На первом месте — качество жизни лепельчан

zasedanieВыкананне паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна ў 2019-м годзе і задачы на 2020-ы абмеркавалі на чарговым пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта.
Намеснік старшыні райвыканкама Аксана Церашкова адзначыла, што па выніках работы за 2019 год забяспечана выкананне задання па вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі на сельгаспрадпрыемствах, колькасці працаўладкаваных грамадзян на зноў створаныя працоўныя месцы за лік новых прадпрыемстваў і вытворчасцяў, арганізацый, па зніжэнні ўзроўню выдаткаў на вытворчасць і рэалізацыю прадукцыі.
Забяспечана станоўчая дынаміка па індэксе фізічнага аб’ёму прамысловай прадукцыі, рознічным таваразвароце, экспарце паслуг без уліку рэспубліканскіх арганізацый, аб’ёмах будаўніча-мантажных работ. Атрымана станоўчая рэнтабельнасць продажу, прыцягнута 0,1 мільёна рублёў замежных інвестыцый на чыстай аснове.
З мэтай выканання ўстаноўленых паказчыкаў прамысловымі прадпрыемствамі раёна ў 2019 годзе працягнута работа па павелічэнні канкурэнтаздольнасці, якасці выпускаемай прадукцыі, засваенні яе новых відаў.
Прамысловым комплексам раёна асвоена больш за 5,6 мільёна інвестыцый. Чысты прыбытак у гэтым сектары эканомікі склаў 1,1 мільёна рублёў, рэнтабельнасць продажу — 7,8 працэнта. Выручка ад рэалізацыі павялічылася на 24,7 працэнта.
У 2020 годзе прамысловыя прадпрыемствы працягнуць работу па тэхнічным пераўзбраенні вытворчасці, асваенні новых відаў прадукцыі. Адкрыюцца новыя прадпрыемствы ў сферы прамысловасці і недзяржаўным сектары эканомікі: ТАА “Беролі”, ТАА “БонтЛес”, ТАА “БелЛесМет”, ТАА “Домінус-Стыль”.
За мінулы год валавой прадукцыі ў сельгасарганізацыях выпушча на на суму 64,5 мільёна рублёў, тэмп вытворчасці склаў 112,3 працэнта, у тым ліку прадукцыі раслінаводства — 106 працэнтаў, жывёлагадоўлі — 114,6 працэнта.
Выручка прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу раёна ад рэалізацыі прадукцыі, работ і паслуг за 2019 год — 19,7 мільёна рублёў (139 працэнтаў да адпаведнага перыяду 2018 года).
На бягучы год стаіць задача забяспечыць паказчык па тэмпе росту рознічнага таваразвароту на ўзроўні 104,1 працэнта, таваразвароту грамадскага харчавання — на ўзроўні 103 працэнты.
З гэтай мэтай адкрыты ў студзені бягучага года новы гандлёвы аб’ект па вуліцы Чуйкова, пачнецца рэалізацыя інвестыцыйнага праекта ТАА “Санта-Рытэйл” па будаўніцтве гандлёвага аб’екта па вуліцы Войкава, У-122а. Плануецца таксама адкрыццё аб’ектаў грамадскага харчавання ПГУП “Малееў-ГандальСэрвіс” і ПГВУП “Белпрамгандалькам”.
У бягучым годзе на развіццё эканомікі раёна плануецца накіраваць 56,9 мільёна рублёў (103,3 працэнта да 2019 года ў супастаўных цэнах), у тым ліку на набыццё машын, абсталявання, транспартных сродкаў — 17,6 мільёна рублёў.
Па стане на першае студзеня 2020 года на тэрыторыі раёна зарэгістравана 854 суб’екты малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, у тым ліку шэсць сярэдніх арганізацый, 176 малых і мікраарганізацый і 672 індывідуальныя прадпрымальнікі. У мінулым годзе пачалі дзейнасць восем новых арганізацый.
У мінулым годзе праведзена вялікая работа па забеспячэнні занятасці насельніцтва, узровень рэгіструемага беспрацоўя на першае студзеня бягучага года склаў 0,3 працэнта да ліку працоўнай сілы. За перыяд 2019 года ў раёне на зноў створаныя працоўныя месцы за лік новых вытворчасцяў і прадпрыемстваў працаўладкавана 158 чалавек, ці 105,3 працэнта да гадавога прагнознага паказчыка. У 2020 годзе плануецца працаўладкаваць за лік стварэння новых вытворчасцяў і прадпрыемстваў не менш за 130 чалавек.
Захавана і станоўчая дынаміка росту заработнай платы, якая з’яўляецца важным паказчыкам і прадвызначае якасць жыцця насельніцтва.
