Интересная находка есть в частной коллекции лепельчанина

У прыватнай калекцыі Васіля Шкіндзера, які жыве ў Вялікім Поўсвіжы, ёсць цікавы экспанат — вокладка, на сінім полі якой залатымі літарамі надрукавана назва “Дзяржаўны акт на вечнае карыстанне зямлёй калгасамі”. На вялікі жаль, акрамя гэтай вокладкі, у прыватным зборы больш нічога няма. Краязнаўца тлумачыць:

— Я ўжо і не памятаю, дзе яе знайшоў. Абцёр, прынёс. Ніякіх іншых папер, дакументаў пры ёй не было. Вельмі прыемна, што ўдалося захаваць гэтую вокладку.

Асабіста ў мяне гэта знаходка выклікала неверагодную краязнаўчую цікавасць. Што гэта за дакумент, якая была сфера яго дзейнасці, якім органам ён выдаваўся? Гэтыя і іншыя пытанні часта ўзнікалі, патрабавалі адказу.

Адказ на першае пытанне я атрымаў у Лепельскім філіяле Віцебскага агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры (раней гэта ўстанова мела назву БТІ). Расказвае рэгістратар Вольга Камека:

— У цяперашні час грамадзяне або юрыдычныя асобы пры афармленні зямельнага ўчастка атрымліваюць на рукі пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі. Такі парадак устаноўлены Законам аб дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёй ад 22 чэрвеня 2002 года. Нарматыўны акт уступіў у сілу 8 мая 2003 года. Да гэтага часу галоўным дакументам, які засведчваў правы на зямельныя ўчасткі, быў дзяржаўны акт. Дзяржакты афармляліся з прыцягненнем спецыялістаў зямельнай службы і выдаваліся грамадзянам, арганізацыям і прадпрыемствам. Там указваліся месцазнаходжанне зямельнага ўчастка, яго дакладныя межы і плошча.

Праз некалькі гадоў у час чарговага прыезду ў г. Полацк я наведаў мясцовы краязнаўчы музей. Так, экспазіцыі там вельмі багатыя. Менавіта там у асноўнай экспазіцыі пад шклом я ўбачыў знаёмую вокладку з гербам СССР! Было бачна, што дакумент цэлы. Паколькі я наведаў установу ў выхадны дзень, з яе дырэктарам і навуковымі супрацоўнікамі сустрэцца не змог, і звярнуцца не было да каго.

 

У фондах Лепельскага краязнаўчага музея

Аднойчы, наведаўшы Лепельскі раённы краязнаўчы музей, у гутарцы з дырэктарам установы Алінай Стэльмах паскардзіўся на няўдачу:

— Ведаеце, бачыў унікальны дакумент — дзяржаўны акт на вечнае карыстанне зямлёй калгасамі, знаходзіцца ў асноўнай экспазіцыі ў Полацкім краязнаўчым музеі. Вельмі хочацца разгарнуць яго, прачытаць, што напісана на старонках, данесці шырокаму колу чытачоў, але не маю магчымасці.

— Няўжо? — перапытала Аліна Уладзіміраўна. — А мы маем гэты дакумент.

— Ды гэта ж цудоўна! — узрадаваўся я. — А я ўжо збіраўся ехаць у Полацк, рыхтаваць афіцыйны запыт.

— Копія карты з дзяржаўнага акта размешчана ў нас у пастаяннай экспазіцыі, прысвечанай перыяду калектывізацыі, арыгінал захоўваецца ў фондах. А яшчэ маем другі поўны арыгінальны дзяржаўны акт.

Потым Аліна Уладзіміраўна разам са сваімі супрацоўніцамі з запасных фондаў дасталі дакументы. Першым быў план земляў, перададзеных на вечнае карыстанне сельскагаспадарчай арцелі “Перамога”. Чытаю надпіс на аркушы: “Выдадзены 24 дня верасня месяца 1936 года ў горадзе, паселішчы (мястэчку, сяле, вёсцы) Рожна. Гэты акт у складзе чатырох лістоў, злучаных шнуром, з налажэннем сургучнай пячаткі, складзен у двух экзэмплярах: першы экзэмпляр выдадзен сельскагаспадарчай арцелі “Перамога”, другі — захоўваецца ў справах Чашніцкага Раённага Выканаўчага Камітэта Советаў” (запісана з захаваннем арфаграфіі арыгінала).

