Кампетэнтны дыялог у Лепельскім раёне

IMG_7720 Уладзімір Сянько пасля заканчэння школы паступіў у Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных адносін. Доўгі час адпрацаваў на дыпламатычнай службе, прадстаўляў Рэспубліку Беларусь на міжнароднай арэне ў якасці пасла, Міністра замежных спраў. А зараз ён — член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, старшыня пастаяннай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы. Хоць і абраны ад горада Мінска, аднак сваю малую радзіму не забывае, і Лепельшчыну ёю лічыць таксама. Таму з ахвотай падтрымаў прапанову наведаць наш раён, сустрэцца і пагутарыць з людзьмі, прадстаўнікамі працоўных калектываў. Уладзімір Лявонавіч сустрэўся са старшынёй райвыканкама Барысам Яфрэмавым і старшынёй раённага Савета дэпутатаў Мікалаем Місюрам. У гутарцы былі падняты тэмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Лепельшчыны.

У. Сянько сустрэўся з калектывам КУВП “Бароўка”. Прыйшлі не толькі працаўнікі прадпрыемства, было шмат пенсіянераў.

Уладзімір Сянько распавёў пра свой жыццёвы і прафесійны шлях, потым больш падрабязна засяродзіўся на дзейнасці Савета Рэспублікі, месцы Беларусі ў сістэме міжнародных адносін.

У краіне праводзіцца мадэрнізацыя, абнаўленне вытворчых магутнасцяў. Укараненне новай тэхнікі і тэхналогій ­аб’ектыўна вядзе да скарачэння працоўных месцаў, росту беспрацоўя. І тут важная задача дзяржавы — забяспечыць свабодныя працоўныя рукі, уцягнуць іх зноў у прадукцыйную вытворчую дзейнасць.

Другі напрамак — павышэнне якасці канчатковай прадукцыі. Толькі якасны тавар па прымальнай цане здольны перамагчы, знайсці пакупніка ў канкурэнтнай барацьбе.

Асобна было закранута пытанне санкцый ЗША і еўрапейскімі краінамі супраць Расійскай Федэрацыі. Калі ЗША ў 1980-х гадах прымянялі санкцыі супраць Польскай народнай рэспублікі, то дэкларавалі, што яны накіраваны персанальна супраць кіраўніцтва краіны, але не закранаюць насельніцтва. Зараз жа з-за антырасійскіх санкцый зніжаецца ўзровень жыцця грамадзян Расіі, моцна церпяць усе эканомікі сумежных краін. У гэтай сітуацыі важна захаваць сваю эканоміку, вытворчы патэнцыял. Калі-небудзь непагадзь скончыцца, і ў выйгрышы будзе менавіта той, хто ў перыяд росту і спрыяльнай бізнэс-сітуацыі будзе мець вытворчыя магутнасці, сучасныя прамысловыя прадпрыемствы.

Вядучы інжынер па ахове працы КУВП “Бароўка” Сяргей Юрэвіч:

— Вельмі турбуе сітуацыя ва Украіне. Як гатова вышэйшае кіраўніцтва Беларусі адрэагаваць у выпадку эскалацыі канфлікту?

— На маю думку, Україна стала закладнікам у саперніцтве паміж ЗША і Расіяй. Гэта трагедыя ўкраінскага народа. Зараз вельмі шмат украінцаў сталі бежанцамі, многія знайшлі прытулак і ў нашай рэспубліцы. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даў некалькі прамых даручэнняў, вынікам выканання якіх павінна стаць яшчэ большая абароназдольнасць Беларусі і абароненасць яе межаў.

Спецыяліст па ідэалагічнай рабоце КУВП “Бароўка” Анжаліка Туркова:

— Ці магчымы ўдзел беларускіх вайскоўцаў у баявых дзеяннях за межамі рэспублікі? Пытанне задаю як маці ваеннаслужачага.

— Рэспубліка Беларусь не ўдзельнічае ў ваенных канфліктах за яе межамі — гэта прынцыповая пазіцыя. Аднак было б зусім няправільна выконваць ролю простага назіральніка, калі, вобразна кажучы, у суседа хата гарыць. Наша краіна паслядоўна рэлізуе міралюбівую палітыку. Заканадаўчымі актамі, міжнароднымі пагадненнямі прадугледжана, што беларускія вайскоўцы могуць быць задзейнічаны ў міратворчых аперацыях, праводзімых пад эгідай ААН. Наколькі ведаю, двое афіцэраў-медыкаў удзельнічалі ў такіх мерапрыемствах. Аднак у рэальных боесутыкненнях на тэрыторыі іншых краін беларускія вайскоўцы не ўдзельнічалі і ўдзельнічаць не будуць.

На тым сустрэча завяршылася. Госць падзякаваў за цёплы, радушны прыём.

Васіль МАТЫРКА.

 На здымку: сустрэча Уладзіміра Сянько з калектывам КУВП “Бароўка”.

Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.