Такім чынам, сацыяльная палітыка, праводзімая ў раёне, накіравана на забеспячэнне годнага ўзроўню і якасці жыцця грамадзян.
* * *
У час пасяджэння таксама была прааналізавана падрыхтоўка сельгасарганізацый да правядзення вясенне-палявых работ 2020 года. Перад прысутнымі на гэтую важную тэму выступіў першы намеснік старшыні райвыканкама Ігар Мароз.
Пасяўная кампанія — важны этап сельскагаспадарчых работ. На тым, што канчатковы восеньскі вынік у большай ступені залежыць ад падрыхтоўкі да чарговага сезону ў паляводстве, акцэнтаваў сваю ўвагу Ігар Аляксандравіч.
Вялікае значэнне для павышэння ўраджайнасці мае нарыхтоўка мінеральных угнаенняў, арганікі — пра гэта таксама казаў у сваім выступленні Ігар Мароз.
У дакладзе прагучала і ацэнка гатоўнасці тэхнікі да веснавой пасяўной. Машыны і агрэгаты павінны быць добра адрамантаваны. Асаблівую ўвагу трэба звярнуць на тэхнічны стан, абсталяванне трактароў пробліскавымі сігналамі і маячкамі аранжавага колеру, спраўнасць светлавой і гукавой сігналізацыі, а таксама тармазной сістэмы і правіл захавання пажарнай бяспекі.
Кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў загадана арганізаваць бяспечнае правядзенне ўсяго тэхналагічнага цыклу вясенне-палявых работ, а таксама адзначана, што на першым месцы ў кожнай гаспадарцы павінны быць парадак і дысцыпліна.
* * *
Таксама на пасяджэнні была разгледжана інфармацыйная запіска, якая паступіла з пракуратуры Лепельскага раёна пра стан законнасці і правапарадку на тэрыторыі нашага рэгіёна ў 2019 годзе.
Пракуратура раёна асаблівую ўвагу ўдзяляе каардынацыі дзейнасці дзяржаўных структур і грамадскіх інстытутаў па ахове парадку, забеспячэнні законнасці ў сферы крымінальна-прававых адносін, рацыянальным расходаванні матэрыяльных рэсурсаў і грашовых сродкаў, папярэджанні п’янства, алкагалізму і наркаманіі.
Аналіз стану законнасці і правапарадку на тэрыторыі раёна сведчыць, што ў мінулым годзе праваахоўнымі службамі ва ўзаемадзеянні з мясцовай уладай праведзена значная работа па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй, папярэджанні правапарушэнняў. Аднак па выніках 2019 года адзначана павелічэнне колькасці зарэгістраваных злачынстваў з 256 у 2018 годзе да 264 у 2019-м, што абумоўлена актывізацыяй работы пракуратуры па ўзбуджэнні крымінальных спраў прафілактычнай накіраванасці правамі пракурора. Пры гэтым узровень злачыннасці на 10 тысяч насельніцтва склаў 81 злачынства пры сярэднеабласным паказчыку 83,7.
Адначасова адзначаецца зніжэнне колькасці зарэгістраваных цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў — як агульнай злачыннасці, так і па лініі крымінальнага вышуку.
Праблемным пытаннем застаюцца злачынствы, якія здзейснены ў стане алкагольнага ап’янення.
Пракурор раёна Віталь Жыгімонт таксама адзначыў, што аналіз стану злачыннасці на тэрыторыях сельскіх Саветаў паказвае, што не ва ўсіх іх прымаюцца належныя меры па прафілактыцы злачынстваў і правапарушэнняў. Віталь Міхайлавіч прапанаваў старшыням прааналізаваць сітуацыі, правесці пасяджэнні сельвыканкамаў з удзелам прадстаўнікоў пракуратуры, РАУС, кіраўнікоў прадпрыемстваў і прыняць меры па стабілізацыі крымінагеннай сітуацыі на падведамасных тэрыторыях.
Віталь Міхайлавіч закрануў шмат пытанняў, сярод якіх і праблема ўзнікнення пажараў і гібелі людзей на іх. Ігнараванне грамадзянамі элементарных правілаў бяспечных паводзін прыводзіць часам да вялікай бяды.
Напэўна, у большасці выпадкаў трагедый можна было б пазбегнуць, калі б некаторыя грамадзяне больш уважліва і пільна ставіліся да пытанняў уласнай бяспекі. Магчыма, кожнаму з нас таксама трэба хоць крышачку ўвагі праявіць да тых, хто знаходзіцца побач — суседзяў, знаёмых, сваякоў. Каб абараніць жыллё ад пажару — устанавіце аўтаномны пажарны апавяшчальнік. Ён зрэагуе на задымленне, падасць моцны гукавы сігнал, і абудзіць нават чалавека, які спіць.
Наталля ХРАПАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.