Леанід Пашкевіч з Лепеля лічыць, што лепей сёння атрымаць рубель, чым заўтра не атрымаць дзесяць

118  Хто займаўся капітальным рамонтам, таму блізкае па сэнсе вядомае выказванне пра тое, што рамонт у хаце раўназначны стыхійнаму бедству. Жарты жартамі, аднак набегаешся. Сам ведаю, бо зараз з палёгкаю на душы ўспамінаю мінулы год, калі гэтае самае «стыхійнае бедства» напаткала і мяне. Мала таго, што патрэбны немалыя грошы. Патрэбна яшчэ і досвед мець — што, дзе і як лепей набыць, колькі і якога трэба матэрыялу. Набыць неабходнае, прама скажам, зараз не праблема, а вось правесці рамонт рацыянальна і якасна, не затраціўшы лішняга, укласціся ў асабісты бюджэт — тут, асабліва дылетанту, без дапамогі не абысціся.

Тое, пра што зараз кажу, актуальна для многіх, калі не для большасці.  Набыць не праблема. Магазіны поў­няцца будматэрыяламі, паліцы крамаў ломяцца ад разнастайнасці, прадпрымальнікі канкурыруюць між сабою і з дзяржгандлем. А вось за што набыць — задача, асабліва калі «фінансы спяваюць рамансы». Вось і бегаеш ад крамы да крамы, выбіраеш, параўноўваеш, прыцэньваешся. Большасць «перабудоўшчыкаў» так робіць, бо пакупніцкая здольнасць у насельніцтва, прама скажам, невысокая.

Шмат чаго для рамонту набываў у краме Пашкевічаў: поліпенастэрол, цэмент, шпалеры, фарбу, лак паркетны, вугалкі, электратавары і г.д. Ёсць такая крама трохпавярховая па вуліцы Партызанскай. Тут зручна, бо амаль усё на месцы можна знайсці і, што немалаважна, знайсці па прымальнай цане. Прыемны і той факт, што прадаўцы не стаяць за прылаўкам для інтэр’еру, а ўсё табе раскажуць, пакажуць, падлічуць,  прапануюць прымальныя варыянты дастаўкі і аплаты.

Чаму ў Пашкевічаў танней? Ну не ўсё, вядома. Бывала, што і ў іншых крамах даводзілася набываць. Аднак у цэлым танней аказвалася ў Пашкевічаў. Чаму?

21 сакавіка 001Адказ на гэтае пытанне атрымаць не спяшаўся, за клопатамі часу не было. І толькі калі ўжо рамонт завяршыўся, упершыню сустрэўся з заснавальнікамі ТАА «Беллепельзабеспячэнне» Леанідам і Вольгай Пашкевічамі.

У іх сямейны бізнэс. Вольга Сяргееўна адначасова з’яўляецца і дырэктарам магазіна. У гэтай жа сферы працуе і дачка.

 *  *  *

Цікава было даведацца, як усё пачыналася. А пачыналася даўно, яшчэ ў пачатку перабудовы. Выпускнік СШ №3 Лёня Пашкевіч раптам надумаў ехаць паступаць у Смаленск у філіял Маскоўскага энергетычнага інстытута. Там у вёсцы «на бульбе» пазнаёміўся з расіянкаю. Вольга таксама вучылася ў інстытуце. Яшчэ студэнтамі пажаніліся, і Пашкевіч прывёз расіянку ў Лепель.

Часіны былі няпростыя. Вялікая краіна перастала існаваць, маленькая — Беларусь —толькі станавілася на ногі. Сямейным бізнэсам заняліся, каб выжыць, тым болей, што сям’я расла. Зараз у Пашкевічаў — чацвёра дзяцей.

Пачыналі з невялікага шапіка, дзе гандлявалі дробнымі электратаварамі. Затым у розныя часіны мелі гандлёвыя кропкі ў прыватным доме па Савецкай, у сталовай тэхнікума, на плошчах былога КБА. І вось ужо некалькі гадоў маюць вялікі магазін па вуліцы Партызанскай.

