И вот в деревне снова собралась толпа — человек двадцать

img_9405У Велеўшчыне закіпела праца. Раней мы паведамлялі, што мясцовыя жыхары вырашылі самі пабудаваць у вёсцы пляцоўку для гульняў і заняткаў спортам. Яны ўжо выходзілі на суботнік, каб прыбраць ад смецця і выкасіць пустку, дзе мелася распачацца будоўля.
І вось у вёсцы зноў сабралася талака — чалавек дваццаць. Працавалі як дзеці, так і дарослыя. Дагэтуль работнікі ПМС разраўнялі пляцоўку, прыслала і мясцовая гаспадарка пагрузчык для земляных работ. Людзі сабраліся, пазбіралі каменне, культыватарам апрацавалі ўчастак і прыступілі да ўзвядзення спартыўных збудаванняў. Загадзя быў закуплены метал, скінуліся грашыма на цэмент. Дзесяць мяхоў спатрэбілася. Устанавілі турнікі, брусы, арэлі, альтанку, зацэментавалі слупы пад агароджу, зрабілі поле для гульні ў міні-футбол. Паказальна, што талака захапіла народ, зацікавіла. Кожны быў гатовы зрабіць свой пасільны ўнёсак. Напрыклад, адзін чалавек прыкаціў бетонамяшалку з уласнага двара, іншыя не пашкадавалі культурнай травы для футбольнага поля і г.д. Нават яшчэ маленькія дзеці радасна браліся дапамагаць дарослым — хоць каменьчык прынясуць ды падкінуць у раствор.
Дэпутат мясцовага Савета Валерый Тухта, які стаў ініцыятарам і фактычна кіраўніком будоўлі, расказвае, што будаўніцтва “народнага стадыёна” талакою з’яднала людзей, акрыліла іх, энтузіязму прыдало. Людзі паверылі, што не ўсё ў вёсцы страчана і, калі захацець, можна многае адрадзіць. І гэта, напэўна, самы галоўны вынік праекту, куды важнейшы, чым нават сам аб’ект.
Тым часам засталося зрабіць не так шмат — павесіць сетку, засеяць футбольнае поле, завяршыць агароджу. Спадзяёмся, мы яшчэ напішам пра першы таварыскі футбольны матч у Велеўшчыне, чакаць якога, па ўсім відаць, засталося нядоўга.
Міхась ВАЛОХА.
На здымку: талака ў Велеўшчыне.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.