На плане ў маштабе 1/15000 абведзены межы калгаса з указаннем дакладных геаграфічных каардынат паваротных пунктаў. Аднак, на жаль, не ўказана месца, дзе размяшчалася вёска Рожна, знаходзілася галоўная сядзіба гаспадаркі. З геаграфічных абектаў указаны толькі ручай Безыменны і возера Рожна, якое прымыкала да ўсходняй мяжы сельгасарцелі. Няхай уважлівага чытача не бянтэжыць, што другі экзэмпляр быў здадзены на захаванне ў г. Чашнікі. Домжарыцкі сельсавет і яго вёскі да 1960-га года ўваходзілі ў склад Бягомльскага, Барысаўскага, Чашніцкага раёнаў, пакуль, нарэшце, не сталі часткай Лепельшчыны. З пашырэннем Бярэзінскага біясфернага запаведніка вёска Рожна стала часткай яго тэрыторыі, а калгас “Перамога” быў расфарміраваны

 

Поўны дзяржаўны акт

Другі дзяржаўны акт, у адрозненне ад папярэдняга, поўны. У ім захаваліся ўсе лісты, якія прашнураваны і змацаваны сургучнай пячаткай. Гэтым дакументам вызначаны землі калгаса “Перамога”, але ўжо не Домжарыцкага, а Свядскага (цяпер Слабадскога) сельсавета. Цэнтральнай сядзібай гаспадаркі была вёска Рудня. Дакумент выдадзены 16 лістапада 1951 года.

Апошні факт вельмі важны. У 1949 годзе ў СССР была прынята пастанова ЦК КПСС і Савета Міністраў аб узбуйненні калгасаў. На працягу наступнага, 1950 года яна рэалізоўвалася. Дробныя калгасы, якія часта займалі толькі адну вёску, абядноўваліся з суседнімі. Такім чынам утвараліся ўзбуйненыя гаспадаркі. Так, калі на пачатак 1950 года ў зводцы, змешчанай у газеце “Калгасная праўда”, узгадваюцца 127 калгасаў, то ў зводцы ў канцы года — толькі 48. Адпаведна, для новых калгасаў трэба было рыхтаваць і новыя пакеты дакументаў, у тым ліку і дзяржаўныя акты на карыстанне зямлёй. Гэта і ажыццяўлялася на працягу наступнага, 1951 года.

Яшчэ адно невялікае, але вельмі важнае ўдакладненне. Уся зямля ў Савецкім Саюзе лічылася безумоўнай дзяржаўнай уласнасцю, а сельгасарцелям яна выдзялялася ў “бясплатнае і бестэрміновае карыстанне, гэта значыць, навечна” — так запісана на тытульным лісце дзяржаўнага акта.

Такім чынам, на 16 лістапада 1951 года сельгасарцель “Перамога” Свядскага сельсавета мела ў карыстанні 1285,85 гектара зямлі. Гэта мала ці шмат? Трэба адзначыць, што пры такіх сельгасугоддзях калгас у той час лічыўся даволі буйным, ба на працягу года на старонках раённай газеты прыводзяцца прыклады маленькіх калгасаў, дзе ўсе пасяўныя плошчы мелі ад 50 да 200 гектараў. Натуральна, у публікацыях адзначалася, што на такіх малых плошчах вельмі цяжка, а то і немагчыма наладзіць эфектыўны, навукова абгрунтаваны севазварот, не ўдаецца паставіць земляробства належным чынам, калгаснікі не атрымліваюць высокіх ураджаяў і іншых вытворчых паказчыкаў. Выйсце бачылася толькі ў абяднанні. Якія калгасы-папярэднікі абядналіся ў “Перамогу”, зараз сказаць цяжка. Спадзяюся, што з цягам часу знойдзецца адказ і на гэта пытанне. Пакуль што, зыходзячы з аналізу плана і прыкладаючы яго на сучасныя карты, можна сказаць, што сельгасарцель абядноўвала працаўнікоў вёсак Рудня, Чарніцы, Вілы і Юшкі.

Аднак не адна толькі “Перамога” існавала ў Свядскім сельсавеце. У дзяржаўным акце ўзгадваюцца землі калгасаў-суседзяў: “Новае жыццё”, імя Будзённага, імя Чапаева і самая працяглая мяжа — з лясамі дзяржаўнага значэння, а таксама берагі азёр Бярэшча і Задняе.

* * *

Вось так, дзякуючы работнікам раённага краязнаўчага музея, захавана і зноў адкрыта для шырокага кола чытачоў, краязнаўцаў яшчэ адна старонка нашай роднай Лепельшчыны.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.