Как организован процесс питания для школьников Лепельщины?

gimnaziya1Які працэнт вучняў атрымліваюць гарачае харчаванне? Ці смачная ежа ў сталовай? Для каго абед бясплатны? Размова пра гэта пойдзе ў гэтым матэрыяле.

Як вядома, важнай умовай падтрымання здаровага ладу жыцця вучняў і эфектыўнага навучання з’яўляецца гарачае харчаванне ў школе.
Статыстыка сведчыць пра тое, што ў Беларусі больш за 96% школьнікаў атрымліва­юць гарачае харчаванне, якое прыгатавана без рэзкіх соусаў, шкодных тлушчаў, вэнджаніны і маянэзаў.
А як абстаяць справы ў нашым раёне?
Накіроўваюся да Алены Скур’ят, галоўнага спецыяліста аддзела па адукацыі райвыканкама.
skuryat– Алена Іосіфаўна, раскажыце, калі ласка, пра дзіцячы рацыён ва ўстановах адукацыі нашага раёна.
– Каб дзеці былі здаровыя, такія прадукты, як мяса, гародніна, садавіна, сокі, ім патрэбна ўжываць штодня, рыбу і тварог – 2-3 разы на тыдзень. Школьнае меню складаецца на аснове прыкладных рацыёнаў, куды ўваходзяць усе гэтыя, неабходныя для арганізма прадукты.
– Колькі каштуе абед і хто мае права на бясплатнае харчаванне?
– У бягучым навучальным годзе абед у школьнай сталовай каштуе ад 1,2 да 1,46 рубля ў залежнасці ад узросту. Бясплатна харчуюцца ўсе вучні 1 – 4 класаў пачатковай школы, а ў сельскай мясцовасці – 1 – 11 класаў. Таксама за сродкі раённага бюджэту наведваюць сталовую дзеці льготных катэгорый.
– Хто адносіцца да льготных катэгорый?
– Бясплатным харчаваннем забяспечваюцца вучні ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з малазабяспечаных сем’яў і сем’яў, якія маюць траіх і больш дзяцей, дзеці-інваліды, якія навучаюцца ў пачатковых, базавых, сярэдніх школах, а таксама гімназіях, ліцэях і вучэбна-педагагічных комплексах. Яны атрымліваюць 2- або 3-разовае харчаванне, у залежнасці ад працягласці знаходжання ва ўстанове адукацыі.
zaslonovskaya-stolovayaДа льготнай катэгорыі адносяцца таксама навучэнцы дзяржаўнай установы спецыяльнай адукацыі «Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі г.Лепеля», якія атрымліваюць 2-, 3- ці 4-разовае харчаванне, у залежнасці ад працягласці знаходжання ва ўстанове адукацыі.
Аднаразовае бясплатнае харчаванне, акрамя вучняў 1-4 класаў пачатковых школ, атрымліваюць вучні базавых, сярэдніх школ, гімназіі, таксама навучэнцы 5-11 класаў сярэдніх школ горада і гімназіі, якія пражываюць у сельскіх населеных пунктах.
Не застаюцца па-за ўвагай таксама школьнікі з сем’яў, у якіх адзін з бацькоў з’яўляецца інвалідам I або II групы.
Вялікая ўвага ў нашай дзяржаве надаецца дзецям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, якія навучаюцца ў спецыяльных класах, класах інтэграванага навучання і выхавання, дзецям, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, і іншым.
– Колькі ў працэнтных суадносінах школьнікаў у раёне атрымліваюць бясплатнае харчаванне? Назавіце, калі ласка, канкрэтны паказчык.
– Прыкладна 70 працэнтаў. Так, на аднаго вучня, які атрымлівае бясплатнае харчаванне, дзяржава выдаткоўвае ў сярэднім каля 500 рублёў за год.
Давайце падлічым: у раёне 3230 дзяцей наведваюць школу, з іх больш за 2000 харчуюцца бясплатна.
– Некаторыя бацькі кажуць пра вялікую аплату за наведванне дзіцяці ўстановы дашкольнай адукацыі…
– На сённяшні дзень бацькі плацяць толькі за харчаванне ў дзіцячым садзе. Усё астатняе – работа выхавальнікаў, абслуговага персаналу, электраэнергія, водазабеспячэнне, ацяпленне – аплочваюцца за сродкі бюджэту. Аднак і тут некаторыя законныя прадстаўнікі маюць ільготы.
– У якім выпадку бацькі цалкам або часткова вызваляюцца ад аплаты?
– Так, напрыклад, не аплочваюць харчаванне бацькі, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, дзяцей з анкалагічнымі захворваннямі і іншыя.
На 50 працэнтаў зніжаецца аплата за харчаванне, калі ў сям’і ёсць трое або больш непаўналетніх дзяцей; калі сям’я з’яўляецца апякунскай або прыёмнай, а таксама для дзяцей з сямейных дзіцячых дамоў.
На 30 працэнтаў плацяць менш за астатніх бацькі, калі двое дзяцей у сям’і наведваюць дзіцячы сад.
– Куды трэба звяртацца, каб атрымаць ільготы па аплаце за харчаванне?
– Неабходна напісаць заяву на імя кіраўніка ўстановы адукацыі і прадаставіць дакументы, якія пацвярджаюць права на атрыманне льготы.

