Восем чалавек патрапілі ў аварыю

У нядзелю, 17 студзеня, на дарозе Лепель-Заслонава, за вёскай Бораўна адбылася аварыя, у якую патрапілі два аўтамабілі, у іх ехалі восем чалавек. “Citroen-Xantia” ехаў з боку Лепеля, жыхары Лёзна збіраліся ў выхадны дзень наведаць салдата, які служыць у Заслонаве. За рулём быў вопытны, спрактыкаваны вадзіцель, у правах адкрытыя амаль усе катэгорыі. Толькі прамінулі Бораўна, праехалі пад’ём, кароткі роўны ўчастак дарогі, пачалі ўваходзіць у паварот, як паказаўся сустрэчны аўтамабіль.

На машыне “Renault-Megane” ехаў жыхар Заслонава, суседка папрасіла завезці дзіця, якое захварэла, у балтніцу. Па дарозе падабралі чалавека, які галасаваў на выездзе з Заслонава. У заслонаўца ж вадзіцельскага стажу не было і году.

Абедзьве машыны былі належным чынам падрыхтаваныя для эксплуатацыі ў зімовых умовах, мелі зімовыя пакрышкі.

Як распавядаў пасля аварыі вадзіцель “Renault-Megane”, у паварот ён уваходзіў на хуткасці каля 70 кіламетраў у гадзіну. Раптам машыну занесла, раскруціла – бакавы ўдар аб сустрэчную. Вадзіцель “Citroen-Xantia” таксама недастаткова хутка адрэагаваў, не паспеў вывернуцца.

Кажа інспектар АДАІ РАУС Аляксандр Бараўкоў, які па выкліку прыбыў на месца аварыі:

— На гэтым участку дарогі максімальна дазволеная хуткасць 90 км/г. Аднак палажэнні правілаў дарожнага руху ўказваюць, што “ўдзельнікі руху абавязаны аптымальна выбіраць хуткасць, улічваючы тэхнічны стан транспартных сродкаў, дарожную абстаноўку, стан дарожнага пакрыцця, умовы надвор’я”. Канчатковыя адказы павінна даць усебаковая праверка.

Ад удару “Citroen-Xantia” быў выкінуты ў кувет, дзе прызямліўся ў снегавой гурбе. З пасажыраў гэтай машыны самую моцную траўму атрымала жанчына – у яе рассечаная скура на галаве, магчымае страсенне.

У “Renault-Megane” праз разбітае задняе шкло выкінула пасажырку. Аднак яна ў выніку аддзелалася ўшыбамі.

Пасля аварыі сем чалавек былі дастаўлены ў цэнтральную раённую бальніцу. Пасля аказання першай медыцынскай дапамогі шасцёра былі адпушчаныя, адзін – шпіталізаваны. Ім аказаўся вадзіцель “Renault-Megane”, у якога зламаныя дзве рабрыны.

Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.