Кровавый день рождения

i-1 Ужо некалькі дзён лепяльчане абмяркоўваюць забойства жанчыны на тэрыторыі гаражнага кааператыва на вуліцы Дэпоўскай, амаль усе інтэрнэт-рэсурсы рэспублікі таксама палічылі сваім абавязкам размясціць у сябе паведамленні. Аднак ва ўсёй гэтай гісторыі пакуль што больш чутак і здагадак. Каб расставіць кропкі над “і”, спыніць распаўсюджанне самых неверагодных чутак і недарэчных домыслаў, аўтар гэтых радкоў звярнуўся ў раённы аддзел Следчага камітэта. Намеснік начальніка аддзела падпалкоўнік юстыцыі Сяргей Булай распавядае:

— 18 лютага ў чатыры гадзіны раніцы ў дзяжурную часць РАУС патэлефанаваў мужчына. Ён паведаміў, што нядаўна вярнулася жонка, сказала, што “нейкі невядомы мужчына забівае яе сяброўку, магчыма ўжо забіў, і хутка прыйдзе забіваць і яе”. Потым жанчына пераапранулася, сваю вопратку спаліла ў агародзе і напісала перадсмяротную запіску.

Следча-аператыўная група ў складзе супрацоўнікаў крымінальнага вышуку, раённага аддзела Следчага камітэта і экспертаў прыбыла на месца праз некалькі хвілін пасля званка. Пры аглядзе гаражоў на вуліцы Дэпоўскай было знойдзена цела жанчыны са шматлікімі колата-рэзанымі ранамі. Фактычна на ёй не заставалася цэлага месца. Злачынца дзейнічаў з ярасцю, зацятай лютасцю.

Падазроныя ва ўчыненні злачынства затрыманы, праводзяцца следчыя дзеянні, прызначаны шэраг экспертыз.

— Хто падазраецца ва ўчыненні забойства?

— Гэтыя самыя муж і жонка.

— На якіх падставах?

— Пасля вяртання, перад тым, як, па яе словах, разбудзіць мужа і сказаць яму пра забойства сяброўкі, жанчына пераапранулася і знятае адзенне спаліла ў агародзе. Потым напісала перадсмяротную запіску. Менавіта гэтыя абставіны і паслужылі штуршком для падазрэнняў. Сляды крыві выяўлены і ў іх легкавой аўтамашыне “Опель Астра”.

— Якая вымалёўваецца карціна злачынства?

— Заходзячы з паказанняў, а таксама з папярэдніх даных экспертыз, падзеі развіваліся наступным чынам. 17 лютага муж і жонка прымалі гасцей, адзначалі дзень нараджэння жанчыны. Акрамя гаспадароў прысутнічалі маці жонкі, сяброўка, якая ў далейшым загінула і яшчэ адна жанчына. Выпівалі ўмерана, імянінніца толькі крыху прыгубіла шампанскага. Ужо пасля 11 гадзін вечара другая госця і маці пайшлі па дамах. Жанчына-імянінніца і сяброўка вырашылі праехаць на машыне пракаціцца.

Аб чым яны гутарылі ў машыне, што адбывалася, цяпер сказаць цяжка. Аднак а чацвёртай гадзіне раніцы яна прыехала дахаты і разбудзіла мужа… Далей усё ведаеце.

Па падазрэнні ў забойстве затрыманы муж і жонка. Да іх узнікла вельмі шмат пытанняў: чаму спальвалі вопратку, адкуль кроў у салоне аўтамабіля і шмат іншых.

— Агучвалася інфармацыя пра спробы суіцыду…

— Так, падазроная жанчына зрабіла некалькі спробаў суіцыду, але ўсе яны былі спыненыя. Зараз яна пад асаблівым наглядам у раённай бальніцы.

Асаблівы трагізм падзеі дадае той факт, што без бацькоў застануцца дзве дзяўчынкі трох і чатырох гадоў. Адна – дзіця загінулай жанчыны, другая – дачка падазроных.

Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.