Утульныя
сталовыя
Трэба адзначыць, што за апошнія гады ва ўстановах адукацыі Лепельскага раёна праведзена шмат мерапрыемстваў па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы аб’ектаў харчавання. Адрамантаваны харчблокі, закуплена тэхналагічнае і халадзільнае абсталяванне. Сталовыя вёсак Заслонава, Бароўка, гімназіі, пачатковага корпуса сярэдняй школы №1 г. Лепеля і іншых устаноў цяпер больш нагадваюць утульныя кафэ. Аднак на гэта таксама спатрэбіліся значныя выдаткі. Так, напрыклад, на рамонт харчблокаў з раённага бюджэту выдзелена каля 400 тысяч, а на набыццё абсталявання – больш за 150 тысяч рублёў.

Харчаванне
ў гімназіі
імя І. М. Ерашова
Пабывала ва ўстанове адукацыі, якую наведвае 774 вучні, з іх 473 – атрымліваюць гарачыя стравы за кошт бюджэтных сродкаў. Гэта, дарэчы, нямала. 106 вучняў са шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў атрымліваюць 2-разовае харчаванне. 80 чалавек, якія наведваюць групу падоўжанага дня, – 3-разовае харчаванне.

burtyl– У маёй сям’і выхоўваецца трое дзяцей, якія вучацца ў гімназіі імя І. М. Ерашова. За кошт бюджэтных сродкаў сямікласнік Павел і Раман, вучань пятага класа, атрымліваюць 2-разовае харчаванне. Кіра, якая вучыцца ў пачатковай школе і наведвае групу падоўжанага дня, увогуле харчуецца бясплатна тройчы на дзень. Для маёй сям’і гэта значная дапамога, бо зэканомленыя грошы я магу зрасходаваць на іншыя патрэбы сям’і – адказала Наталля Буртыль.

* * *
Як адзначылі навучэнцы 4 класа Заслонаўскай сярэдняй школы, сталовую гэтай установы адукацыі яны наведваюць з задавальненнем. Ежа вельмі падабаецца, бо нагадвае хатнюю. Ва ўстанове адукацыі ўсе 228 вучняў харчуюцца бясплатна.
Аліна Перагуліна назвала сваёй любімай стравай тушаную капусту, а хлопчыкі сказалі разам, што любяць катлеты. Таксама ўсім дзецям падабаецца, што кожны дзень ім даюць свежую садавіну.
Маюць ільготы пры аплаце за харчаванне і шматдзетныя бацькі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.