Грант Еўрасаюза

IMG_8339 Бярэзінскі біясферны запаведнік атрымаў грант ад Еўрапейскага саюза на праект, звязаны з зялёнай эканомікай, на 120 тысяч еўра. А цяпер паглядзіце на фота. Знаёмцеся — Лізавета Сідарэнка, аўтар ідэі, на рэалізацыю якой і выдзяляюцца 120 тысяч еўра.

Лізавета нарадзілася і вырасла ў Мінску, з залатым медалём скончыла школу. Далейшы жыццёвы шлях вырашыла звязаць з турыстычнай галіной. Паступіла ў Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, скончыла яго з чырвоным дыпломам і стала спецыялістам па турызме. І вось тут жыццё закруціла свой чарговы нечаканы паварот — мінчанку, гарадскую дзяўчынку размеркавалі ў Бярэзінскі біясферны запаведнік.

Разам з Лізаветай туды ж размеркавалі і Аляксея Рымшу, яе жаніха, выпускніка гэтага ж факультэта. Маладым спецыялістам выдзелілі службовую кватэру. А праз месяц-другі ў той жа турыстычны аддзел прыйшоў і іх аднакурснік Арцём Дамуць. У адным кабінеце сабраліся трое маладых, ініцыятыўных сяброў — і закруцілася…

Адной з ініцыятыў і стала ідэя Лізаветы — стварэнне цэнтра міфалагічнага турызму. Дарэчы, гэта была тэма яе дыпломнага праекта, так што менавіта Домжарыцы далі магчымасць для самарэалізацыі.

У Бярэзінскім запаведніку жыве міфічная істота Балотнік. Там для яго прастора — тысячы гектараў балот, лясоў, поймаў рэк і ручаёў. Яго падданыя — жабы, змеі, птушкі і жывёлы. Вакол Балотніка здавён віюцца легенды, паданні, казкі.

Аднак не адным Балотнікам славіцца зямля беларуская. Ёсць у нас цэлы пантэон багоў і духаў, якія перажылі хрысціянізацыю, а потым — камунізм з атэізмам. Лізавета прапанавала сабраць іх пад адным дахам — у цэнтры міфалагічнага турызму.

Пад цэнтр выдзяляецца будынак канторы домжарыцкага лясніцтва. Леснікі пераязджаюць у іншы будынак. Але ж кантора лясніцтва — гэта адно, а цэнтр турызму — зусім іншы профіль. Трэба пераабсталёўваць, перабудоўваць, каб адпавядаць новым рэаліям.

Моладзь прапанавала перабудаваць былую кантору па прынцыпе зялёнай эканомікі — з выкарыстаннем сонечных батарэй, сонечных калектараў, з прымяненнем экалагічных і энергазберагальных тэхналогій. Вялікую дапамогу ў падрыхтоўцы заяўкі на грант, суправаджэнні яе аказала беларускае таварыства “Адпачынак у вёсцы” і яго кіраўнік Валерыя Кліцунова. Ужо ў студзені павінны пачацца практычныя работы.

А пакуль што на плечы Лізаветы, Аляксея і Арцёма кладуцца клопаты па непасрэднай рэалізацыі задум. Ну і, вядома, па генерацыі новых. Бо ў любой справе самае галоўнае — добрая ідэя.

Васіль

МАТЫРКА.

 На здымку: Лізавета Сідарэнка.

Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.