Мир увлечений Виктории Ивановой

img_4299 Што пераможа — фізіка ці фізкультура? Ну, калі размова ідзе пра выпускніцу профільнага фізіка-матэматычнага класа, тут і меркаваць няма чаго. І ўсё ж… Чаму настаўнікі здзіўляюцца, калі чуюць ад Вікторыі, што паступаць яна будзе ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі?

Настаўнікаў можна зразумець, яны прывыклі бачыць дзяўчыну заўсёды спартыўнай, падцягнутай, усмешлівай, з байцоўскім характарам і цвёрдай рэпутацыяй пераможцы. Яны не памыляюцца. Вікторыя Іванова, вучаніца адзінаццатага “А” класа СШ №1, сапраўды і ў душы, і па жыцці спартсменка. І на ўроках фізкультуры ва Уладзіміра Клундука атрымлівае заслужаныя дзясяткі.
Проста трэба адрозніваць фізкультуру і спорт. Фізічнае выхаванне — для здароўя, агульнага развіцця, для аптымістычнага зараду на жыццё, а спорт — занятак прафесіяналаў. Гэта цяжкая праца. Штодзённыя няспынныя трэніроўкі, нацэленыя на поспех, на дасягненне выніку, могуць, наадварот, падрываць здароўе. І калі ўжо чалавек выбірае спорт як прафесію, ён ведае, на што ідзе і чым ахвяруе.
Вікторыя сур’ёзна займаецца фізікай. Вучыцца на фізіка-матэматычным профілі, удзельнічае ў прадметных алімпіядах і займае там прызавыя месцы. Што ж тут кепскага — стаць інжынерам-праграмістам? Вельмі перспектыўная прафесія. Хаця, шчыра прызнацца, і прафесіяналаў падобных не злічыць. Электронныя тэхналогіі, якія развіваюцца, прама скажам, касмічнымі тэмпамі, забяспечаць занятак усім.
Іншая справа — узрост. У шаснаццаць-сямнаццаць гадоў усяго хочацца паспрабаваць, усё здаецца цікавым і прывабным. Хочацца пасядзець “УКантакце” і паслухаць музыку, хай сабе любую, пад настрой. Хочацца пачытаць у інтэрнэце. Віка знайшла сабе цікавую тэму — “Гісторыі пра падлеткаў”. Чытаеш, міжволі параўноўваеш, чамусьці абавязкова вучышся і заадно — адпачываеш.
Адпачываць можна не толькі за камп’ютарам. Хочацца пабыць з сяброўкамі і сябрамі, выпіць кубачак кавы ў “Піцэрыі”, а то і проста паблукаць па вуліцах нашага ціхага прыемнага гарадка. Бачылі ж, якая чароўная была сёлета залатая восень. А якая пушыстая, бялюткая, свежая затым наступіла зіма! Снег выпаў — нібы на карцінцы.
Карцінка для Вікторыі — не пустое месца і не штосьці абстрактнае, чужое. Малюнак — таксама яе стыхія, грэе душу, развівае творчае ўяўленне. Можа, не ўсе ведаюць, што Віка — крыху мастачка. Праўда, слова “крыху” тут не зусім да месца, бо мастак альбо жыве ў чалавеку, альбо не. Дзяўчына малюе партрэты простым алоўкам. Напісаць партрэт, напэўна, самае складанае для мастака. І хоць Віка не піша з натуры, а большасцю капіруе, карыстаючыся ўсё тым жа інтэрнэтам, не важна. Яна ж не прафесійны партрэтыст. Паспрабуйце самі — і вы ўбачыце, як няпроста на паперы рэалістычна перадаць аблічча і рысы твару. Гэта ў дзяўчыны спадчыннае. Маці таксама някепска малюе, хаця прафесія ў яе зусім не мастацкая — фасоўшчык, аператар ЭВМ.
Не важна, якую ты асвоіш прафесію — важней быць разнастайным у жыцці. Вікторыі падабаецца пазнаваць жыццё ва ўсёй яго прыгажосці, здаецца, падарожнічала б, пабывала б у розных заморскіх краінах. Ды няма ні магчымасці, ні часу. Чалавек заўсёды абмежаваны ў магчымасцях, але ён павінен знаходзіць час для самарэалізацыі.
Вікторыя разумее — зараз трэба сканцэнтравацца на паступленні, прыкласці ўсе намаганні. Трэба болей займацца профільнымі прадметамі, рыхтавацца да тэстаў. Самакрытычна ацэньвае сябе, кажа, што, можа, і недастаткова ўвагі надае вучобе. Што ж, разумее. Значыць пастараецца. Думаю, што ўсё ў яе атрымаецца, вельмі жадаю, каб атрымалася.
На здымках: Вікторыя Іванова.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.