— Тут можна набыць практычна ўсе матэрыялы для рамонту і будаўніцтва дома, уцяплення фасаду і г.д., — расказвае Вольга. — На любы выбар ёсць матэрыял для пакрыцця даху — ад шыферу да модных зараз бітумных гонтаў, больш вядомых пад назвай кацепал. А таксама кампаненты для мантажу сістэмы вода­праводу, ацяплення, радыятары, газавыя і цвёрдапаліўныя катлы. Вялікі выбар аддзелачных матэрыялаў, шпалераў, фарбы. Прычым фарбу мы можам змешваць на месцы і рабіць любы колер па заказе пакупніка.

— Якім чынам?

— Адмыслова для гэтага закупілі дарагія коштам калоры і ўстанавілі аўтамат, які робіць камп’ютарны набор неабходнага колеру.

— Напэўна, такая фарба дарагая?

— Не сказала б. Ва ўсякім разе, танней, чым самім набываць дарагія калоры.

Тым часам пытаюся ў Леаніда, аб чым даўно збіраўся запытацца:

— Чаму ў вас многія тавары танней, чым у іншых?

— Я прытрымліваюся такога правіла: лепей атрымаць рубель сёння, чым не атрымаць дзесяць заўтра, — кажа Леанід Аляксандравіч. — Такая арыфметыка бізнэсу. Трэба заўсёды лічыцца з пакупніцкімі здольнасцямі людзей. Бізнэсмэн ад гэтага толькі выйграе, а сквапнасць згубіла не толькі фраера.

— Якім чынам вы дасягаеце паразумення з пакупніком?

— Па-першае, мы часта практыкуем зніжкі. Пачатак іх дзеяння будзе дадаткова надрукаваны ў газеце. Прапануем цэлую сістэму вясенніх зніжак практычна на ўсе тавары, апрача некаторых буйнагабарытных.

— Для каго зніжкі?

— Зніжаем цэны для ўдзельнікаў войнаў, пенсіянераў, шматдзетных сем’яў, навасёлаў. І даволі істотна: ад пяці да дзесяці працэнтаў. Аднак гэта не азначае, што іншыя катэгорыі пакупнікоў застануцца абдзеленымі.

— Чаму?

— Таму што з пакупні­ком заўсёды трэба і можна дамаўляцца. Гэта ж рынак, і ў залежнасці ад закупкі можна па дамоўленасці з кожным рабіць індыві­дуальныя зніжкі, ад якіх выйграем як мы, так і нашы кліенты. Так што калі вы прыйшлі ў магазін і ўбачылі цэннік, не спяшайцеся сыходзіць у пошуках таннейшага. Цэннік — не вердыкт, а прадмет для пачатку перамоў з пакупніком.

— А як з дастаўкаю?

— Завозім. Па горадзе — бясплатна, калі пакупка звыш мільёна рублёў, а ў астатніх выпадках — па дамоўленасці з пакупніком і ў залежнасці ад магчымасцей нашага транспарту. Для дастаўкі выкарыстоўваем тры МАЗы і тры грузавыя мікрааўтобусы.

— Наколькі гарантавана якасць вашага тавару і якога ён паходжання?

— Увесь тавар сертыфікаваны і дзесьці працэнтаў на шэсцьдзясят паходжання беларускага. Яго мы набываем непасрэдна ў вытворцаў і з’яўляемся іх афіцыйнымі дылерамі.

— Праца ў будаўнічай краме мае сваю спецы­фіку. Прадавец павінен быць кампетэнтным у пытаннях будаўніцтва, павінен умець зрабіць разлік. Вытворцы часта да нас наведваюцца і праводзяць з работнікамі магазіна адукацыйныя семінары.

— Якія формы разліку практыкуеце?

— Як наяўны, так і безнаяўны, працуем па крэдытах банку, пры стабільнай эканамічнай сітуацыі не выключаем і продаж у растэрміноўку.

— Ці прымаеце тавар назад?

— Так. Акрамя адмыслова замоўленага. Былі выпадкі, што нават нявыкарыстаную фарбу вярталі, калі тара была некранутая і не сышоў тэрмін прыгоднасці. Усе прэтэнзіі стараемся вырашаць на карысць пакупніка.

 Уладзімір МІХНО.

 На здымках: Леанід Пашкевіч;  менеджар па продажы Юрый Еўтушэнка ў «Будмаркеце» прапануе фарбу і лакі на любы густ; Аксана Пруднік дапамагае ў магазіне «Аптовы» выбраць шпалеры.

 Фота аўтара.

21 сакавіка 014 21 сакавіка 008

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.