Кавалеры орденов Славы

816443f584a0c9697f6da2c584dd7253-1000Гісторыя горада Лепеля ў перыяд Вялікай
Айчыннай вайны налічвае сотні, калі не тысячы, подзвігаў ваеннаслужачых, працоўных,
падпольшчыкаў і партызанаў. Усе яны годна
змагаліся супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, многія з іх былі ўдастоены ганаровых
ўзнагарод, медалёў і ордэнаў. Хочацца
расказаць пра ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай
вайны, прызваных Лепельскім раённым ваенным
камісарыятам і ўзнагароджаных ордэнам Славы.

Сярод такіх — Іван Кандратавіч Каралёў, 1909 года нараджэння. Ён быў прызваны на службу 13 ліпеня 1944 года і прайшоў баявы шлях у складзе 700 стралковага палка. Іван Кандратавіч быў удзельнікам баявых дзеянняў на тэрыторыі Літоўскай і Латвійскай ССР. У баі 23 — 27 студзеня 1945 года ў час прарыву абароны праціўніка прамой наводкай са сваёй зброі вывеў са строю тры агнявыя кропкі і знішчыў да пятнаццаці варожых салдат. Тады ён і быў прадстаўлены да ўзнагароджання. Пятага сакавіка 1945 года Іван Каралёў быў дэмабілізаваны. Ордэн Славы III ступені быў уручаны загадам ад 23 лютага 1945 года.
Даволі цяжкі быў баявы шлях Піліпа Усцінавіча Стэльмаха 1900 года нараджэння. Будучы чырвонаармейцам 143 армейскага запаснога стралковага палка, удзельнічаў у прарыве абароны горада Добеля, у верасні 1944 года быў паранены ў левую нагу, у студзені 1945 года атрымаў пулявое раненне правай нагі, а ў красавіку быў лёгка кантужаны. За праяўлены гераізм і адвагу атрымаў Ордэн Славы III ступені загадам ад пятага чэрвеня 1945 года.
У баях за Прыбалтыку вызначыўся ваеннаслужачы 938-га стралковага палка 306-й стралковай дывізіі 1-га стралковага корпуса 51-й арміі 2-га Прыбалтыйскага фронту Васіль Ягоравіч Клундук, 1925 года нараджэння, прызваны ў дзеючую армію Лепельскім райваенкаматам ад першага студзеня 1944 года. Ведучы аператыўнае ўзаемадзеянне з кулямётнай батарэяй і карэкціруючы агонь таварышаў, Васіль Ягоравіч паспяхова падавіў 21 лютага 1945 года агнявыя кропкі ворага, дазволіўшы таварышам бяспечна рухацца далей. За гэта ён і атрымаў Ордэн Славы III ступені загадам ад 28 лютага 1945 года.
Сапраўды доўгім і вельмі небяспечным быў шлях Генадзя Цітавіча Тамашэвіча, 1924 года нараджэння, ураджэнца сяла Валосавічы Лепельскага раёна. Прызваны Лепельскім раённым ваенным камісарыятам шостага лютага 1943 года, праз некалькі дзён пасля заканчэння Сталінградскай бітвы Генадзь Цітавіч быў накіраваны ў Курскую вобласць. Затым у ліпені 1943 года ён удзельнічаў у цяжкіх баях у раёне г. Мцэнска, у верасні ж быў накіраваны пад Кіраў. Генадзь Тамашэвіч быў удзельнікам аперацыі “Баграціён”, у прыватнасці, удзельнічаў у Магілёўскай наступальнай аперацыі з 23 па 28 чэрвеня 1944 года, браў штурмам сталіцу БССР у час аперацыі па вызваленні Мінска 29 чэрвеня — чацвёртага ліпеня 1944 года. У баях за Кёнігсберг (Калінінград) з шостага па дзявятага красавіка Генадзь Цітавіч удзельнічаў у прарыве эшаланаванай абароны немцаў, за што ўдастоены Ордэна Славы III ступені загадам ад 11 красавіка 1945 года. У складзе 110-й стралковай дывізіі ўдзельнічаў у аперацыях на Далёкім Усходзе. Тут і завяршыў вайну пятага жніўня 1945 года.
У баях за Усходнюю Прусію вызначыўся чырвонаармеец Уладзімір Антонавіч Пліско, 1918 года нараджэння з вёскі Кавалевічы Лепельскага раёна. Ён быў прызваны ў дзеючыя войскі Лепельскім раённым ваенным камісарыятам 20 жніўня 1944 года. У перыяд бітвы за Усходнюю Прусію Уладзімір Пліско займаўся дастаўкай харчавання і боепрыпасаў пад шквальным агнём праціўніка. У баі за вёску Паплаукен у лістападзе 1944 года, дастаўляючы боепрыпасы таварышам і працуючы над ім бесперабойным забеспячэннем, агнём са сваёй асабістай зброі ён знішчыў да дзесяці гітлераўцаў. Ордэн Славы III ступені Уладзімір Пліско атрымаў загадам ад шостага лістапада 1944 года.
Іван ХІРЭВІЧ,
старшы навуковы
супрацоўнік
установы культуры
“Лепельскі раённы
краязнаўчы музей”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.