнітарнага прадпрыемства “Лепельскае ўпраўленне капітальнага будаўніцтва” Галіна Любімава. — За адзінаццаць месяцаў 2013 года на ўзвядзенні жылля было асвоена 36,7 мільярда рублёў. Летась уведзены ў эксплуатацыю васьмікватэрны жылы дом у Домжарыцах — восем сем’яў справілі наваселле. ДКУБП “Лепельская ПМК-75”здала ў эксплуатацыю 100-кватэрны жылы дом па вуліцы Чуйкова, 64, агульная плошча — 5953 квадратныя метры. У гэтым доме 95 кватэр пабудавана з дзяржпадтрымкай за лік ільготных крэдытных рэсурсаў ААТ “ААБ “Беларусбанк”, тры аднапакаёвыя — за сродкі мясцовага бюджэту, дзве ўзвялі прадпрыемствы для сваіх работнікаў — гэта РУП “Віцебскаблгаз” і ДЛГУ “Лепельскі лясгас”.
Побач з гэтым стокватэрнікам ПМК-75 пачалося ўзвядзенне яшчэ аднаго шматпавярховага дома на 100 кватэр. Забіты ў зямлю палі, зроблены сеткі прысценнага дрэнажу, распачата абуладкаванне маналітнага ростверку. Аднак фінансаванне аб’екта адсутнічае. На 1 снежня 2013 года былі выкананы будаўніча-мантажныя работы на 3,213 мільярда рублёў, а членамі жыллёвага кааператыва ўнесена толькі 827 мільёнаў рублёў.
— Колькі жылля пабудавана індывідуальнымі забудоўшчыкамі?
— У эксплуатацыю ўведзена жыллё агульнай плошчай 7500 квадратных метраў.
— Як фінансуюцца аб’екты інжынернай і транспартнай інфраструктуры?
— На гэтыя мэты летась было выдзелена 23,771 мільярда рублёў. Сіламі ДКУБП “Лепельская ПМК-75”, ЛКУПМС “Лепельскае ПМС” выкананы работы па будаўніцтве сетак водазабеспячэння, каналізацыі, добраўпарадкаванні 100-кватэрнага жылога дома па вуліцы Чуйкова, 64. ДРБУ-202 і ПМС добраўпарадкоўвалі вуліцы Мінская і Кляшторнага, а таксама вуліцы мікрараёнаў індывідуальнай жылой забудовы Пясчанка, Садовы. Акрамя таго, пракладваліся сеткі водазабеспячэння па вуліцах Коцарава, Заслонава, завулку Паўднёваму мікрараёна “Поўдзень-1”. З-за недастатковага фінансавання ўзвядзення сетак каналізацыі, у тым ліку і каналізацыйнай помпавай станцыі, выкананне гэтых работ будзе прадоўжана ў гэтым годзе.
На будаўніцтва палігона цвёрдых бытавых адходаў у населеным пункце Бораўна было выдзелена ўсяго 200 мільёнаў рублёў. Застаецца спадзявацца, што ў 2014 годзе будзе забяспечана дастатковае фінансаванне і гэты аб’ект будзе ўведзены ў эксплуатацыю.
Хацелася б паскорыць і рэстаўрацыю краязнаўчага музея — помніка архітэктуры XIX стагоддзя, а для гэтага хаця б закрыць знадворны яго контур ад далейшага разбурэння.
— На ўзвядзенне яшчэ якіх важных сацыяльных аб’ектаў маецца праектна-каштарысная дакументацыя?
— Такая дакументацыя ўжо распрацавана інстытутам “Белкамунпраект” па другой чарзе будаўніцтва аб’екта “Водазабеспячэнне горада Лепеля”. Яна ўжо прайшла дзяржаўную экспертызу. Пры ўводзе ў строй дзеючых гэтага аб’екта жыхары мікрараёнаў Бяленіца і цэнтральнай раённай бальніцы будуць забяспечаны чыстай вадой. На дзяржаўную экспертызу накіравана і дакументацыя па аб’екце “Фізкультурна-аздараўленчы цэнтр з басейнам у горадзе Лепелі”.
— Якія рамонтныя работы праводзіліся ў сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі?
— Капітальны і бягучы рамонт жылфонду, цеплавая мадэрнізацыя жылых дамоў, рамонт і будаўніцтва сетак цепла- і водазабеспячэння, добраўпарадкаванне горада і сельскіх населеных пунктаў. У Лепелі абуладкаваны тратуары па вуліцах Школьная, Барысаўскі тракт. Не закончаны работы па ўстройстве тратуара па вуліцы Валадарскага. Праводзіўся бягучы і ямачны рамонт вуліц горада. На апошняй сесіі раённага Савета дэпутатаў, дзе зацвярджаўся раённы бюджэт на 2014 год, я, як дэпутат, у сваім выступленні прапанавала па-магчымасці павялічыць фінансаванне на добраўпарадкаванне вуліц і дваровых тэрыторый Лепеля.
Мікалай ГАРБАЧОЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.