Крылья каноэ Влада Костюковича

img_4302 У кожнага — сваё дзяцінства. Для адных — гэта крылатыя арэлі, а для іншых дзяцінства і юнацтва імкліва праносяцца на крылах каноэ. Прагматыкі адразу ж запярэчаць, маўляў, якія ў лодкі крылы. А вы ўключыце крышачку фантазіі, бо падлетак без творчага ўяўлення, як лодка без крылаў!

І адкрыецца вам непаўторнае відовішча — крылаты водны спорт, які ўжо не раз бачыў я, сустракаючы на ціхай рачной плыні грацыёзных, як лебедзі, і мужных, як “віцязі”, юнакоў з вёсламі. І заўсёды крышачку зайздросціў гэтым юнакам. Іншыя — па кафэ ды піцэрыях, а яны — шыракаплечыя, падцягнутыя, мужныя — люба глянуць, а галоўнае — мэтанакіраваныя. Вельмі паказальна, што гэтыя юнакі ўжо ў чатырнаццаць, пятнаццаць, шаснаццаць гадоў цвёрда ведаюць, што ім трэба і ў адпаведнасці са сваім, здавалася б, дзіцячым захапленнем будуюць далейшыя жыццёвыя планы.
Раней я быў знаёмы фактычна з адным байдарачнікам — Ільёй Палонскім, які таксама скончыў сярэднюю школу №1, пасля ж падаўся глыбей у любімы спорт і ўжо чагосьці паспеў у ім дасягнуць. А сустрэліся мы на спартыўнай базе і вось ужо гадоў колькі сябруем “УКантакце”. На гэты раз пазнаёміліся з яшчэ адным весляром — Уладам Касцюковічам. Цікава, што ён таксама заканчвае СШ №1 і, нягледзячы на тое, што яшчэ юны, добра ведае Ілью, больш таго, разам зараз трэніруюцца, рыхтуюцца да чарговых спаборніцтваў.
Паважаю людзей мэтанакіраваных. Улад ніколькі не сумняваецца — паступаць ён будзе ў БДУФК, і ў сувязі з гэтым імкнецца рацыянальна размяркоўваць свой час і здольнасці. Правільна, усё павінна быць падпарадкавана пастаўленай мэце.
А часу, як ні размяркоўвай, усё роўна бракуе. Уявіце сабе — штодзённыя спартыўныя трэніроўкі, кожны будні дзень пасля ўрокаў. Відаць, гэта ўжо зацягвае, як у вір. Вяртаешся дадому а сёмай вечара — трэба зрабіць урокі, трэба ж, урэшце, хоць крыху адпачыць. І толькі ў суботу дазваляе сабе Улад цэлы дзень прысвяціць… цэнтралізаванаму тэсціраванню. Выдатна, што яшчэ ў жыцці ёсць выхадны дзень — нядзеля! Вось тут можна часам сабрацца і зматаць, як кажуць, вудачкі ці на возера Святое, непадалёк ад якога жыве, ці на Поўсвіжскае, да бабулі, а ці на Люсінец. Самая вялікая рыбацкая ўдача — лешч на тры дзевяцьсот і шчупак амаль на два кілаграмы. На жаль, ні на байдарцы, ні на каноэ вудачкі не раскладзеш і шчупака з ляшчом не зловіш.
А спорт — важней. Спытаўся ў хлопца, што яму дае спорт. Улад задумаўся і кажа:
— Здароўе і душэўнае заспакаенне. А яшчэ ён даў мне сябра.
Сапраўды, лепшага свайго сябра Багдана Бязручанку хлопец сустрэў у Віцебску на спаборніцтвах па веславанні на байдарках і каноэ. На абласных яны з Багданам былі сапернікамі, а на рэспубліканскіх, вобразна кажучы, апынуліся ў адной лодцы і сталі напарнікамі. З таго часу пасябравалі.
Самы высокі спартыўны вынік адзінаццацікласніка Улада Касцюковіча — перамога ў рэспубліканскай спартакіядзе ДЮСШ. Запаветная ж мара юнага весляра з Лепеля — трапіць у тройку лепшых на чэмпіянаце свету. У юнацкага максімалізму заўсёды высокая планка. І гэта акрыляе. Хто сказаў, што ў лодкі няма крылаў!
Ну, а паміж марай і рэальнасцю — пакуль што звычайныя школьныя гады — няпрофільны адзінаццаты “Б”, любімыя матэматыка, хімія, біялогія, заняткі на баскетбольнай пляцоўцы. Прагнасць да сцэны і вялікае імкненне быць лепшым, першым. Інакш чым растлумачыць ролю вядучага на школьных і раённых мерапрыемствах, выступленні ў конкурсе “Лідар”, арганізаваным РК ГА “БРСМ”, удзел у злётах юных выратавальнікаў і пажарных, а таксама юных інспектараў дарожнага руху. Праўда, усё гэта здаралася ў розныя гады школьнага жыцця, і тым не меней…
Ад рэальнасці да мары — дарога няблізкая. І яшчэ ўсё будзе, і яшчэ рознае здарыцца. Да высокай мары трэба дарасці. Ну, а пакуль — хутчэй на трэніроўку, да першых моцных маразоў, пакуль не схаваецца пад лёдам рачная плынь. А калі што, можна і сярод зімы махнуць на Новалукомль, дзе ў цёплых водах прыстанцыйнага возера зімою плаваюць хіба толькі грацыёзныя птушкі-лебедзі і прыгожыя юнакі-весляры на сваіх крылатых лодках.
На здымках: Улад Касцюковіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.