Колькасць злачынстваў узрасла

Падводзячы вынікі працы РАУС за мінулы год, вымушаны канстатаваць, што ўзровень злачыннасці за азначаны перыяд, хаця і не нашмат, але ўзрос як у абсалютных лічбах, так і ў адносных. Напрыклад, у разліку на дзесяць тысяч жыхароў у раёне зарэгістраваны 88 злачынстваў, для параўнання, у 2014 годзе гэты паказчык быў на ўзроўні 88,3. Аднак, калі паглядзець у больш працяглай дынаміцы, то заўважаем больш аптымістычную карціну. У 2011 годзе было зарэгістравана 138,9 злачынстваў на дзесяць тысяч чалавек, як бачым, за пяцігодку гэты паказчык знізіўся больш, як на 30 працэнтаў. Усяго на Лепельшчыне летась зарэгістраваны 294 злачынствы (у 2014 годзе – 280).

На працягу года ў РАУС ад грамадзян паступілі 761 заява і паведамленне. Пасля праверкі гэтых фактаў былі ўзбуджаны 294 крымінальныя справы, у 343 выпадках ва ўзбуджэнні крымінальнай справы адмоўлена.

Больш пільна разгледзім структуру злачыннасці. Па лініі крымінальнага вышуку летась зарэгістраваны 199 злачынстваў.

Да цяжкіх і асабліва цяжкіх адносяцца 11. Так, летась былі ўчынены два забойствы. У першым выпадку быў зарэзаны мужчына ў Заслонаве. Праз некалькі месяцаў трагедыя адбылася ў Лепелі, раней судзімы мужчына нажом нанёс другому нажом раненні, несумяшчальныя з жыццём.

На працягу года былі выяўлены два факты нанясення цяжкіх цялесных пашкоджанняў.

У Бораўне зламыснік падпаліў жылы дом, яго дзеянні кваліфікаваныя як наўмыснае знішчэнне маёмасці.

Пяць фактаў вымагальніцтва, зафіксаваныя ў вайсковай часці вёскі Заслонава, таксама аднесены да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў. Па ўсіх фактаў устаноўлены падазроныя асобы, прад’яўлены абвінавачанні.

На працягу года зарэгістраваныя і раскрытыя сем злачынстваў групай па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў і гандлю людзьмі. У прыватнасці, былі прыпынены чатыры спробы распаўсюджвання наркотыкаў. Тры чалавекі прыцягнутыя да адказнасці за распаўсюджванне праз глабальную сетку інтэрнэт матэрыялаў парнаграфічнага характару.

Акрамя гэтага, выяўлены 21 факт сяўбы наркотыкаўтрымліваючых раслін, знішчаны 41,5 м2 пасеваў, канфіскаваны 15,1 кг расліннай сыравіны.

Побач з наркатычным дурманам, нельга абмінуць і алкагольны. Так, летась тры чалавекі атруціліся алкаголем насмерць (у 2014-ым – восем). Як і раней, алкаголь быў ліцэнзаваны, набыты ў аб’ектах дзяржаўнай гандлёвай сеткі. Прычынай смерці стала банальнае ўжыванне спіртнога звыш усялякай нармальнай меры.

Алкаголь у некаторых выпадках становіцца каталізатарам злачынных памкненняў – 40 злачынстваў летась учынены ў стане алкагольнага ап’янення.

На фоне росту агульнай колькасці злачынстваў у пэўнай колькасці знізілася іх раскрывальнасць. Па завершаных крымінальных справах раскрытыя 58,1 працэнта правапарушэнняў (у 2014 годзе – 66,1%). У асноўным нераскрытымі застаюцца дробныя крадзяжы маёмасці. Калі ж узяцца складаць схематычны партрэт тыповага зладзюжкі, то атрымаецца, што часцей па хатах, кладоўках і дачах шуруе мужчына, які нідзе не працуе і не вучыцца, раней меў судзімасці.

Сярод сельсаветаў самымі крымінагеннымі ў 2015 годзе сталі Горскі і Лепельскі. У населеных пунктах Горскага сельсавета летась зафіксаваны 55 злачынстваў. Пры гэтым варта зазначыць, што з іх 30 адбыліся на тэрыторыі вайсковай часці ў Заслонаве. У Лепельскім сельсавеце зафіксавана 21 злачынства: 20 злачынства супраць уласнасці і адно наўмыснае знішчэнне маёмасці.

Усё ж, хацелася б адзначыць лепшых супрацоўнікаў, якія самаадана нясуць службу. Гэта старшы ўчастковы маёр міліцыі Алег Аўтух, старшы оперупаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку маёр міліцыі Аляксандр Дудко, старшы інспектар па адміністрацыйнай практыцы АДАІ капітан міліцыі Мікалай Куранны. Лепшым па Віцебскай вобласці прызнаны старшы інспектар-дзяжурны аператыўна-дзяжурнай службы маёр міліцыі Юрый Сінюшкін.

Алег ГЛУШЧАНКА,

намеснік начальніка РАУС,

падпалкоўнік міліцыі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.