Королева от удовольствия запрыгала на престоле и закружила вместе с ним

foto-obshheeУ Поўсвіжы — зноў свята, на гэты раз сабраліся з нагоды Дня маці. Доўга прыйшлося ўгаворваць матуль выйсці на сцэну мясцовага сельскага Дома культуры. Тыя вагаліся ў нерашучасці, бо не артысты ж. І як сустрэне іх публіка? І што яны будуць рабіць на сцэне?
Нарэшце паабяцалі матулям-артысткам, што “нічога такога” ім рабіць на сцэне не давядзецца, і тыя
згадзіліся.

Не святыя гаршкі абпальваюць. Урэшце героямі сцэны сталі Марына Якубоўская, Насця Драпеза, Людміла Аношка, Ірына Піскунова, Тамара Хамячук і іх дзеці — Карына, Мацвей, Андрэй, Даніла, Рустам. А распачалася праграма пяшчотнай песняй у выкананні Аляксандра Міхно і Міхаіла Шауры, якая кранула душу. Далей паліліся словы падзякі мужчынам за падораны настрой ад імя вядучай Надзеі Шарлаевай, настаўніцы Поўсвіжскай базавай школы. Школа супрацоўнічае з СДК. Гэтыя дапамагаюць праводзіць школьныя мерапрыемствы, тыя выручаюць з апаратурай, касцюмамі, дэкарацыямі.
І вось на сцэну выйшлі сем’і, пачаліся конкурсы. Першы з іх — “Закідулечкі”. Дзеці за спіною ў матуль кідалі пельмені, а тыя спрабавалі іх злавіць з дапамогай каструль. Нарагаталіся!
Далей адкрылі “МамАтэлье”. Пакуль Міхаіл Шаура іграў на кларнэце, маці “шылі” касцюмы дзецям з падручных матэрыялаў: газет, часопісаў. У наборы былі нажніцы, стужачкі, банты, паясочкі, шпількі… Хоць маці і хваляваліся, аднак за некалькі хвілін “пашылі” касцюмы “Барбі”, Напалеона, генерала, гардэмарына, пілота. Дзеці не толькі з задавальненнем дэманстравалі на подыуме свае касцюмы, але і праспявалі матулям у знак падзякі песню “Мы жадаем шчасця вам”.
Не сядзелі без справы і таты. Для іх вядучыя падрыхтавалі спартыўны конкурс. На падлозе рассыпалі фасолю, якую мужчыны мусілі сабраць з наборам надутых і прывязаных да пояса паветраных шароў, шары павінны былі застацца цэлымі. Адзін тата ўмудрыўся не толькі сваю фасоль сабраць, але і дапамагчы іншым. Не гледзячы на тое, што мужчыны прыйшлі толькі падтрымаць сваіх жонак, а не ўдзельнічаць, конкурс з іх удзелам прайшоў хутка і весела.
А потым усе кінуліся ў… плач. Чаму не паплакаць, каб свята прайшло цікавей! “Плакалі” па чарзе дзеці, а маці павінны былі адгадваць, чыё дзіця плача. Часам вядучыя прасілі паплакаць у мікрафон не толькі дзяцей, але і проста гледачоў. Матулі імкнуліся ўсіх суцешыць. Было весела-весела.
Якое ж свята без казкі! Казка называлася “Каралеўства прыгажосці”. Вядучыя — Маці (Лідзія Ганчар) выконвала ролю Каралевы, а Дачка (Таццяна Стрыжонак) чытала тэкст казкі. А матулі дэманстравалі свае казачныя касцюмы. Для кожнага “дэфіле” — свая музыка. Марыне выпаў выбар дэманстраваць усходні касцюм. Апранулася з дапамогай асістэнткі, і пад гукі ўсходняй музыкі пайшла красавацца перад каралевай і гледачамі пад гучныя іх воплескі. Насця выбрала расійскі касцюм: валёнкі, какошнік і хустачку. Загучала песня “Валенки” — і Насця пайшла ў скокі, ды так, што давялося адной рукой падтрымліваць какошнік. Людміла накруціла на сябе індыйскае сары — метры з чатыры, прыляпіла на пераноссе чырвоную кропачку з 5 капеек і танчыла пад вядомую ўсім “Джыммі”. Вырвала апладысменты Ірына ў цыганскім строі. А калі загучала “цыганачка”, то ніхто б не сумняваўся, што танцуе сапраўдная ромалэ, калі б не белыя валасы.
Каралева ад задавальнення заскакала на троне і закружыла разам з ім. Завяршыла парад касцюмаў Тамара пад гукі японскай музыкі — паплыла ў касцюме японкі. Вялікая шапка ды бант на ўсю талію. У знак удзячнасці каралева ўсім выдала дыпломы з надпісам “Супермама”, падарыла сувеніры з цукерак і букеты гладыёлусаў.
Шмат спявалі. Насця расчуліла гледачоў песняй Алега Газманава “Мама”. Людміла так рытмічна выконвала “Крапіву-лебяду”, што ногі самі ў скокі прасіліся. Мацвей прачытаў сваёй матулі прачулыя словы падзякі. А самая юная ўдзельніца свята Саша Занько сваёй вясёлай і рытмічнай музыкай дадала атмасферы святочнага каларыту і бадзёрага настрою.
Віктар ЛЯШЧЫНА.
На здымку: забаўляльная праграма “Супермама” на сцэне Поўсвіжскага СДК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.