Лепельская лясная пасада

OLYMPUS DIGITAL CAMERAІванаў бацька нейкі час пасля вайны ляснічым быў, а пасля — аб’ездчыкам. Была такая раней пасада ў лясніцтвах. Вырас у найпрыгажэйшых мясцінах на Іслачы — на ўзлессі, ля рэчкі, быў заядлым рыбаком у дзяцінстве. У Іслачы водзіц¬ца харыус і фарэль. Лавіць іх адно задавальненне. Бярэ ледзьве не на паверхні вады — на камара, на конікаў і без грузіла. А калі ўжо падчэпіш, аж вудачка гнецца. Бацька быў цесляром добрым. На ўсе рукі майстар, зрубы рубіў, а вокны, шафы, серванты, стулы выходзілі з-пад яго майстравітых рук арыгінальныя, можна сказаць, уні¬кальныя. Мэбля ручной працы!


Рыбалку Іван з часам закінуў. Справа ў тым, што ў мясцінах, дзе жыве ён зараз, у Валосавічах, азёр не так і шмат. Бацькава цяслярская майстравітасць сыну перадалася: зрубіў Іванавіч дома лазеньку, змайстраваў гаражык. Праўда, не так багата часу мае на справы цяслярскія. Праца яго лясная, так што болей з прыродай сябруе. У вольную часіну займаецца садам. Яблычкі ў яго такіх гатункаў, што ледзьве не да наступнага лета захоўваюцца.
Ну, а ў лес чаму з асцярогаю ходзіць? Гэта асабліва ўлетку бывае, калі там шмат выпадковага люду з’яўляецца. Ідзеш і глядзіш, каб дзе што не засмылела, не запалала. Іван Іванавіч добра ведае, што такое пажар у лесе, прычынай якога можа стаць неасцярожна кінутая цыгарэта, непатушанае вогнішча. Ды ці мала?! Не забыць яму дзевяноста другі год, калі гарэлі Кашчынскае, Красналуцкае і Стайскае лясніцтвы, і ён дапамагаў арганізоўваць тушэнне пажару. Былі тры буйныя ачагі загарання, тушыць было надзвычай складана, бо гарэў торф.
Любіць ён лес. Ды калі б не любіў, хіба атрымаўся б з яго добры ляснічы? Людзі лясной прафесіі, як мне здаецца, павінны мець добрую душу, бо лясное паветра гаючае, сама атмасфера ў лесе не толькі аздараўляе чалавека фізічна, яна і душу лечыць-гоіць.
Закончыўшы Валожынскую дзесяцігодку, Іван паступіў на факультэт лясной гаспадаркі Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага інстытута. Па заканчэнні размеркавалі ў Лепельскі лясгас — ляснічым у Валосавіцкае лясніцтва. У семдзясят шостым годзе з тэхнікі мелі толькі трактар. Людзі дабіраліся на працу на конях. У лясніцтве мелася ці не восем коней, працавала каля дваццаці чалавек. Самі, як коні, працавалі, бо народу катастрафічна не хапала. Зарплата лесніка была значна меншая, чым даход калгаснага працаўніка. Абходы былі вялікія, яшчэ на саманарыхтоўках працаваць даводзілася. Таму людзі не затрымліваліся, збягалі, на працу не выходзілі. Трэба было паралельна з лясной справай весці выхаваўчую работу.
У восемдзесят чацвёртым Івана Іванавіча выбіраюць старшынёй Валосавіцкага сельсавета. Потым нейкі час працаваў у лясгасе інжынерам па лесаўзнаўленні, вырошчваў саджанцы і кантраляваў па лясніцтвах пытанні лесаўзнаўлення.
Аднак жа дарога вымотвае. Неўзабаве Іода вярнуўся ў сваё, стаўшае ўжо родным. Спачатку працаваў памочнікам ляснічага, а тры гады таму зноў яго ўзначаліў.
Даўно ўжо Новыя Валосавічы сталі для яго і сям’і маленькай Радзімай. Тут хата — вы¬дзелілі ў восемдзесят пятым ім новы катэдж. Жонка Зінаіда Паўлаўна працуе настаўніцай. З бацькамі жыве сын Мікалай, а малодшы Андрэй пайшоў лясной сцяжынкай бацькі, уступіўшыся ў яго след. Цяпер ён майстар у Слабадскім лясніцтве. Зусім нядаўна Іван Іванавіч стаў дзядулем, унучцы Сафійцы яшчэ і года няма. Хутка на пенсію. Завіхацца б ля яблынек сваіх, ля маліны, якой так шмат у са¬дзе, ля кветкавых клумбаў. Толькі ці адпусціць гаспадар-лес, якому так аддана служыць ён доўгія гады і дзеля якога жыве.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: Іван Іванавіч Іода.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.