1 сентября — День работников нефтяной, газовой, и топливной промышленности

img_3954Асаблівай пашаны ў арганізацыях і на прадпрыемствах заслугоўваюць працоўныя дынастыі, калі пакаленні людзей абралі адну і тую ж прафесію, якая з цягам часу стала справай усяго жыцця.

img_3951Лепельскі раён газазабеспячэння (РГЗ) вытворчага ўпраўлення “Чашнікігаз” — адно з прадпрыемстваў, дзе захавалася традыцыя працоўных дынастый. Дырэктар прадпрыемства Дзмітрый Буланчыкаў расказаў:
— Зараз у нас працуе Аляксандр Пшонка, а да гэтага вельмі шмат гадоў працаваў яго бацька Васіль Іванавіч.
Васіль Пшонка жыве ва ўласным доме. Калі ён толькі пажаніўся з Валянцінай Васільеўнай, маладая сям’я набыла сабе дом, потым яго цалкам перабудавала, а наваселле справілі ў 1977 годзе. Аднак, прызнаецца гаспадар, рэгулярна даводзіцца штосьці рамантаваць, дарабляць, удасканальваць. Адной з самых значных спраў стала газіфікацыя дома. Тады ж правялі і водаправод, зладзілі каналізацыю — цяпер дом мае ўсе гарадскія зручнасці.
— У такім доме толькі жыць ды жыць, толькі б здароўе дазваляла, — у адзін голас кажуць гаспадары.
Васіль Пшонка ўладкаваўся на працу ў гаргаз (так называлася прадпрыемства ў савецкі час) у лютым 1973 года, адразу пасля звальнення з тэрміновай вайсковай службы. Ветэран працы распавядае:
— Я ўсё жыццё адпрацаваў вадзіцелем. У войску быў за рулём, у гаргазе першыя чатыры гады кіраваў бартавым аўтамабілем, вазіў розныя грузы, а затым да самай пенсіі быў на развозе балонаў. Аб’ездзіў увесь раён, нават самыя далёкія вёсачкі.
— Васіль Іванавіч, якраз на 1970-я гады прыпадае першая хваля газіфікацыі, калі ў дамах і кватэрах манціраваліся індывідуальныя балонныя ўстаноўкі?
— Так, але справа ў першыя гады не вялася актыўна. Людзі з вялікім недаверам ставіліся да выкарыстання газу, баяліся, што выбухне. Нам даводзілася яшчэ і весці пэўную агітацыйную работу, паказваць, што выкарыстанне газу ў побыце цалкам бяспечнае. Установім газавую пліту з балонам у аднаго чалавека, да яго ідуць суседзі, бачаць выгоды новага спосабу — і звяртаюцца ў гаргаз з заявай аб устаноўны газавай пліты і ў асабістым доме. І вось такая бытавая, на наглядных прыкладах агітацыя была самай эфектыўнай. Людзі актыўна ўстанаўлівалі ў сябе газавыя пліты, але пры гэтым ажыятажу і чаргі на ўстаноўку не прыгадаю. Хіба што ўжо ў 1980-х гадах жадаючым даводзілася пачакаць некалькі тыдняў.
— А чым людзі карысталіся, не маючы газу?
— Печамі, плітамі. Былі так званыя керагазы, прымусы, якія ў якасці паліва выкарыстоўвалі газу (керосин). Аднак звадкаванаму, а пасля і прыроднаму газу аддавалася ўсё большая перавага.
— Што было самым цяжкім у вашай працы?
— Абслугоўваць Бароўку і Заслонава, — з усмешкай адказаў суразмоўца. — Першапачаткова ў гэтых населеных пунктах не было цэнтралізаванага газазабеспячэння, і нам даводзілася па лесвіцах несці балоны на чацвёрты, пяты паверхі. А балон цяжкі. Намінальна ён важыць 45 кілаграмаў, а на пятым паверсе здаецца, што ўжо ўсе 100! У Лепелі самымі нязручнымі былі дамы старой пасляваеннай пабудовы. Яны хоць і невысокія, толькі два паверхі, але ў іх вузкія лесвіцы, цяжка было развярнуцца.
— Як у газавую гаспадарку прыйшоў працаваць ваш сын?
— Я яму сам прапанаваў, гэта было ў 1998 годзе. Тады сказаў: “Самае галоўнае — працуй так, каб мне не было за цябе сорамна!”. Звычайна развозам балонаў займаюцца два чалавекі: адзін — вадзіцель, другі — слесар. Я спачатку працаваў са слесарам Георгіем Кузьмянковым, затым — Паўлам Смажэўскім, а заканчваў працу я ўжо з сынам. Дарэчы, Аляксандр таксама мае вадзіцельскае пасведчанне, мог бы працаваць і вадзіцелем, але кажа, што яму цалкам хапае свайго аўтамабіля. Я магу з поўным правам сказаць, што мне за Аляксандра не сорамна, сын ні разу не падвёў.
