Гісторыя лепельскай сям’і Падабедаў

Працоўная дзейнасць велеўшчынскай дзяўчыны  Таццяны Крыцкай пачалася адразу пасля заканчэння школы, калі ўладкавалася прадаўцом у сваёй вёсцы. Затым падалася ўкалгас працаваць касірам, дзе спецыялісты, якія ўмелі правільна весці грашовы ўлік, былі на вагу золата. Тонкасцям абранай прафесіі дзяўчыну вучыў бацька – калгасны кладаўшчык Іван Крыцкі. Дзякуючы жыццёвым парадам бацькі і атрыманай сярэдняй адукацыі ў Замошскай школе, дзяўчына атрымала неабходныя веды. У адрозненне ад іншых дзяўчына засталася ў роднай вёскі. Працавала бухгалтарам па аплаце ў калгасе Радзіма”. Багдановіч, Праліч, Рылько, Хейлік, Гацура – называе прозвішчы старшынь калгаса “Радзіма” Таццяна Іванаўна, на час кіравання  якіх прыпала працоўная дзейнасць. Адказную пасаду ў гэтай гаспадарцы займаў і яе муж Дзмітрый Лявонавіч Падабед. Лявонавіч, так паважліва называлі яго вяскоўцы, прайшоў ступені прафесійнага росту ад камбайнёра да намесніка старшыні калгаса. Ужо маючы дзяцей Таццяна з Дзмітрыем завочна вучыліся, каб атрымаць сярэднюю спецыяльную адукацыю. Яна  ў Полацку, муж на факультэце кіруючых кадраў у Смальянскім тэхнікуме.

Гісторыю сям’і Падабедаў можна прасачыць па шматлікіх фотаздымках, якія ў альбомахашчадна захоўвае гаспадыня. Чорна-белыя выявы, на якіх адлюстраваны бацькі, сваякі, уласная сям’я, зробленыя ў маладыя гады. Шмат аматарскіх здымкаў сына Леаніда, які са школы захапляўся фатаграфаваннем. У асобных альбомах сучасныя, каляровыя фоты дзяцей, унукаў і праўнукаў. За кожнай выявай асобная гісторыя і ўспаміны, якія, слухаючы аповяд Таццяны Іванаўны, занатоўваю ў сшытак.

У дванаццаць год Дзмітрый Падабед застаўся без бацькі. У 1942 годзе Лявон Падабед стаў партызанам брыгды “Чэкіст” і дадому з вайны ўжо не вярнуўся. Загінуў на фронце ў 1944-м пад Кёнігсбергам. У памяць аб загінуўшым бацькуДзмітрый назваў свайго сына Леанідам. Зусім нядаўна следапыты Слабадской школы адшукалі франтавы здымак Лявона Падабеда-старэйшага, зроблены незадоўга да гібелі, і перадаі яго копію ўнуку. У Дзень Перамогі партрэт дзеда, як данінупамяці аб ім, па Чырвонай плошчы ў Маскве пранясе ўнук, які жыве ў расійскай сталіцы.

Шмат часу Дзмітрый Лявонавіч праводзіў на працы. На працы ж заўчасна і памёр, прама за рулём аўтамабіля. На яго пахаванне сабралася ўся вёска, а ў ганаровай варце стаяла партыйнае кіраўніцтва раёна.

Таццяна падымала на ногі адна траіх дзяцей. Сын Леанід знайшоў сваё прызванне ў ваеннайпрафесіі. Зараз жыве ў Расіі, але як толькі выпадае магчымасць спяшаецца да маці ў родную вёску. Падоўгу бываючы ў замежных камандзіроўках яшчэ больш  упэўніўся, што няма мілейшага на свеце месца, чым месца, дзе нарадзіўся. Дочкі засталіся амаль “пад бокаму маці. Тамара жыве ў Віцебску, Ала ў Лепелі, таму ў маці бывае часта.

У хаце, збудаванай з мужам напачатку сямейнага жыцця, узорная акуратнасць нават у бытавых дробязях. Нягледзячы на занятасць, заўсёды і ва ўсім Таццяна Іванаўна старалася трымаць парадак нават тады, калі засталася без мужа. Да гэтага з маленства прывучала і дзяцей. Намаганнямі сына некалькі год таму аднавілі надворныя пабудовы, паставілі новую лазню.

Больш за два дзесяцігоддзі мінула, як Таццяна Іванаўна на пенсіі, але адчувае сябе бадзёра.Яшчэ год пяць таму ставала моцы схадзіць у лес па-чарніцы. Апошнія гады шчыруе пераважна ля хаты, ды па выходных чакае ў госці дзяцей і ўнукаў.

Валерый Тухта

На здымку: Падабед Таццяна Іванаўна з мужам Дзмітрыем Лявонавічам. 1978 г.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.