Главная козырная карта Надеждиной жизни — вязание

img_8210Надзея Дзямко з Чарніц — чалавек неардынарны. Прынамсі, у вёсцы такія сустракаюцца не часта. Сабаку назвала Бетховенам, а катоў, наадварот, “апусціла” да статусу бамжоў. Так і заве іх — Бомж-1 і Бомж-2.

— Чаму вы так сабаку ўзвышаеце, а катоў не любіце? — пытаюся.
— А як іх любіць? Адзін вунь пяць гадоў жыве — ні разу ў хату не зайшоў, дзікі. Раней у мяне быў кот Партос. Ото кот! Велізарны, тлусты, еў усё, што трапіцца. А што да сабакі, дык яго вунь сусед любіць. Бывала, ідзе нападпітку, а той давай брахаць, на панюх не пераносіць гэтага “водару”. А сусед: “Так, кампазітар, маўчаць!”.
Вось так і жыве Надзея Канстанцінаўна ў вёсачцы, дзе нарадзілася і вырасла. Жыве з гумарам і багатай фантазіяй. А інакш — нецікава.
Вёсачку пакідала некалькі разоў, а затым плакала па ёй і ўрэшце вярталася. Першы раз па маладосці бура пагнала аж за Маскву — у Лакіна. Вучылася там у ФЗА на ткачыху, а затым і працавала на ткацкай фабрыцы два гады. Настальгія па Радзіме дапякла так, што мусіла вярнуцца. А куды вернешся? Пайшла на будоўлю.
Выйшла замуж за хлопца з Вострава. Уладзімір — вадзіцель. Жылі ў Лепелі. Уладкавалася ў гандлёвую сістэму і дваццаць чатыры гады працавала фасоўшчыцай. А настальгія па роднай хаце ўвесь гэты час грызла. Бацька, праўда, памёр даўно, яшчэ пры Савецкім Саюзе, але ў Чарніцах жыла маці. А калі і той не стала, прыстасавала Надзея родную хату пад дачу. Ды, відаць, не любяць бацькоўскія гнёзды, калі іх дзеці робяць дачамі. Пакрыўдзілася хата, мабыць, загарэлася. Пасля пажару Надзея ўзнавіла Бацькаўшчыну і ўжо назусім сюды перабралася. Тым больш, што гараджаніну мець дачу ў вёсцы і даволі накладна: за газ плаці ўдвая, за асвятленне — таксама.
Перабралася ў Чарніцы, балазе сама стала пенсіянеркай, а гарадскую кватэру пакінула сям’і дачкі.
— І колькі вы ўжо гадоў на пенсіі?
— Ай, не пытайцеся! Гадоў дзесяць лічыла, а пасля вырашыла назад лічыць, бо надта ж страшна. Людзі да пенсіі лічаць гады, а потым — наадварот.
-2-
Насамрэч жа нічога страшнага. Жанчына яшчэ пакуль на сёмым дзясятку, самая моц і энергія. Да таго ж, на гады на свае і не выглядае зусім. А чаму не выглядае? Таму што ёсць у яе зацікаўленасць да жыцця. Вунь пасадзіла памідоркі і перцы, і тыя ўжо перарастаюць — трэба ў парнікі высаджваць. А тут яшчэ холад. Клопат. Ды такі клопат амаль ва ўсіх. А вось ці ў кожнага вясковага чалавека клопат размаляваць у хаце рускую печ, так, каб тая ператварылася нібы ў казачную? Два дні размалёўвала. Брала водаэмульсіёнку, дамешвала нейкія згушчальнікі і каляровыя фарбавальнікі, вычэрчвала затым кожную цаглінку, а пасля яе распісвала. Спачатку здавалася складаным, аж рукі калаціліся, пасля ж уцягнулася і зрабілася вельмі цікава, вельмі хораша на душы.
Ды гэта не ўсё! Галоўная казырная карта Надзеінага жыцця — вязанне. Зіма. Вечар. Хто да тэлевізара. Муж на печку можа залезці пагрэцца. Так і не даў пабурыць старую рускую печку. Прасторная, як аэрадром. Можа на гарачых цаглінах узвод салдат змясціцца… Хто куды, а Надзея перад тэлевізарам на канапу — і за пруткі.
Вязаныя карціны ў рамачках на ўсіх сценах, сапраўдныя творы мастацтва: Сава, Георгій-Пераможац, Кітайскі замак, нейкая хатка ў начным паўзмроку — можа, і свая. Эскізы бярэ з вышывальных часопісаў, а звязаць па іх карціны, можа, і складаней, чым вышыць. І сурвэткі на зэдліках, і на самой світар мастацкай вязкі. І дзеці, і ўнукі забяспечаны. Нітак пакуль не купляе, а развязвае старыя світары ўнучак. Два — два з паловай зімовыя тыдні — і карціна ці світар гатовы. Летам не да гэтага. Усё лета з кветнікаў не вылазіць. А то і з лесу — з грыбоў ды ягад. Насамрэч Надзея яшчэ і гаспадыня запаслівая, і сялянка сапраўдная — і з касою ўмее, і бадай што з плугам.
А хто навучыў вязаць? Ды як бы і ніхто. Неяк само сабою атрымалася. Аднойчы ляжалі разам у бальніцы з адной вязальніцай. Тая паказала, як і што. І пайшло-паехала. Аднаго кароткага творчага “майстар-класа” Надзеі было дастаткова. Як разагналася, дык ужо і сама спыніцца не можа.
А што рабіць на пенсіі, калі не жыць творча? Так можна, чаго добрага, і памерці ад суму. А паміраць нам ранавата!
Уладзімір МІХНО.
На здымку: Надзея Дзямко.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.