Комплекс «Волшебная баня» на Лепельщине

n-17 Маленькае цёмнае памяшканне з адной лямпачкай, кіпячы бак з вадой, цесныя паліцы, закуранае дрэва — такая карцінка яшчэ не так даўно малявалася для большасці людзей пры слове “лазня”. Цяпер такі вобраз сышоў у мінулае. Гэта традыцыйнае збудаванне становіцца ўсё больш сучасным, тэхналагічным і зручным. Усё гэта дасягаецца за кошт прымянення новых якасных матэрыялаў, моцных будаўнічых канструкцый і высокатэхналагічнага абсталявання.

n-18У аддзяленні кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту «Святліца» ў аграгарадку Камень у 2018 годзе пачаў працаваць аздараўленчы комплекс «Чароўная лазня». Што гэта такое, не даводзілася пазнаць, пакуль не пачула водгукі наведвальнікаў гэтага карыснага месца. І гэтыя пазітыўныя думкі данеслі мне не жыхары аддзялення, а звычайныя вяскоўцы, якім надарылася магчымасць там пабываць. Раней лічыла, што ў лазні можа мыцца і адпачываць толькі той, хто жыве ў “Святліцы”. На самой справе прыняць душ з вялікім камфортам і пасядзець у саўне могуць жыхары Каменя, а таксама бліжэйшых населеных пунктаў.
— Алена Леанідаўна, — звяртаюся да загадчыцы аддзялення Алены Чувілінай, — ці карыстаецца папулярнасцю лазня сярод вясковых жыхароў?
— Вясковыя жыхары без лазні не ўяўляюць свайго жыцця. Часцей наведваюць яе, чым прымаюць душ ці ванну. Так склалася з даўніх часоў. У сталым узросце людзям ужо цяжка пераносіць вялікую пару, таму яны ў асноўным карыстаюцца мыечнай з душам, аднак адчуванне традыцыі застаецца. Гэты комплекс не толькі для таго, каб памыцца, а яшчэ і выдатная нагода сабрацца разам са сваімі добрымі сябрамі і пагутарыць за кубачкам чаю. Душавыя можна наведваць у любы дзень. Ёсць ужо і пастаянныя нашы наведвальнікі. Жанчыны з Каменя збіраюцца невялікай кампаніяй і прыходзяць у душ.
Алена Леанідаўна паказала вялікі набор сродкаў для догляду за скурай, якія прапаноўваюцца наведвальнікам. Скрабы, марская соль розных відаў, гелі, фіташампуні… Пералічыць усё немагчыма. Для аматараў пары ёсць спецыяльныя шапкі і рукавіцы. Усё прадугледжана, каб адпачынак быў сапраўдным, поўным і, самае галоўнае, карысным. І, немалаважна, па вельмі прымальных цэнах.
— Ці могуць да вас звярнуцца жадаючыя, каб адпачыць, напрыклад, сям’ёй?
— Так, у нас можна заказаць лазню. Для гэтага дастаткова папярэдне патэлефанаваць у аддзяленне і абмеркаваць час.
У наш час лазня — не проста месца, дзе можна памыцца, а і свайго роду рытуал. Тэндэнцыі апошняга часу — імкненне да зносін з прыродай. Трэба сказаць, што мясціны тут на самой справе вельмі прыгожыя. Выдатная, дагледжаная тэрыторыя, чыстае паветра, дзякуючы вялікай колькасці дрэваў. У летні перыяд можна пасядзець на ўтульных лаўках на свежым паветры. Каля лазні пасаджана шмат кустоў парэчак, квітнеюць кветкі. Жыхары аддзялення могуць прайсціся сярод зеляніны і паспытаць ягад.
Традыцыйная лазня становіцца месцам адпачынку і сузірання, ператвараецца ў аздараўленчы комплекс. Пры аддзяленні кругласутачнага знаходжання працуе менавіта такая лазня — сучасная, з цэнтральным ацяпленнем і печчу-каменкай. Складаецца яна з чатырох зон: парыльні, мыечнай з душам (на пяць-шэсць чалавек), раздзявальні і пакоя адпачынку для гутарак за кубкам гарбаты.
Калі адчыніла дзверы, нават не думала, што лазня такая прасторная. Як паведамілі, разлічана на пяць-шэсць чалавек. А мне здаецца, што там і дзесяць наведвальнікаў будуць адчуваць сябе камфортна. Пачуўся прыемны пах венікаў, якія вісяць на сцяне. Адразу захацелася ў зімовы, пахмурны дзень пагрэцца ў лазеньцы. Наступнае памяшканне — фітабар, дзе можна пасля моцнай пары адпачыць і папіць зёлкавага чаю з самавара. Гэты атрыбут таксама надае сімвалічнасці і ўрачыстасці. Мала ў каго застаўся ён, а вось у даўнейшыя часы збіраў вялікія сем’і за сталом. Прыгожая плітка на падлозе, сцены абабіты вагонкай — усё зроблена па-сучаснаму, з карысцю для здароўя і ўтульна. У раздзявальні — умывальнік, вешалкі і лаўкі. Плошча — хоць танцуй. Прадугледжана і прыбіральня. Аднак, напэўна, найбольшая зручнасць у тым, што можна не толькі памыцца і адпачыць, а за гэты час яшчэ і памыць бялізну, бо ў памяшканні ўстаноўлена пральная машына-аўтамат. Лічу, што гэтая паслуга за невялікую плату ідэальна падыходзіць як для адзінокага грамадзяніна, так і сям’і. Тым больш, ведаю шмат вяскоўцаў, у якіх у доме адсутнічае водаправод, і мыццё бялізны займае шмат часу.
Валянціна Аўсіевіч жыве ў “Святліцы” з 2013 года, умовамі вельмі задаволена, не сумуе, актывістка па жыцці. Любіць сустрэцца з сяброўкамі ў лазні, пагутарыць на розныя жыццёвыя тэмы.
Гарачая пара, пахучы венік, духмяны чай і павольная размова выганяюць хваробы і дадаюць сіл. Калі чалавек хаця б раз памыўся ў лазні, наўрад ці ён забудзе адчуванне лёгкасці, чысціні і асалоды, якіх ніколі не дасягне, наведаўшы душ ці ванную.
Н. МІЦЬКІНА.
На здымках: Валянціна Аўсіевіч; камфортная лазня.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.