Где «мастер-хаус» найдет применение своим знаниям?

img_82632Аграрна-тэхнічны каледж адыгрывае вялікую ролю ў жыцці нашага горада і раёна. З нядаўняга часу гэта адзіная ўстанова, дзе вядзецца падрыхтоўка спецыялістаў з прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Не за гарамі новы сезон набору будучых навучэнцаў установы. Якім ён будзе? Гутарым з адказным сакратаром прыёмнай камісіі Алесяй Пшанко.

— Алеся Аляксандраўна, набор на якія спецыяльнасці будзе праводзіцца сёлета?
— У першую чаргу — на шэраг традыцыйных для нашага каледжа спецыяльнасцяў. Гэта прафесіі, правераныя часам: “тэхнічнае забеспячэнне меліярацыйных і водна-гаспадарчых работ”, “рамонтна-абслуговая вытворчасць у сельскай гаспадарцы”, “прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва”. Ну і, вядома, “гандлёвая справа”, “грамадскае харчаванне”, “тэхналогія вытворчасці швейных вырабаў”.
— Ці будуць сёлета адкрывацца новыя спецыяльнасці?
— Так. Мяркуем на базе прафесійна-тэхнічнай адукацыі адкрыць спецыяльнасць “тэхнічная эксплуатацыя пад’ёмна-транспартных сродкаў”. Спецыялісты атрымаюць кваліфікацыю машыніста чацвёртага разраду крана аўтамабільнага. А паралельна вывучацца на муляра і вадзіцеля аўтамабіля катэгорыі “С”. А на базе сярэдняй спецыяльнай адукацыі адкрываецца новая спецыяльнасць — “абслугоўванне і эксплуатацыя жылых дамоў”, у побыце больш вядомая як “майстар-хаус”. У дадатак навучэнцы атрымаюць прафесіі электрыка, сантэхніка, тынкоўшчыка ці аддзелачніка.
Навучанне ідзе тры гады і дзесяць месяцаў.
— І дзе “майстар-хаус” знойдзе прымяненне сваім ведам?
— На любым прадпрыемстве, якое мае нерухомасць: дамы, будынкі, збудаванні.
— Будзем шчырымі, далёка не кожны выпускнік каледжа працуе па спецыяльнасці. Ці ёсць гарантыя працаўладкавання пасля заканчэння вашай навучальнай установы?
— Дастаткова сказаць, што летась усе сто працэнтаў выпускнікоў атрымалі сваё першае працоўнае месца. Вось і сёлета ўжо з першага чэрвеня прыступяць да працы чатыры групы: дзве будаўнічыя — сорак шэсць чалавек, а таксама дваццаць два гідрамеліяратары і васямнаццаць механікаў. Іншая справа, што большасць нашых выпускнікоў — хлопцы. Яны ідуць у армію, а пасля не заўсёды вяртаюцца на ранейшыя працоўныя месцы. А некаторыя працягваюць вучыцца далей.
— Якія перспектывы атрымання вышэйшай адукацыі выпускнікамі каледжа?
— У нас атрымліваюць дастаткова ведаў для таго, каб працягваць вучыцца далей. Пра гэта сведчаць і вынікі, паказаныя нашымі навучэнцамі на конкурсах прафесійнага майстэрства. Сёлета такія конкурсы праходзілі на базе Горацкай сельгасакадэміі і БДАТУ. У Горках нашы каманды занялі першае і другое месцы, у Мінску — трэцяе.
— Якія колькасныя змены набору абітурыентаў чакаюцца?
— Калі летась на базе сярэдне-спецыяльнага навучання было набрана сто дваццаць пяць чалавек і на базе прафесійна-тэхнічнага — сто, то сёлета набор павялічыцца на ўзроўні ПТН. Будзе набрана група з дваццаці пяці чалавек, якія ў далейшым атрымаюць кваліфікацыю трактарыста-механіка катэгорыі “А”, вадзіцеля катэгорыі “С” і слесара па рамонце аўтамабіляў.
— А якім чынам вызначаеце патрэбнасць у навучанні тых ці іншых спецыялістаў?
— Набіраем групу толькі ў тым выпадку, калі паступаюць заяўкі на спецыялістаў. Так восемдзесят тры заяўкі паступіла ўжо на работнікаў новай спецыяльнасці “абслугоўванне і эксплуатацыя жылых дамоў”. Ужо сфарміраваны заяўкі на спецыялістаў аж да дзве тысячы дваццаць другога года. У далейшым плануем чаргаваць набор на пэўныя спецыяльнасці. Аднак ёсць і такія “вечныя” спецыяльнасці, спецыялісты якіх патрэбны заўсёды.
— Якія аргументы вы прыводзіце пад час агітацыі на карысць сваёй навучальнай установы?
— Акрамя якаснага прафесійнага навучання ёсць і іншыя аргументы. Калі пасля дзявятага класа падлетак выбірае наш каледж, ён пазбаўляецца лішняга стрэсу пры здачы цэнтралізаванага тэсціравання. У нас існуе непарыўная інтэграваная сістэма атрымання ў далейшым вышэйшай адукацыі. А з дыпломам з адзнакаю ў вну ўвогуле паступаюць без экзаменаў. І ў выніку агульны тэрмін атрымання вышэйшай адукацыі такі ж, як і ў выпускнікоў школ. А розніца ў тым, што спецыяльнасць і працоўная прафесія будуць ужо праз два з паловай гады. Сёлета, напрыклад, другі год будзем набіраць будаўнікоў, якія прыйдуць да нас на скарочаную форму навучання.
— Калі пачне працаваць прыёмная камісія?
— З пятнаццатага чэрвеня пачнём набор на ўзровень ПТН, з другога ліпеня — на ССН. Дваццаць пятага жніўня — залічэнне па конкурсу сярэдняга бала атэстатаў.
Гутарыў
Уладзімір МІХНО.
На здымках: Алеся Пшанко; практычныя заняткі ў каледжы.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.