Династия на Лепельском МКК

1Таццяна Калеснік — чалавек гарадскі. У Лепелі нарадзілася, жыве ў кватэры. Можна сказаць, што сельскагаспадарчай працай не абцяжараная. Хіба што пакліча калі маці ў вёску, на лецішча. Якое там лецішча — старая, яшчэ дзедаўская хата ў Валосавічах. Тут, як кажуць, карані, і таму маці, якая зараз жыве з дачкою ў горадзе, час ад часу кліча яе да родных мясцін.

Яшчэ ж не старая, няма і сямідзесяці, дзейная, рухавая, маці для Таццяны заўсёды была непахісным аўтарытэтам. Вось, мабыць, і прафесію маці дачка абрала нездарма. Шмат год на малочнакансервавым камбінаце адпрацавала яе маці. Апошні час была апаратчыкам сушыльных установак. Зараз жа на гэтым самым прадпрыемстве, якое хіба што памяняла назву, начальнікам цэльнамалочнага цэха працуе Таццяна.
Дзяўчына скончыла сярэднюю школу №3 і пайшла на матчына прадпрыемства ў цэх па вырабе масла. Затым перайшла ў кансервавы цэх сухога малака, дзе была хімікам, начальнікам змены. Тым часам паступіла на завочнае навучанне ў Пінскі мяса-малочны тэхнікум на спецыяльнасць “Тэхналогія малака і мяса-малочных прадуктаў”.
Неўзабаве Таццяну прызначылі старшым майстрам аддзела эксплуатацыі. А з 2011 года Таццяна Іванаўна ўзначальвае цэх цэльнамалочнай прадукцыі .
Выдатна, калі чалавеку падабаецца яго праца. У такім выпадку ён прыносіць нашмат болей карысці на сваім працоўным месцы. Вось і для Таццяны Калеснік праца — не толькі крыніца папаўнення сямейнага бюджэту, а і занятак для душы, можна сказаць, своеасаблівае хобі. Кіраваць цэхам — гэта значыць найперш працаваць з людзьмі. І гэта няпроста: работнікі рознага ўзросту, у кожнага — свае здольнасці, характар, сямейна-бытавыя клопаты… Людзі ж тут, як правіла, дарослыя, сталыя, ёсць свае сем’і, дзеці. Шэсцьдзясят чалавек у цэху — шэсцьдзясят характараў. І да кожнага трэба падабраць свой чароўны ключык. Палова рабочых занятая непасрэдна вырабам прадукцыі. Астатнія абслугоўваюць вытворчасць.
***
Таццяна Іванаўна дэталёва, з веданнем справы, распавядае пра свой цэх.
— Усяго прымаем 270 тон малака. З іх непасрэдна 45 тон ідзе на выраб цэльнамалочнай прадукцыі. Астатняе перапрацоўваецца на сухое малако, масла і г.д.
— Прыёмам малака таксама вы займаецеся?
— Так, прыёмна-апаратны ўчастак, дзе працуе дваццаць пяць чалавек, таксама адносіцца да нашага цэху. У лабараторыі бяром пробы малака, якое паступіла, на якасць.
— Абавязкова робіце прадукцыю толькі са свежай сыравіны, альбо, калі малако, скажам, крыху падкісла, выкарыстоўваеце яго для вырабу кісламалочнай прадукцыі?
— Ні ў якім выпадку. Кіслае малако ідзе на выбракоўку.
— Чаму?
— Таму што з яго не атрымаецца вырабіць прадукцыю па пэўнай тэхналогіі, і якасць не будзе адпавядаць стандарту.
— Як абсталяваны цэх?
— Тут знаходзяцца рэзервуары для малака, ачышчальнікі, ахаладжальнікі, далей — устаноўкі для пастэрызацыі, пасля якой малако паступае або на разліў, або ў рэзервуары на закваску. З яе вырабляем ці тварог, ці кісламалочную прадукцыю.
— Якую ўвогуле прадукцыю і ў якіх аб’ёмах вырабляе цэх?
— Штодня — каля дваццаці тон малака тлустасцю 1,5; 3,2; 3,6 працэнта, па паўтары тоны напою кефірнага, па дзве тоны дзесяціпрацэнтнага і біятварагу. Выпускаецца таксама нязначны аб’ём салодкай масы.
— Чаму не вырабляеце звычайны кефір?
— Ужо закупілі патрэбнае абсталяванне. Ствараем аддзел для вытворчасці неабходнай закваскі. Неўзабаве будзе наладжана вытворчасць кефіру.
— Абсталяванне ў цэху абнаўляецца?
— Нядаўна набылі апараты для расфасоўкі тварагу і для дадатковай упакоўкі — БОР. Купілі новы апарат для фасоўкі малочных прадуктаў ва ўпакоўку “пюрпак” для разліву малака, а пасля і кефіру.
— Што робіцца ў цэху для стварэння камфортных умоў працы?
— Ёсць пакой, дзе можна падсілкавацца, абсталяваны мікрахвалевай печчу, халадзільнікам, чайнікам. Там заўсёды можна пакаштаваць і прадукцыі, якая вырабляецца. Абсталяваны санітарныя вузлы, пакой для пераапранання і душ.
***
Праца — сапраўднае хобі. Аднак жа ёсць і іншы, непрацоўны час. Для чалавека гарадскога бывае праблемай яго баўленне. У Таццяны такой праблемы няма. Увесь свой вольны час праводзіць з дачкой, якой ужо чатырнаццаць гадоў. Адпачываюць з Кацярынай на курортах, падарожнічаюць. Былі і ў Крыме, і на іншых курортах Украіны і Расіі, з экскурсіяй пабывалі ў Санкт-Пецярбурзе, наведалі Мірскі замак. Маці і дачка — ласухі. Таццяна любіць займацца выпечкай. Прыгатаванню розных прысмакаў вучыць і дачку.
Нібы ў казцы, у жыцці Таццяны цякуць малочныя рэкі, хіба што толькі не з кісельнымі, а з тварожнымі берагамі. Хочацца верыць, што і фінал будзе, як у казцы — дачка Таццяны, урэшце, абярэ яе прафесію, як і яна выбрала прафесію маці. І дынастыя прадоўжыцца…
Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.