Где родился, там и пригодился

anton-pshonkoПрацягваем наш расповед пра маладых спецыялістаў, якія скончылі навучальную ўстанову ў мінулым годзе і рупяцца на Лепельшчыне. Асабліва прыемна гутарыць з тымі, хто вярнуўся па размеркаванні на радзіму. Як кажуць, дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся.
Адным з такіх з’яўляецца Антон Пшонка, які працуе кіраўніком фізічнага выхавання ва ўстанове адукацыі “Яслі-сад №9 г. Лепеля”.
Камусьці, магчыма, не зусім звыкла бачыць у дашкольнай установе сярод педагагічнага складу мужчыну, бо ў асноўным калектыў складаецца з жанчын. Аднак, лічу, што гэта добрая практыка. Па вачах маленькіх выхаванцаў бачна, што для іх Антон Андрэевіч — вялікі аўтарытэт. Многія хлопчыкі мараць быць такімі моцнымі, як іх педагог.
Усім вядома, што рэгулярныя заняткі фізкультурай умацоўваюць арганізм і спрыяюць павышэнню імунітэту. Дзеці, у адрозненне ад дарослых, вельмі рухомыя. Ім проста неабходна часам удосталь пабегаць.
Антон Андрэевіч усе заняткі праводзіць згодна з планам, дзе вялікая ўвага надаецца фарміраванню правільнай постаці, рухальных навыкаў, а таксама прывіццю цікавасці да фізічных практыкаванняў.
Менавіта ў дашкольнай установе дзеці набываюць асноўныя жыццёвыя веды і навыкі, якія фарміруюць у школе і, па звычцы, працягваюць сачыць за сваім здароўем на працягу ўсяго жыцця.
— За паўгода працы з дзецьмі вы заўважылі змяненні ў іх фізічным развіцці?
— Так, калі пачынаеш займацца сістэматычна, заўсёды адчуваюцца змены.
Аднак на занятках па фізічнай культуры зносіны з дзецьмі не заканчваюцца. Дашкольнікі з задавальненнем бягуць да Антона Андрэевіча і расказваюць яму, чым займаліся на выхадных, што ім набылі бацькі…
Да кожнага малады спецыяліст імкнецца знайсці падыход, за правільна выкананае заданне не шкадуе для малых пахвалы.
— Крычаць на дзяцей з-за дрэннага настрою недапушчальна. Па-другое, іх трэба ўвесь час займаць. Дрэнна паводзяць сябе дзеці ад недахопу ўвагі, — кажа мой суразмоўца.
Нарадзіўся і вырас Антон у Лепелі, у інтэлігентнай сям’і, дзе прыязныя і сяброўскія адносіны зрабілі добры ўплыў на маладога чалавека. З першых хвілін размовы я зразумела, што перада мной не толькі прыгожы малады, а і добра выхаваны чалавек.
Скончыўшы сярэднюю школу №3 горада Лепеля, Антон паступіў у Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт на спецыяльнасць “Фізічная культура”.
Як кажа мой суразмоўца, у дзяцінстве не марыў пра прэстыжныя прафесіі. Свой свядомы выбар зрабіў ужо ў старэйшых класах, пра які не шкадуе. Бацькі таксама не навязвалі сваёй думкі, падтрымлівалі сына ва ўсіх пачатках і інтарэсах.
Хлопец з дзяцінства любіў актыўны лад жыцця, імкнуўся і ў будучым займацца справай, якая будзе прыносіць карысць сабе і людзям. Рухомыя гульні з сябрамі заўсёды вабілі праводзіць час на свежым паветры. Антон наведваў гурткі ў раённым ЦДіМ.
У юнацтве хлопцу спадабаўся атлетызм, захоплена стаў наведваць трэнажорную залу. Яно і зразумела: хто з моладзі не хоча выглядаць добра, а заняткі атлетызмам дапамагаюць палепшыць прапорцыі цела, дазваляюць сябе адчуваць упэўнена ва ўсіх жыццёвых сітуацыях.
Некалькі гадоў наведваў ваенна-патрыятычны клуб, дзе атрымліваў азы ваеннай справы. Сюды прыязджалі трэнеры нават з Полацка і Мар’інай Горкі. Яны займаліся з лепельскімі хлопчыкамі, арганізоўвалі экскурсіі ў воінскія часці.
Калі пачалі размаўляць пра родны край, Антон з упэўненасцю паведаміў, што любіць Лепельшчыну за прыгожыя краявіды і з’яўляецца патрыётам сваёй радзімы. Асабліва хлопцу падабаюцца цэнтральны парк і пляж, дзе летам можна прыемна і з карысцю правесці вольны час. Паплаваць, пазагараць, пагуляць з сябрамі ў валейбол ці футбол — там ёсць усё, каб моладзь ад адпачынку атрымлівала толькі прыемныя ўражанні.
Акрамя гэтага, у вольны час Антон сядае на веласіпед і імчыць у лясную зону да возера Люсінец. Бывае, і падчас прабежкі наведвае гэтае маляўнічае месца. Прагулка становіцца асаблівай, калі да хлопца далучаецца яго сяброўка Анастасія, якая таксама захапляецца здаровым ладам жыцця.
З дзяцінства Антон займаецца турызмам. Час, праведзены ля вогнішча з сябрамі, — што можа быць рамантычней! Так, на самой справе, ні з чым немагчыма параўнаць паходы з начлегам у палатках.
Калісьці займаўся і камп’ютарнымі гульнямі, але зараз на гэта не хапае часу. Цяпер жа Антону больш даводзіцца чытаць інфармацыйныя публікацыі, якімі можна скарыстацца ў жыцці. Акрамя гэтага, падабаюцца бестселеры і матывацыйная літаратура.
Калі пачалі размаўляць пра планы на далейшую будучыню, зразумела, што Антон мае дакладна пастаўленыя мэты, да якіх імкнецца. Не маю права раскрываць сакрэты, але хлопца ўражваюць трэнажорныя залы, заняткі фітнэсам, таму, магчыма, з гэтым ён і звяжа свой далейшы працоўны шлях.
А яшчэ хлопец вельмі рады, што трапіў у калектыў, дзе паміж калегамі склаліся добрыя сяброўскія адносіны. З любым можна параіцца, ды і проста пагутарыць па душы.
Займацца справай, ды яшчэ атрымліваць ад гэтага асалоду, разумець, што дні праходзяць з карысцю, — гэта жыццёвая ўзнагарода, — у гэтым упэўнены малады перспектыўны спецыяліст.
Наталля
ХРАПАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.