На пенсію Васіль Іванавіч пайшоў у 2013 годзе. Па добрай традыцыі роднае прадпрыемства не забывае свайго былога працаўніка. Яго запрашаюць на ўрачыстасці з нагоды прафесійнага свята, ушаноўваюць падарункам да Дня пажылых людзей. На пачэсным месцы на кухні размешчаны гадзіннік з лагатыпам прадпрыемства “Віцебскаблпалівагаз”. За час больш як у пяць гадоў ніколі не сапсаваўся, заўсёды паказвае дакладны час. Толькі перыядычна батарэйкі трэба мяняць.
З Аляксандрам Пшонкам сустрэўся ў вёсцы Слабодка, калі ён разам з напарнікам Сяргеем Мазго развозіў і замяняў балоны. Прыемна было назіраць за ўмелымі і спрактыкаванымі дзеяннямі. У мужчын больш часу пайшло на праверку, чым на ўласна замену. Яны мыльнай пенай абмазалі ўсе злучэнні і стыкі, уключылі пліту, праверылі полымя.
— Навошта мыльнай пенай абмазваць?
— У ёй адразу будуць бачныя ўсе працёкі газу. Бурбалкі пойдуць. Гэта, канечне, выклікае ўсмешку, але будзе не да смеху, калі газ пачне працякаць праз незаўважаныя дзіркі.
Пасля заканчэння працы вырашылі пачакаць некалькі хвілін, пагутарыць аб працы.
— Колькі вы ўжо працуеце ў Лепельскім РГЗ?
— Я працую дваццаць год, — кажа Сяргей Мазго.
— Я — 21, — адказвае Аляксандр.
— Даволі шмат! — уражваецца прысутны ў час размовы гаспадар дома Мікалай Кавалёў. — Я, прызнацца, на адным месцы найбольш адпрацаваў сем гадоў.
З іншага боку, варта прызнаць, што і прадпрыемства газазабеспячэння, асабліва ў апошнія дзесяцігоддзі, вызначаецца стабільна высокімі заробкамі, што спрыяе падбору лепшых кадраў і іх замацаванню.
— Аляксандр, дзе вы вучыліся?
— Пасля школы паступіў у Лепельскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча, атрымаў спецыяльнасць механізатара. Так, я спачатку не збіраўся працаваць у газавай гаспадарцы. Нават вучыўся на цесляра, практыку павінен быў праходзіць у дрэваапрацоўчым цэху завода шасцерань. Аднак не атрымалася, і аб гэтым ніколькі не шкадую. Аднойчы мне прапанавалі ўладкавацца ў гаргаз, і вось ужо 21 год развожу і ўстанаўліваю балоны.
— Куды паедзеце далей?
— У Вялікае Жэжліна і прылеглыя вёскі, затым — у бок Каменя і Матырына.
— Колькі паспяваеце зрабіць рэйсаў за дзень?
— Адзін рэйс. Развозім і ўстанаўліваем па 45 — 50 балонаў. Раней паспявалі больш. Здаралася, да пяці рэйсаў за дзень рабілі. Зараз жа амаль увесь горад і большасць бліжэйшых вёсак ахоплены сеткамі прыроднага газу. Газ у балонах даводзіцца вазіць усё далей і далей. Ды і пастаянных жыхароў у аддаленых вёсках усё меней і меней.
— Успомніце самы запамінальны выпадак, калі давялося сутыкацца з некампетэнтнасцю людзей пры выкарыстанні газу.
— Шмат усяго давялося пабачыць… — мужчына на хвілінку задумваецца. — Адразу на памяць прыходзяць некалькі выпадкаў, калі людзі клалі на бок, каталі газавыя балоны.
— Гэта як?
— Калі газ у балоне падыходзіць да заканчэння, а ў ёмістасці застаецца крыху газавага кандэнсату, некаторыя нецярплівыя людзі робяць такі прыём: кладуць балон на бок, часта нават вентылем уніз, качаюць яго, спадзеючыся, што пры большай плошчы выпарэння газ яшчэ будзе ісці. Гэта не толькі няправільна, а і смяротна небяспечна. Пры такіх дзеяннях кандэнсат можа патрапіць у патрубкі, а па іх — у газавую пліту. Калі ён там успыхне, выбухне факел, які нічым ужо немагчыма будзе затушыць. Здарыцца пажар.
— Колькі вы працавалі разам з бацькам, чаму ён вас навучыў?
— Чатыры гады. Бацька ўвогуле як прыйшоў у гаргаз працаваць пасля арміі, так і прысвяціў гэтай рабоце ўсё жыццё. Ён, ды і іншыя старэйшыя работнікі, вучылі мяне ў першую чаргу не спяшацца, рабіць сваю справу правільна, уважліва. Тады і ніякіх надзвычайных здарэнняў не адбудзецца.
— А вашы дзеці не збіраюцца звязваць працоўнае жыццё з гаргазам?
— У нас з жонкай Аксанай адна дачка Ала. Пасля заканчэння гімназіі паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, атрымлівае спецыяльнасць лагіста. Скончыла два курсы. Спецыяльнасць перспектыўная, можа знайсці прымяненне і ў газавай гаспадарцы. Жыццё пакажа.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.